Але́сь Карлюке́віч, поўнае імя Алякса́ндр Мікала́евіч Карлюке́віч () — беларускі краязнавец, літаратуразнавец, журналіст, дзяржаўны службовец, прапагандыст рэжыму Лукашэнкі.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2017—2020). Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2022).

Біяграфія Бацька — Мікалай Карлюкевіч, рабочы калгаса, маці — па нараджэнні Ладуцька, настаўніца малодшых класаў. Выхаваннем Алеся займалася старэйшая на 5 гадоў сястра Людміла. У пачатковую школу Алесь Карлюкевіч хадзіў у Зацітавай Слабадзе, сярэднюю скончыў у Пухавічах.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1985) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2002). У 1981—1995 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Працаваў у газетах «Звязда» (1995—1998), галоўным рэдактарам «Чырвонай змены» (1998—2002), супрацоўнікам «Советской Белоруссии» (2002—2006). У 2006—2011 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». Адначасова ў 2009—2011 гадах галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», што ўваходзіла ў склад названай установы.

8 лістапада 2011 года прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда». З лістапада 2012 года — адначасова выканаўца абавязкаў, са снежня 2012 — дырэктар-галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда». З кастрычніка 2011 года адначасова старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (да 2016 года).

15 снежня 2016 года стаў намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, 28 верасня 2017 года — міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Звольнены з пасады міністра 4 чэрвеня 2020 года. З ліпеня 2020 года — галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка».

20 жніўня 2020 года зноў прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда» і дырэктарам выдавецкага дома «Звязда».

Член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. 22 сакавіка 2022 года на з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч абраны старшынёй пісьменніцкай арганізацыі. Пры старшынстве Алеся Карлюкевіча аддзелам секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі прызначаны кіраваць прапагандыст Андрэй Мукавозчык. Са снежня 2024 года дырэктар выдавецтва «Беларусь».

У студзені 2025 года, напярэдадні выбарчай кампаніі 2025 года, прэзентавана кніга пра Лукашэнку «Наш Президент», аўтараства Алеся Карлюкевіча, Аляксандра Радзькова, Наталлі Эйсмант, Уладзіміра Пярцова. Кнігу разглядаюць як элемент пабудовы культу асобы Лукашэнкі.

Творчасць Аўтар шэрагу краязнаўчых кніг. У тым ліку: «Вяртанне да… Беларусі» (1994) «За Цітаўкаю — Слабада» (1997) «Літаратурная карта Пухаўшчыны» (1998) «Далёкія і блізкія суродзічы» (1999) «Ігуменскі блакнот» (2000) «Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна» (2000) «І векавечны толькі край» (2000) «Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняе» (2001) «Былое маё ажывае» (2002) «Блонь» (2007, у сааўтарстве з Б. Зубкоўскім) «Зацітава Слабада» (2007) «Сцежкамі Ігуменшчыны» (2008) «Старонкі радзімазнаўства: Мясціны. Асобы. Краязнаўчыя нарысы» (2013) «Прыгоды Шубуршуна» (2013) «Новыя прыгоды Шубуршуна» (2014) «Братэрства» (2014) «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры» (2015) «Роднымі сцяжынкамі» (2019) «Ігуменскі павет (Падарожжа па родным краі)» (2020) «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі» (2023) «Наш Президент» (2025, у суаўтарстве з А. Радзьковым, Н. Эйсмант, У. Пярцовым)

Погляды У красавіку 2019 года ў інтэрв’ю газеце «Народная Воля» выказаўся супраць пашырэння беларускай мовы: «Усе магчымыя меры пашырэння, заканадаўчыя ініцыятывы адносна ўсталявання, кантролю і гэтак далей нічога не прынясуць, акрамя гарачых спрэчак у грамадстве. Моўная рэчаіснасць у Беларусі склалася такая, якая склалася…».

У час выступлення на Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі ў канцы 2023 года станоўча ацаніў членства ў арганізацыі прапагандысткі рэжыму Лукашэнкі Людмілы Гладкай: «смелая журналістка, смелая жанчына, якая пабывала і ў гарачых кропках, як кажуць, на лініі агню. І, магчыма, дадасць новае разуменне таму, што адбываецца ў свеце, шмат каму, хто заглыбіўся ў паэтычны разгляд адно толькі прыродных з’яў».

Узнагароды Прэмія Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро». Літаратурная прэмія «Залаты купідон». Расійская літаратурная прэмія імя Валянціна Пікуля. Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Медаль Францыска Скарыны (2021).

Крыніцы

Літаратура Карп А. Жывыя паштоўкі // Роднае слова. — 2010, N 5. — С. 111. Марціновіч А. Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. — Мн.: БелЭН, 2003. — С. 397. Чыгрын С. Па Беларусі з «Радзімазнаўствам». // Маладосць, 2011. — N 11. — С. 72 — 73.

Спасылкі

Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Галоўныя рэдактары газеты «Звязда» Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Галоўныя рэдактары газеты «Чырвоная Змена» Катэгорыя:Міністры інфармацыі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Пухавіцкага раёна Катэгорыя:Намеснікі міністраў Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Залаты Купідон»