Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР, , OECD) — міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае развітыя краіны, што прызнаюць прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі. Яна была створана ў 1948 годзе як Арганізацыя еўрапейскага эканамічнага супацоўніцтва (АЕЭС) дзеля дапамогі рэалізацыі Плана Маршала па рэканструкцыі Еўропы пасля Другой сусветнай вайны. Пазней удзел у арганізацыі быў дазволены і для нееўрапейскіх краін, і ў 1961 годзе АЕЭС была ператвораная ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

Мэты і дзейнасць Арганізацыя прадстаўляе сабой платформу для ўрадаў для абмену досведам, дыскусіі па актуальных пытаннях, каардынацыі ўнутранай і знешняй палітыкі. Гэта міжнародны форум для пабудовы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі і ўрадамі, выпрацавання базы для двух- і шматбаковых пагадненняў.

Арганізацыяй абмену інфармацыі і аналізам займаецца сакратарыят АЭСР у Парыжы, які збірае інфармацыю, займаецца маніторынгам, аналізам, прагнозам эканамічнага развіцця. Таксама сакратарыят займаецца даследаваннямі грамадства і даследаваннямі эканамічных мадэляў, экалогіі, сельскай гаспадаркі, падаткаў і іншых сфер.

АЭСР мае на мэце спрыяць урадам у падвышэнні ўзроўню жыцця праз эканамічны рост, забеспячэнне фінансавай стабільнасці, інвестыцыі, развіццё гандлю, тэхналогій, прадпрымальніцтва і міжнароднага супрацоўніцтва. Яна дапамагае забяспечваць арганічнасць эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама абароны навакольнага асяроддзя.

Ужо больш за 40 гадоў АЭСР з’яўляецца адной з буйнейшых і найбольш надзейных крыніц параўнальнай статыстычнай інфармацыі і аналізу. Базы даных АЭСР ахопліваюць сістэму нацыянальных рахункаў, розныя эканамічныя індыкатары: працоўная сіла, міграцыя, гандаль, энергетыка, ахова здароўя, прамысловасць, падаткі, адукацыя, навакольнае асяроддзе. Шмат матэрыялаў па даследаваннях і аналізу публікуецца ў інтэрнэце і друку выдавецтвам OECD PublishingPublishing — OECD.

За апошняе дзесяцігоддзе АЭСР таксама актыўна наладжвала супрацоўніцтва з бізнесам, прафесійнымі саюзамі і іншымі прадстаўнікамі грамадскай супольнасці.

Сярод іншага, АЭСР актыўна займаецца праблемай карупцыі. У лютым 1999 года ўступіла ў сілу Канвенцыя АЭСР па барацьбе з карупцыяй.

Генеральны сакратар З 1996 года сакратарыят АЭСР узначальваўся канадцам Донам Джонстанам. З 1 чэрвеня 2006 года генеральным сакратаром быў абраны мексіканскі эканаміст Хасэ Анхель Гурыя, з 1 чэрвеня 2021 года — аўстралійскі палітык бельгійскага паходжання Маціас Корман.

Члены Станам на 2021 год арганізацыя мае 38 паўнапраўных членаў, з іх 24 апісваюцца ў справаздачы Сусветнага банка за 2003 год як краіны з развітой рыначнай эканомікай.

Краіны-заснавальнікі (1961): ЗША Аўстрыя Бельгія Вялікабрытанія Іспанія Грэцыя Данія Ірландыя Ісландыя Італія Канада Люксембург Нарвегія Нідэрланды Германія Турцыя Францыя Швейцарыя Швецыя Партугалія Далучыліся пазней (з годам далучэння): Японія (1964) Фінляндыя (1969) Аўстралія (1971) Новая Зеландыя (1973) Мексіка (1994) Чэхія (1995) Венгрыя (1996) Паўднёвая Карэя (1996) Польшча (1996) Славакія (2000) Чылі (2010) Славенія (2010) Ізраіль (2010) Эстонія (2010) Латвія (2016) Літва (2018) Калумбія (2020) Коста Рыка (2021) Мальта падала заяву на ўступленне 24 верасня 2005.

Рэспубліка Кітай мае статус назіральніка ў двух камітэтах АЭСР, але з-за спрэчнага статусу гэтай дзяржавы не з’яўляецца паўнапраўным сябрам арганізацыі.

Камісія Еўрапейскага саюза ўдзельнічае ў працы АЭСР побач з асобнымі краінамі ЕС.

Спасылкі Вэб-сайт АЭСР

Катэгорыя:Міжнародныя арганізацыі Катэгорыя:Міжнародныя эканамічныя арганізацыі