Антон Паўлавіч Яленскі (, ), , в. , Мазырскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Петрыкаўскі раён Рэспублікі Беларусь — , , Віленская губерня, Расійская імперыя, — грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

Паходжанне і сям'я Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Новагародскім ваяводстве і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе і займалі высокія земскія пасады.

Нарадзіўся ў сям'і буйнога землеўласніка Мазырскага павета Мінскай губерні Паўла Янавіча Яленскага (1776—1842) і Барбары Лянкевіч, якая таксама як і Яленскія паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Мазырскага павета ВКЛ. Бацька Павел валодаў у Мазырскім павеце маёнткамі Жыткавічы, Людзяневічы і Капаткевічы (ленны маёнтак), у якіх у 1814 налічвалася 742 рэвізскія душы, а ў 1835 — рэвізская душа, і служыў па выбары шляхты Мазырскага павета на пасадзе мазырскага павятовага харунжага (1811—1812), старшыні мазырскага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817), старшыні мазырскага павятовага суда (1817—1820) і старшыні мазырскага грамнічага апеляцыйнага суда. У 1826 упамінаецца, што Павел Яленскі валодаў і маёнткам Дудзічы (285 душ, 97 двароў) у Рэчыцкім павеце — па пераўступленаму закладному праву ад маянткоўцаў Бабруйскага павета Алаіза і Людвіка Быкоўскіх, выданаму і прызнанаму 6 лютага 1823. Павел Яленскі таксама быў членам масонскіх лож, створаных у пачатку XIX ст. на беларускіх земляхШвед, В. В. Масоны і ложы… С.237..

Родным братам Антона быў Ян Паўлавіч Яленскі (1809—пасля 1848), які прымаў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў: паехаў служыць у апалчэнні паўсталай арміі Царства Польскага, у бітве з расійскімі войскамі быў узяты ў палон, але, у канечным выніку, паводле манаршага распараджэння яму было дадзена дараванне. У 1833—1838 Ян Паўлавіч Яленскі, разам з Напалеонам Феліксавічам Яленскім, быў членам таемнага таварыства дваран у Мазырскім павеце, якое было створана па ініцыятыве Д. Булеўскага, эмісара князя Адама-Ежы Чартарыйскага, які ўзначальваў «арыстакратычную партыю» польска-ліцвінскай эміграцыі ў Парыжы. Пасля арышту і следства ў Вільні ў 1838 Ян Яленскі быў прылічаны да чацвёртай катэгорыі дзяржаўных злачынцаў і асуджаны на высылку па пастаяннае месца жыхарства «ў аддаленыя губерні» пад паліцэйскі нагляд без пазбаўлення дваранскага статусу і з мажлівасцю карыстацца прыбыткамі належачых яму маёнткаў. Цікава, што ў 1839, падчас следства над Янам Яленскім у Вільні, бацька Павел Яленскі прасіў вызваліць сына ад адказнасці, бо Ян шмат год хварэе «меланхоліяй» і з такой хваробай не можа быць дзейным удзельнікам таемнага таварыства. Да зварота было дададзена пісьмовае сведчанне доктара медыцыны і хірургіі стацкага саветніка Спасовіча, які сцвярджаў, што ў 1828 лячыў Яна Яленскага, які доўга пакутаваў «вар'яцтвам розуму рознапрадметным (mania vagans)». Яшчэ адно сведчанне, дзе сцвярджалася, што Ян Яленскі «пакутваў вар'яцтвам розуму», даў доктар медыцыны і хірургіі МяноўскіЛуговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 308.. Напэўна, гэта быў для бацькі спосаб пазбегнуць адказнасці для сына.

Антон Яленскі ажаніўся з Сабінай Леапольдаўнай Дыбоўскай (1820—1912), дачкой сярэднезаможнага шляхціца Мінскага павета Леапольда Тадэвушавіча Дыбоўскага і Ганны Янаўны з Яленскіх, і меў дзевяць дзяцей (Браніслава, Вітальда, Паўла, Марыяна, Эдварда, Адама, Рамуальда, Эмілію і Казіміру).

Быў стрыечным братам Напалеону Феліксавічу Яленскаму (1810—1883), маянткоўцу Мазырскага павета, аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

Службовая дзейнасць у Мазырскім павеце Валодаў роднай польскай мовай, а таксама рускай, беларускай і французскай. Маючы толькі хатнюю адукацыю, Яленскі сваю службу пачаў і працягваў у родным павеце: 23 сакавіка 1837 паступіў на службу канцылярыстам мазырскага павятовага суда, 26 лістапада 1840 па ўласным прашэнні перамешчаны ў тым жа званні канцылярыста ў штат канцылярыі мазырскага павятовага маршалка (якім быў у 1838—1841 яго сваяк Вінцэнт Ігнатавіч Лянкевіч), 29 снежня 1839 атрымаў чын калежскага рэгістратара са старшынствам, а 8 мая 1843 па ўласным прашэнні звольнены са службы, што, у тым ліку, было выклікана смерцю бацькі. Быў у адпуску з 5 ліпеня 1842 на 2 месяцы (у Санкт-Пецярбургу).

Пасля смерці бацькі Антон Яленскі быў уласнікам маёнтка Капаткевічы і часткі маёнтка Людзяневічы ў Мазырскім павеце, дзе ў 1844—1850 мелася паводле рэвізіі 856 рэвізскіх душ і каля 5 000 дзесяцін зямлі, маёнтка Дунайчыцы ў Слуцкім павеце (каля 1 500 дзесяцін), і маёнтка Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні (каля 2 000 дзесяцін). Купіў прыватны дом у Вільні, дзе выхоўваліся яго дзеці.

Пасля перапынку ў службе і заняцця гаспадаркай ва ўласным маёнтку, 29 сакавіка 1844 быў выбраны шляхтай Мазырскага павета на пасаду дэпутата па наглядзе за правільным продажам гарачых напояў у Мазырскім павеце, а 23 верасня 1844 — пераабраны падчас дваранскіх выбараў у Мінску на тую ж пасаду і адначасова «кандыдатам» (намеснікам) на пасаду мазырскага павятовага маршалка, якім тады з'яўляўся ў 1844—1847 Юліян Францавіч Кеневіч. Быў у адпуску з 10 лютага 1845 на 28 дзён у Віленскай губерні, з 4 ліпеня 1846 на 8 дзён і 27 мая 1847 на 28 дзён — у Валынскай губерні.

У верасні 1847 у Мінску на дваранскіх выбарах губернскае дваранства (пасля прапановы Эміля Паўлавіча Аскеркі, Антона Паўлавіча Яленскага і Сабеслава Юзафавіча Бярновіча) выступіла з рэзалюцыяй пра жаданне скасавання прыгону, што сустрэла рэзкую адмоўную рэакцыю царскіх улад. На тых жа дваранскіх выбарах 23 верасня 1847 у Мінску пасля Кеневіча мазырскім павятовым маршалкам быў выбраны Атон Ігнатавіч Горват на 3 гады і зацвержданы на гэтай пасадзе мінскім губернатарам (1844—1850) Аляксеем Васільевічам Сямёнавым (1799—1864). Паводле балаціроўкі калежскі сакратар Атон Горват атрымаў усе 24 абіральныя балы (галасы), а яго канкурэнты калежскі рэгістратар Антон Паўлавіч Яленскі — 22 абіральныя балы і 2 неабіральныя, адстаўны паручнік Казімір Тадэвушавіч Замайскі — 19 абіральных і 5 неабіральных балаў (галасоў). Пасаду мазырскага павятовага маршалка Горват не займаў, бо быў выбраны дваранамі губерні на тых жа дваранскіх выбарах у 1847 на пасаду мінскага губернскага маршалка (губернскага прадвадзіцеля) і зацверджаны 30 верасня 1847 на гэтай пасадзе губернатарам. На вакансію мазырскага павятовага маршалка быў зацверджаны не наступны першы кандыдат Антон Яленскі (не меў адпаведнай 10-гадовай выслугі на кароннай службе), а другі кандыдат на гэту пасаду (паводле выбару дваранства ад 23 верасня 1847) Казімір Тадэвушавіч Замайскі, які 24 красавіка 1848 (з-за разладжанага здароўя паводле ўласнага прашэння ад 3 студзеня 1848) быў звольнены з гэтай пасады.

На экстраардынарных дваранскіх выбарах у Мазыры 29 мая 1848 павятовае дваранства выбрала калежскага рэгістратара Антона Паўлавіча Яленскага ўсімі 12 абіральнымі баламі на пасаду мазырскага павятовага маршалка. Аднак мінскі губернатар (1844—1850) Аляксей Васільевіч Сямёнаў (1799—1864) 13 верасня 1848 не зацвердзіў гэты выбар дваран, бо Яленскі не праслужыў належных поўных 10 год на кароннай службе для заняцця такой пасады як павятовы маршалак, а іншыя кандыдаты падчас выбараў — калежскі асэсар Юзаф Андрэевіч Снядэцкі (атрымаў 10 абіральных і 2 неабіральных балаў) і былы член мазырскага павятовага камітэта па наглядзе за правільным продажам гарачых напояў Ян Антонавіч Лянкевіч (7 абіральных і 3 неабіральных балы) — не могуць быць выбраны, бо Снядэцкі не прадставіў свой фармулярны спіс аб службе, а Лянкевіч знаходзіўся пад следствам. Сямёнаў прасіў мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894) аб распараджэнні правесці новыя выбары ў Мазыры для выбрання кандыдатаў на гэту пасаду. На што Горват паведаміў губернатару, што прызначыў выбары мазырскага павятовага маршалка на 15 студзеня 1849, а пакуль выконваў у 1847—1850 абавязкі маршалка мазырскі павятовы суддзя Лаўрэнцій Яўхімавіч Богуш. Дарэчы, Атон Горват быў блізкім сваяком Яленскага, бо сястра апошняга Ганна Паўлаўна Яленская стала жонкай Станіслава Ігнатавіча Горвата (1804—пасля 1876), рэчыцкага павятовага маршалка (1863—1872), роднага брата Атона Горвата.

Аднак пасада мазырскага павятовага маршалка заставалася вакантнай да студзеня 1852, а па сутнасці да 14 мая 1852. На чарговых дваранскіх выбарах у Мінску 11 снежня 1850 на пасаду мазырскага павятовага маршалка на кадэнцыю 1850—1853 дваранамі павета зноў быў выбраны Антон Паўлавіч Яленскі. У ходзе галасавання, у якім удзельнічаў 21 дваранін (некаторыя дваране па пісьмовай даверанасці мелі права галасаваць за іншых), галасы сярод трох кандыдатур размеркаваліся наступным чынам: 1) калежскі рэгістратар Антон Паўлавіч Яленскі атрымаў 21 абіральны і 5 неабіральных балаў (быў выбраны маршалкам); 2) адстаўны паручнік кірасірскага палка Казімір Тадэвушавіч Замайскі атрымаў 19 абіральных і 7 неабіральных балаў (выбраны першым кандыдатам на пасаду мазырскага павятовага маршалка); 3) былы мазырскі павятовы харунжы Антон Юзафавіч Яблонскі атрымаў 17 абіральных і 9 неабіральных (выбраны другім кандыдатам на пасаду мазырскага павятовага маршалка). Яленскі выканаў прысягу для заступлення на пасаду. Аднак у сакавіку 1851 віленскі ваенны генерал-губернатар (1850—1855) Ілля Гаўрылавіч Бібікаў, разглядзеўшы прадстаўленыя фармулярныя спіскі аб службе, не зацвердзіў канчаткова Яленскага на пасадзе маршалка як не праслужыўшага 10 год абавязковай кароннай службы, а зацвердзіў наступную кандыдатуру — Казіміра Замайскага, які такую выслугу меў. Гэтая акалічнасць стала прычынай шматмесячнай цяганіны па вызначэнні мазырскага павятовага маршалка.

У маі 1851 у сваім лісце віленскаму ваеннаму генерал-губернатару Бібікаву Казімір Замайскі выказваўся, што не можа прыняць пасаду з-за хваробы (пра якую ён ужо паведамляў генерал-губернатару ў 1847), недахопу сродкаў выхоўваць сваіх дзяцей і малазаможнасці, каб адпавядаць выгляду і званню павятовага маршалка. 14 чэрвеня 1851 мінскі губернскі маршалак Атон Горват паведаміў віленскаму ваеннаму генерал-губернатару, што ў Мазырскім павеце (акрамя Змайскага, які не жадае заступаць на пасаду павятовага маршалка) няма ў цяперашні час іншых дваран, якія б адпавядалі патрабаванням закона аб 10-гадовай кароннай службе, і прасіў, каб для Мазырскага павета, які ўжо на працягу трох год з'яўляецца дрэнным у адміністрацыйных адносінах, была зроблена паблажка і каб быў зацверджаны на пасадзе маршалка Антон Паўлавіч Яленскі. Але генерал-губернатар 21 ліпеня 1851 адхіліў прапанову Горвата аб зацвярджэнні Яленскага і загадаў прапанаваць Замайскаму неадкладна заступіць на пасаду, хоць і даць мажлівасць апошняму падаць просьбу аб звальненні. У выніку, 13 лістапада 1851 Атон Горват прасіў выконваючага абавязкі мазырскага павятовага маршалка мазырскага павятовага суддзю правесці новыя выбары кандыдатаў на пасаду мазырскага павятовага маршалка.