Škoda Felicia () — легкавы аўтамабіль чэшскай кампаніі Škoda Auto. Выпускаўся з 1994 па 2001 год. Канструктыўна прадстаўляў сабой глыбока мадэрнізаваны Škoda Favorit. Першая мадэль Škoda, якую яна выпусціла пасля ўваходжання ў склад канцэрна Volkswagen Group.

Усяго выраблена 1 401 489 аўтамабіляў усіх мадыфікацый. Машыны выпускаліся на заводах у Млада Болеславе, Врхлабі і Квасінах, таксама збіраліся ў Сараеве (Боснія) і Познані (Польшча).

Гісторыя Škoda Felicia была распрацавана ў межах глыбокага рэдызайну мадэлі Favorit (унутранае абазначэнне 781). Спачатку да мадэрнізацыі дызайнеры Шкоды прыступілі сумесна з атэлье Bertone, якое раней удзельнічала і ў распрацоўцы Фаварыта. Першая гіпсавая мадэль была створана італьянскай майстэрняй у 1989 годзе. Мадэль атрымала абазначэнне Š 791. Неўзабаве пасля гэтага была распрацавана дакументацыя для аўтамабіля з кузавам седан, якому быў прысвоены код Š 792. Прататып седана атрымаў імя «Felicia», якое адсылала да кабрыялета пачатку 1960-х гадоў. Škoda 792 была пабудавана на падлозе Škoda Forman (785), і меркавалася выкарыстоўваць аснову ўніверсала без сур’ёзных змен. Новы седан меў пярэднія фары меншага памеру, а ніжняя частка бампера была афарбаваная ў колер кузава. Аўтамабіль атрымаў дзвярныя ручкі размешчаныя вышэй, спойлер на багажніку і новае вечка заліўной гарлавіны бензабака. Felicia павінна была пераняць рухавік OHV 1,3 л ад Favorit, але таксама рыхтавалі новыя агрэгаты OHC з алюмініевым блокам: меншы аб’ёмам 1375 см³ (61 к.с.), большы 1595 см³ (75 к.с.) і на паперы была яшчэ версія 1,6 DOHC магутнасцю 109 к.с. У пачатку красавіка 1990 года новае кіраўніцтва Шкоды спыніла праект «з-за нявызначанасці з інвестыцыямі і рэалізацыяй» і на гэтым супрацоўніцтва з італьянскім атэлье скончылася.

Дызайн наступнага прататыпа распрацаваў Вацлаў Капух (). Мадэль мела закругленую насавую частку, новыя фары, дзверы багажніка іншай формы і новыя заднія ліхтары. Пры гэтым для машыны разглядаліся два варыянты бакавін: першы захоўваў серыйныя дзверы ад Favorit, другі варыянт атрымаў цалкам згладжаны профіль і аб тым, што першапачаткова гэта быў Favorit, нагадвалі толькі вуглаватыя аконныя рамы і вонкавае люстэрка задняга выгляду.

У 1991 годзе, пасля ўваходжання Шкоды ў склад Volkswagen Group, канструктары працягнулі працу над мадэрнізацыяй у Вольфсбургу. Дызайн кузава Вацлава Капуха быў адхілены кіраўніцтвам канцэрна і перавагу аддалі працы Петэра Кнапа, а Вацлаў Капух распрацаваў інтэр’ер і версію пікап.

Такім чынам у канструкцыю было ўнесена некалькі сотняў змен. Ранейшымі засталіся толькі асноўныя агрэгаты (сілавая канструкцыя кузава, базавы рухавік, трансмісія), а ўсе астатнія дэталі (вонкавыя панэлі кузава, інтэр’ер, дэталі падвескі і шмат іншае) былі новымі. Новыя заднія ліхтары дазволілі пашырыць праём багажных дзвярэй і апусціць яго да бампера, панізіўшы пагрузачную вышыню.

5 верасня 1994 года вытворчасць хэтчбэкаў Škoda Felicia пачалася на заводзе ў Врхлабі, а 17 кастрычніка вытворчасць пачалі на заводзе ў Млада Болеславе. Афіцыйная прэм’ера адбылася 26 кастрычніка ў Празе.

8 сакавіка 1995 года пачалася зборка Феліцыі на заводзе Volkswagen Poznań (Познань, Польшча).

У чэрвені 1995 года на аўтасалоне ў Брно быў прадстаўлены ўніверсал Felicia Combi (пераемнік мадэлі Forman). У жніўні дэбютаваў пікап.

У 1995 годзе з’яўляецца мадыфікацыя рухавіка 1,3 з размеркаваным упырскам MPI, а з 1996 года ў шэраг дадаліся рухавікі Volkswagen: бензінавы 1,6 л і дызельны 1,9 л.

У 1996 годзе Felicia была мадэрнізавана: быў узмоцнены кузаў, імабілайзер усталяваны ў стандартнай камплектацыі, былі ўдасканаленыя старцёр і модуль запальвання і іншае.

На аўтасалоне ў Пекіне ў 1996 годзе Škoda абвясціла аб заключэнні пагаднення аб зборцы Škoda Felicia і Škoda Felicia Combi ў Шыцзячжуані (правінцыя Хэбэй, КНР). Пачаць планавалася з першай партыі са 100 аўтамабіляў Škoda Felicia LX, якія адправілі ў Кітай у кантэйнерах у SKD-форме (напаўразабраныя). Аднак пасля першай сотні аўтамабіляў праект не быў працягнуты.

+ 1994 1995 1996 Felicia Pickup Разам з Pick-Up папярэдняга пакалення

У 1997 годзе пачалася вытворчасць VanPlus і Felicia Fun.

У 1998 годзе быў праведзены рэстайлінг. Пярэдняя частка была зроблена ў агульным стылі з мадэллю Octavia. Бамперы сталі больш масіўнымі і пафарбаванымі ў колер кузава. Акрамя таго, новыя бамперы зрабілі аўтамабіль крыху даўжэй (хэтчбек — на 28 мм і на 32 універсал). У салоне абнавілася цэнтральная кансоль, з’явіўся новы руль, палепшылася шумаізаляцыя. Гідраўзмацняльнік руля стаў уваходзіць у стандартнае абсталяванне для аўтамабіляў з рухавікамі 1,6 MPI і 1,9 D.

У 1998 годзе пачалася зборка машын у Сараеве (Боснія і Герцагавіна).

У 2000 годзе скончана вытворчасць у Млада Болеславе, у 2001 годзе ў Квасінах.

Апошні хэтчбек быў выраблены 20 чэрвеня 2001 года. Было выраблена 915 853 хэтчбекі і 351 895 універсалаў.

+ Статыстыка вытворчасці ў 1997—2001 гг 1997 1998 1999 2000 2001 Felicia Felicia Combi Pickup Felicia Fun — Felicia Vanplus —

Агляд

Felicia прапаноўвалася з двума базавымі тыпамі кузава: пяцідзверны хэтчбек і ўніверсал.

Хэтчбэк Felicia на 4 см даўжэй «Фаварыта» і ў параўнанні з папярэднікам прапаноўваў больш прасторы для экіпажа, лепшую эрганоміку і аб’ём багажніка большы на 21 літр.

Універсал меў арыгінальнае рашэнне: ад хэтчбэка ён адрозніваўся падоўжанай задняй навіссю 350 мм; сама ж задняя частка, багажныя дзверы і ліхтары пры гэтым былі такія ж самыя як і ў хэтчбека.

хэтчбек Felicia універсал Felicia Combi Даўжыня, мм 3855 4215 Шырыня, мм 1635 Вышыня, мм 1415 Колавая база, мм 2450 Дарожны прасвет, мм 120 Аб’ём багажніка, л 272-967 447-1366 Аб’ём паліўнага бака, л 42/47

Рухавікі Felicia маглі абсталёўвацца як рухавікамі ўласнай распрацоўкі Škoda (1,3 л), так і рухавікамі Volkswagen (1,6; 1,9 л).

Рухавікі Škoda 135 і 136: з алюмініевымі блокам і галоўкай цыліндраў, з ніжнім размяшчэннем размеркавальнага вала са штангавым прывадам клапанаў, ланцужным прывадам ГРМ. Акрамя карбюратара (ліцэнзійны карбюратар Pierburg) маглі абсталёўвацца ўпырскам паліва. Напачатку яны не адрозніваліся ад тых, што ставіліся на Favorit: мелі цэнтральны ўпырск Bosch Monomotronic, характарыстыкі былі такія самыя. Пасля таго, як набыў моц стандарт выкідаў Еўра-2, у 1996 годзе рухавікі былі мадэрнізаваныя і атрымалі сістэму размеркаванага ўпырску Siemens Simos P2. Замест цэнтральнай фарсункі цяпер у кожнага цыліндра была свая. Гэтае змяненне запатрабавала таксама рэканструкцыі ўпускнога калектара і іншых дапрацовак. Магутнасць заставалася ранейшай — 40 і 50 кВт, але павялічыўся круцільны момант, які яшчэ і дасягаўся на больш нізкіх абаротах, а менавіта 99 Н·м пры 2500 аб/хв (на версіі 135i) і 106 Н·м пры 2600 аб/хв (на версіі 136i). У такім выглядзе рухавікі выпускаліся да заканчэння вытворчасці Felicia.

Рухавікі Volkswagen вядомыя па мадэлях Golf III і Polo III: бензінавы 1,6-літровы рухавік магутнасцю 75 к.с. і 1,9-літровы атмасферны дызель магутнасцю 64 к.с.

Усе версіі Felicia былі абсталяваны каталітычным нейтралізатарам.

+ Рухавік Тып Сілкаванне Дыяметр цыліндра × Ход поршня Ст. сціску Магутнасць Макс. круцільны момант 0-100 км/г Макс. хуткасцьБензінавыя Š 781.135 Р4 1,3 л (1289 см³) карбюратар 75,5 мм × 72 мм 8,8:1 58 к.с. (43 кВт) пры 5000 аб/хв 94 Н·м пры 3000 аб/хв 15 с 145 км/г Š 781.135 B Р4 1,3 л (1289 см³) аднакропкавы ўпырск 75 мм × 72 мм 9,5:1 54 к.с. (40 кВт) пры 4500 аб/хв 94 Н·м пры 3250 аб/хв 18 с 151 км/г Š 781.136 B Р4 1,3 л (1289 см³) аднакропкавы ўпырск 75 мм × 72 мм 9,5:1 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв 100 Н·м пры 3750 аб/хв 16 с 155 км/г Š 781.135 M Р4 1,3 л (1289 см³) размеркаваны ўпырск 75 мм × 72 мм 9,0:1 54 к.с. (40 кВт) пры 4500 аб/хв 99 Н·м пры 2500 аб/хв 15,5 с 155 км/г Š 781.136 M Р4 1,3 л (1289 см³) размеркаваны ўпырск 75 мм × 72 мм 9,7:1 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв 106 Н·м пры 2600 аб/хв 13,5 с 162 км/г AEE 1.6 MPI Р4 1,6 л (1598 см³) размеркаваны ўпырск 76 мм × 86,9 мм 9,8:1 75 к.с. (55 кВт) пры 4500 аб/хв 135 Н·м пры 3500 аб/хв 12 с 170 км/г Дызельны AEF 1.9 D Р4 1,9 л (1896 см³) упырск 79 мм × 95,5 мм 22,5:1 64 к.с. (47 кВт) пры 4300 аб/хв 124 Н·м пры 2500 аб/хв 16,5 с 156 км/г

Шасі Незалежна ад версіі рухавіка аўтамабілі абсталёўваліся 5-ступеньчатай механічнай каробкай перадач. Перадатачныя лікі: I — 3,31; II — 1,92; III — 1,27; IV — 0,93; V — 0,72; задні ход — 2,92; галоўная перадача — 4,16. Прывад на пярэднія колы.

Падвеска спераду — незалежная, тыпу МсPherson, з ніжнімі трохкутнымі рычагамі. У параўнанні з «Фаварытам» вугал развалу пярэдніх колаў змяніўся на адмоўны. Задняя падвеска — паўзалежная, з пругкай папярочнай бэлькай, падоўжнымі рычагамі, спружынамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці.

Пасля таго, як у маторны шэраг дадалі цяжэйшыя рухавікі Фальксвагена 1.6 MPI і асабліва дызельны 1.9 D, у Felicia паўстала праблема трываласці кузава, таму Škoda стала ўсталёўваць распорку ў маторным адсеку для павелічэння жорсткасці на кручэнне. Гэтыя версіі таксама атрымалі пярэдні стабілізатар папярочнай устойлівасці.

Тармазы: з узмацняльнікам, спераду — дыскавыя, ззаду — барабанныя.

Камплектацыі

Ад пачатку выпуску аўтамабіль прапаноўваўся ў двух варыянтах камплектацый: стандартнай LX і палепшанай GLX, якая адрознівалася наяўнасцю тахометра на прыборнай панэлі (у базавай камплектацыі на яго месцы быў гадзіннік), супрацьтуманнымі фарамі, велюравай абіўкай сядзенняў, кнопкай дыстанцыйнага адчынення багажных дзвярэй і падзеленымі заднімі сядзеннямі. Акрамя гэтага, Felicia магла быць абсталявана электрычным рэгуляваннем люстэркаў, цэнтральным блакаваннем замкоў, электрападаграваннем сядзенняў, кандыцыянерам, ABS, падушкамі бяспекі. Камплектацыі LXi і GLXi мелі больш магутны рухавік.

Толькі на машыны з рухавіком VW 1,6 маглі адначасова ўсталёўвацца і гідраўзмацняльнік руля і кандыцыянер. Версія з рухавіком VW 1,9 D мела ўзмацняльнік у стандартнай камплектацыі, але ў яе не магло быць кандыцыянера. Для мадыфікацый з рухавіком Шкода 1,3 магчыма было выбраць толькі адну з гэтых опцый.

Пасля рэстайлінгу 1998 года прайс-ліст быў уключаў версіі LX, LX special і GLX.

Спецыяльныя серыі За час выпуску быў створаны шэраг спецыяльных серый. Іх асноўным адрозненнем былі розныя варыяцыі дадатковага абсталявання, а часам і каляровае афармленне экстэр’ера ці інтэр’ера. Вонкава адзначаліся налепкамі на кузаве.

«Atlanta» на базе камплектацыі LX была прысвечана Летнім Алімпійскім гульням 1996 года, што праходзілі ў Атланце (ЗША). Гэты варыянт быў даступны ў кузавах хэтчбэк і ўніверсал выключна ў зялёным, белым або чырвоным колеры. Усе машыны мелі рухавік 1,3 BMM (50 кВт). У абсталяванне ўваходзілі 14-цалёвыя лёгкасплаўныя дыскі, аўтамагнітола Blaupunkt, падушка бяспекі кіроўцы, тахометр з лічбавым гадзіннікам, цэнтральны тунэль і іншыя элементы. Акрамя таго, пакупнік атрымліваў падарункі з сімволікай Алімпійскіх гульняў і Škoda.

«Color Line» таксама была заснаваная на камплектацыі LX, пры гэтым асноўная ўвага надавалася цікавейшаму каляроваму афармленню. Напрыклад, першая серыя Color Line прапаноўвала афарбоўку кузава ў жоўты колер Fun або сіні Laguna. Ручкі дзвярэй і вонкавыя люстэркі таксама афарбоўваліся ў колер аўтамабіля. Абіўка ўнутры была жоўтай, сіняй ці нават камбінацыяй жоўтага, сіняга, чырвонага і зялёнага. Да базавага абсталявання дадаліся чатырохспіцавы руль, падзеленае задняе сядзенне, супрацьтуманныя фары.

На базе камплектацыі LX таксама былі выпушчаныя версіі «Family», абсталяваная дадатковымі месцамі для захоўвання і функцыямі бяспекі, і «Mystery», у якую былі дададзены некаторыя элементы з больш высокага абсталявання GLX і спецыяльныя аксэсуары. Напрыклад, рэгуляваныя па вышыні пярэднія сядзенні, храміраваная выхлапная труба, цэнтральны замок з дыстанцыйным кіраваннем і сігналізацыяй ці электрапрывад пярэдніх шыбаў і вонкавых люстэркаў. Аўтамабілі серыі Mystery былі афарбаваны выключна ў зялёны металік Майскі або фіялетавы колер Esprit.