Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь — найвышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь у 1991—1996. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканадаўчай улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі РБ.
Старшыні Вярхоўнага Савета: Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч (в.а. да 9.9.1991 — 26.1.1994) Вячаслаў Мікалаевіч Кузняцоў (в.а. 26.1.1994 — 28.1.1994) Мечыслаў Іванавіч Грыб (28.1.1994 — 6.1.1996) Сямен Георгіевіч Шарэцкі (10.1.1996 — 27.11.1996)
Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканадаўчым органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці ВС, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярхоўнага Савета. Для арганізацыі работы Вярхоўнага Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі.
Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спецыяльныя і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, вызначэнне асноўных кірункаў унутранай і міжнароднай палітыкі Рэспублікі Беларусь, іншыя пытанні.
Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь».
Дзейнасць Вярхоўнага Савета спынена 27 лістапада 1996 года ў выніку праведзенага рэферэндума і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Палата Прадстаўнікоў, створаная па выніках правядзення рэферэндуму 1996 года не была прызнана міжнароднай супольнасцю ў якасці беларускага парламента. Да 2000 года — тэрміну, калі скончыліся паўнамоцтвы Вярхоўнага савета 13-га склікання, менавіта ён быў прадстаўлены ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Паўнамоцтвы Да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета належалі:
прыняцце і змена Канстытуцыі; прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем; тлумачэнне Канстытуцыі і законаў; прызначэнне рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта, дэпутатаў Вярхоўнага Савета і мясцовых Саветаў; фарміраванне асноўных органаў судовай і фінансавай улады; зацвярджэнне рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленне падаткаў і збораў, кантроль за грашовай эмісіяй; ратыфікацыя і дэнансацыя міжнародных дамоў; прыняцце рашэнняў аб амністыі, аб'яўленне вайны і заключэнне міру; вызначэнне ўнутранай і знешняй палітыкі, ваеннай дактрыны, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання; устанаўленне дзяржаўных узнагарод, званняў і класных чыноў; роспуск мясцовых Саветаў дэпутатаў у выпадку парушэння імі заканадаўства.
Вярхоўны Савет таксама мог вырашаць іншыя пытанні ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
Галасаванне на пасяджэннях адбывалася асабіста кожным дэпутатам. Законы і пастановы лічыліся прынятымі, калі за іх прагаласавала большасць выбраных дэпутатаў. Прынятыя законы накіроўваліся на подпіс Прэзідэнту ў дзесяцідзённы тэрмін.
З ліку дэпутатаў выбіраліся Старшыня Вярхоўнага Савета, Першы намеснік і намеснікі Старшыні. Таксама ўтвараліся пастаянныя камісіі і іншыя органы, якія займаліся падрыхтоўкай законапраектаў, папярэднім разглядам пытанняў і кантролем за выкананнем законаў. Пры неабходнасці маглі стварацца следчыя, рэвізійныя і іншыя часовыя камісіі.
Літаратура
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года.
Гл. таксама Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Спіс дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Катэгорыя:З’явіліся ў 1991 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1996 годзе Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (пасля 1990 года)
Катэгорыя:Скасаваныя аднапалатныя органы заканадаўчай улады