Каралеўства Конга (Wene wa Kongo, Kongo dya Ntotila) — гістарычная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Сфарміравалася меркавана ў канцы XIV ст. Праіснавала да 1914 г.

Займала тэрыторыі поўначы сучаснай Анголы, захаду і цэнтральнай часткі Рэспублікі Конга. У пэўныя перыяды ў залежнасці ад Каралеўства Конга знаходзіліся дзяржаўныя ўтварэнні на захадзе сучаснай Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Сталіцай з’яўляўся горад Мбанза-Конга (Сан-Сальвадор) на тэрыторыі сучаснай Анголы. Асноўнае насельніцтва прадстаўляў народ баконга.

Першыя манархі мелі тытул маніконга (правадыры Конга). З 1556 г. зацвердзіўся тытул кароль, так мясцовыя манархі зваліся ў дыпламатычнай перапісцы з еўрапейскімі манархамі. У 1491 г. яны афіцыйна прынялі каталіцызм, таму Каралеўства Конга часцяком называюць першай хрысціянскай дзяржавай на поўдзень ад экватара. Каралеўства Конга адыграла значную ролю ў развіцці гандлёвых стасункаў паміж Афрыкай і еўрапейскімі калоніямі ў Паўднёвай Амерыцы, у тым ліку ў гандлі рабамі.

Гісторыя

Ранняя гісторыя Да кантактаў з еўрапейцамі ў дзяржаве Конга не было пісьмовасці, і гісторыя перадавалася ў вуснай форме, таму перыядызацыя пачатку яе існавання мае ўмоўны характар. Даследчыкі мяркуюць, што продкі баконга з’явіліся ў Цэнтральнай Афрыцы ў сярэднявеччыKongo Tribe: Tribal People of Africa. Яны ўмелі здабываць і апрацоўваць металы, вырабляць кераміку, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам. Згодна паданням, да фарміравання адзінай дзяржавы тут ўжо існавалі дробныя дзяржаўныя ўтварэнні.

Заснавальнікам каралеўства і першым вярхоўным правадыром маніконга лічыцца Лукені луа Німі, што жыў на мяжы XIII ст і XIV ст або на мяжы XIV ст. і XV ст. У паданнях баконга ён маляваўся ці то як паважаны рамеснік, ці то як правадыр атрада воінаў. Лукені луа Німі здолеў аб’яднаць вакол сябе значныя тэрыторыі на поўдзень ад ракі Конга і парадніцца з дробным манархам Мані Кабунга. Паколькі ўлада перадавалася толькі па лініі маці, то род Кілукені, заснаваны Лукені луа Німі, атрымаў законную магчымасць кіраваць заваяванымі тэрыторыямі і пашыраць іх. Цэнтрам новай дзяржавы стаў горад Мбанза-Конга, пабудаваны на добра ўмацаваным узвышшы. Лукені луа Німі стварыў для падданых адзіныя законыLaGamma, А. Kongo: Power and Majesty. / Alisa LaGamma and contributors. — New York: The Metropolitan Museum of Art, 2015.

К канцу XV ст. маніконга завершылі асноўны этап сваёй экспансіі. Яны кантралявалі землі ўздоўж атлантычнага узбярэжжа ад ракі Конга на поўначы да ракі Кванза на поўдніPRE-COLONIAL AFRICAN KINGDOM OF KONGO: ONCE A GREAT COLOSUS. У залежнасці ад іх знаходзіліся суседнія дзяржавы Матамба, Ндонга, Лаонга, Нгоё, Каконга, і інш.

Хрысціянізацыя

У 1482—1488 гг. у выніку трох экспедыцый мараплаўца Дыёгу КауDiogo Cão — Portuguese Explorer партугальцы адкрылі і даследавалі вусце ракі Конга і ўсталявалі кантакты з Каралеўствам Конга. У 1488 г. адбылося афіцыйнае пасольства маніконга Нзінга Нкуву ў ПартугаліюMancall, P. The Atlantic World and Virginia, 1550—1624. — UNC Press Books, 2012. P. 202. У 1491 г. атрад партугальцаў аказаў дапамогу маніконга ў задушэнні паўстання на поўначы краіны. 3 мая 1491 г. адбылося хрышчэнне Нзінга Нкуву і яго бліжэйшых паплечнікаў. У Мбанза-Конга пачалося будаўніцтва першага касцёла. Такім чынам Каралеўства Конга стала першай дзяржавай на поўдзень ад экватара, дзе пачало распаўсюджвацца хрысціянства.

Прыняцце маніконга хрысціянства не азначала хуткай еўрапеізацыі афрыканскай краіны. Нзінга Нкуву двойчы адракаўся ад яго і памёр паганцам. Адданасць новай веры захаваў толькі Мвемба а Нзінга, адзін з яго сыноў. У 1506 г. пасля смерці бацькі і вайны з малодшым братам Пансу а Кітыму ён захапіў уладу і абвясціў сябе каралём Афонсу IAfonso I . Хрысціянскі манарх распачаў рэформы, што спрыялі паглыбленню адносін з Партугаліяй: адкрыў школу на 400 вучняў, запрашаў да сябе місіянераў з Еўропы, пашыраў гандлёвыя сувязі, у тым ліку гандаль рабаміKongo HISTORICAL KINGDOM, AFRICA. Менавіта Афонсу I і яго бліжэйшыя нашчадкі пачалі шырока выкарыстоўваць тытул кароль. Яго ўжывалі ва ўнутраных дакументах, а таксама ў дыпламатычнай перапісцы з Партугаліяй. У 1513 г. кангалезскі прынц Энрыке наведаў Рым і быў пасвечаны як біскуп Утыкі. Такім чынам ён стаў першым чарнаскурым іерархам Рымска-Каталіцкай ЦарквыHenrique (Dom). Самастойная кангалезская дыяцэзія з цэнтрам у Мбанза-Конга была створана толькі ў 1596 г.

Шчыльныя ўзаемаадносіны з Партугаліяй і Рымам мелі спрэчныя наступствы. З аднаго боку, яны значылі ўцягненне Конга ў міжнародны гандаль, з’яўленне новых сельскагаспадарчых культур і тавараў, распаўсюджанне адукацыі. Партугальская карона і рымскія папы заўсёды падкрэслівалі сваю павагу ў адносінах да чарнаскурых манархаў. У афіцыйнай перапісцы каралі Партугаліі называлі іх братамі і падкрэслівалі роўнасць. Аднак ужо падчас кіравання Афонсу I ў каралеўстве Конга з’явілася шмат партугальцаў — місіянераў, гандляроў, прадстаўнікоў каралеўскіх улад, наёмнікаў і авантурыстаў. Яны не выказвалі павагі адносна мясцовых традыцый і законаў, дзейнічалі ў сваіх карыслівых інтарэсах. Многія місіянеры ўдзельнічалі ў гандлі рабамі, заключалі пагадненні з мясцовымі правадырамі, што саслабляла цэнтральныя ўлады. Місіянеры прымалі ўдзел у змовах супраць каралёў. У 1555 г. з Конга былі высланы езуітыNzinga Mpudi. Саслабленне каралеўскай улады ў Конга непакоіла партугальскіх манархаў, якія перыядычна выдавалі загады, што павінны былі абмежаваць усёдазволенасць іх падданых, імкнуліся манапалізаваць гандаль рабамі, але іх загады на месцах не выконваліся.

Падпарадкаванне Партугаліі

У 1568 г. пачалося нашэсце на Конга з усходу і поўдню шматлікіх яга. Згодна з партугальскімі крыніцамі, яга ўяўлялі сабой ваенныя атрады, куды маглі ўваходзіць прадстаўнікі розных народаў. Яны спавядалі паганства і абвінавачваліся ў канібалізмеJosé Rivair Macedo, Jaga, Cannibalism and the «Guerra Preta»: the Mbangalas, between the european myth and the social realities of Central Africa in the XVII century. Па меркаванні сучасных даследчыкаў, яга маглі быць выхадцамі з дзяржавы Лунда. Нашчадкамі спусташальнікаў часам называюць народ яка. Нашэсце аказалася надзвычай спусташальным. Малады кароль Алвару I быў вымушаны пакінуць Мбанза-Конга і схавацца на адным з астравоў ракі Конга. Сталіца была разрабавана. У краіне пачаліся голад і эпідэміі.

Алвару I звярнуўся да партугальскага караля Афонсу V з запытам аб дапамозеKongo HISTORICAL KINGDOM, AFRICA. У 1570 г. у Конга прыбыў атрад партугальскіх салдат і добраахвотнікаў на чале з Франсіску дэ Гавея. Ён разграміў асноўныя сілы яга, аб’яднаў армію Конга і вярнуў Мбанза-Конга. Алвару I быў вымушаны фармальна прызнаць сябе васалам партугальскай кароны і перадаць правы на Луанду. У 1575—1579 гг. армія Конга нават удзельнічала ў вайне партугальцаў супраць Ндонга. У далейшым Алвару I і яго нашчадкі імкнуліся пазбавіцца ад фармальнай залежнасці ад Партугаліі шляхам перагавораў з рымскімі папамі. Але сітуацыя толькі пагоршылася, калі Партугалія трапіла ў падпарадкаванне Габсбургаў. Філіп II лічыў Конга сваім неад’емным валоданнем, замінаў кантактам з папамі і праводзіў палітыку задавальнення інтарэсаў партугальскіх каланістаў. У Конга забаранялася ўвозіць агнястрэльную зброю, не дазвалялася будаваць там крэпасці еўрапейскага тыпу і прамысловыя аб’екты.

У 1622 г. губернатар Луанды адкрыта выступіў супраць Каралеўства Конга і з дапамогай наёмнікаў-яга нанёс паражэнне каралеўскай арміі. Многія ваеннапалонныя-хрысціяне былі прададзены ў рабстваThornton, J., Mosterman, A. A Re-Interpretation of the Kongo-Portuguese War of 1622 According to New Documentary Evidence. // The Journal of African History, 2010. Vol. 51. P. 237—238.. Гэта выклікала канфлікт паміж Урбанам VIII і Філіпам IV. Філіп быў вымушаны пайсці на некаторыя саступкі, арганізаваў расследаванне і даў дазвол на пашырэнне місіянерскай дзейнасці ў Конга.

Кароль Гарсія II (1641—1661 гг.) пачаў перагаворы з галандцаміKingdom of Kongo 1390—1914 South African History Online. Каб набыць агнястрэльную зброю, ён падпісаў з імі гандлёвае пагадненне, але адмовіў у дазволе на місіянерскую дзейнасць кальвіністаў. Найбольш актыўны гандаль з галандцамі адбываўся да 1648 г., калі Галандская Ост-Індская кампанія захапіла Луанду. Армія Конга таксама ўдзельнічала ў вайне з партугальцамі. Пасля вяртання Луанды партугальцы абвінавацілі Гарсія II у супрацоўніцтве з ворагам і пад пагрозай ваеннага ўварвання прымусілі ў 1651 г. падпісаць новае пагадненне. Яно прадугледжвала шчодрыя грашовыя кампенсацыі, тэрытарыяльныя саступкі і абмежаванні ў правах на знешнія зносіны, у тым ліку з Рымам. У 1665 г. кароль Антоніу I, сын Гарсія II, загінуў у бітве супраць мяцежнікаў, падтрыманых партугальцаміEncyclopedia of African Colonial Conflicts. Vol. 1. / Ed. by Timothy J. Stapleton. — ABC-CLIO, 2016. P. 460.. З-за нязгоды паміж валадарамі правінцый аб прызначэнні адзінага караля ў Конга пачалася працяглая грамадзянская вайна, калі свае правы на трон абвяшчалі адразу некалькі прэтэндэнтаў. Сталіца Мбанза-Конга была спустошана і пакінута жыхарамі.

У 1704 г. да аднаго з прэтэндэнтаў на каралеўскі трон Педру IV з’явілася жанчына Беатрычэ, якая нібы прыняла дух Святога Антонія. Яна запатрабавала вярнуцца ў Мбанза-Конга, арганізаваць справядлівыя выбары караля і адраджэнне цэнтралізаванай дзяржавы. Паколькі жанчына дзеяла цуды, замілаваны Педру IV падпарадкаваўся і паслаў сваіх прэтэндэнтаў да супернікаў і валадароў правінцый. Аднак тыя адмовіліся весці з ім перагаворы. Беатрычэ і яе прыхільнікі самастойна занялі пакінутую сталіцу і распачалі актыўную місіянерскую дзейнасць з заклікамі адраджэння адзінай дзяржавы, барацьбы супраць паганцаў і ачышчэння хрысціянства ад фетышызму. Супраць «антаніянскай ерасі» выступіла Рымска-Каталіцкая Царква, але яна хутка набывала папулярнасць сярод жыхароў розных правінцый. У 1706 г. Педру IV захапіў Беатрычэ ў палон і пасля судовага працэсу загадаў спаліць яе. Пасля гэтага пачаўся пераслед антаніянцаў, якія адказвалі паўстаннямі. У 1708 г. паўстанне антаніянцаў прывяло да гібелі валадара адной з прыбярэжных правінцый, які лічыўся галоўным супернікам Педру IV. У 1709 г. Педру IV заняў Мбанза-Конга і абвясціў сябе адзіным каралёмА. С. Орлова. История государства Конго (XVI—XVII века). — М.: Наука, 1968. — С. 129—137..

У далейшым, каб захоўваць цэнтралізаваную ўладу, Педру IV і іншыя каралі Конга былі вымушаны ствараць фракцыі з найбольш магутных высакародных сем’яў, якім перадавалі значныя прывілегіі. Каралі паступова пазбаўляліся сваіх эканамічных манаполій. Яны траплялі ў рукі родавых аб’яднанняў макандаMacGaffey, W. Kongo Political Culture: The Conceptual Challenge of the Particular. — Indiana University Press, 2000., што часцяком дзейнічалі насуперак каралеўскай уладзе і традыцыйным валадарам. У 1839 г. пад ціскам Вялікабрытаніі партугальскі ўрад забараніў гандаль рабамі на поўдзень ад экватара. Гэта пазбавіла каралёў Конга адной з найбольш важных крыніц прыбыткаў. Аднак неафіцыйны гандаль рабамі працягваўся. Ад каралеўскай манаполіі ён канчаткова перайшоў да маканда. У сярэдзіне XIX ст. родавыя аб’яднанні адкрыта ўмешваліся ў барацьбу за каралеўскую ўладу.

У 1857 г. каралём стаў падтрыманы маканда Педру V. Для перамогі над іншымі прэтэндэнтамі ён звярнуўся за ваеннай дапамогай да ўладаў Луанды і атрымаў яе. Наўзамен Педру V прызнаў Каралеўства Конга залежным ад Партугаліі і даў дазвол на размяшчэнне партугальскага гарнізона ў сталіцы. У 1888 г. ён яшчэ раз пацвердзіў залежнасць ад Партугаліі, якая была занепакоена магчымасцю прэтэнзій з боку іншых каланіяльных краін. Апошні кароль Мануэль III (1911—1914 гг.) быў вымушаны пагадзіцца на перадачу партугальцам значных тэрыторый, што выклікала народнае паўстанне. Яно было задушана партугальскімі салдатамі, пасля чаго незалежнасць Каралеўства Конга была фактычна ліквідаванаVos, J. Kongo in the Age of Empire, 1860—1913: The Breakdown of a Moral Order. — University of Wisconsin Press, 2017..

Дзяржава