Генры Спенсер Мур (, 30 ліпеня 1898, Кастлфорд, Заходні Ёркшыр — 31 жніўня 1986, Хартфордшыр) — брытанскі мастак і скульптар.
Біяграфічныя звесткі Вучыўся ў мастацкім коледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі коледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у мастацкіх школах Чэлсі і Слейда. Член-заснавальнік мастацкай групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933).
Творчасць Зазнаў уплыў старажытнай мексіканскай пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маці і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутранай структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манументальна-дэкаратыўнай скульптуры: скульптурныя групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваенным будням Лондана (1-я пал. 1940-х).
Прызнанне Пасля Другой сусветнай вайны працы Мура набылі сусветнае прызнанне, яны прадстаўлены ў найбуйнейшых музеях розных краін. Ён узнагароджаны Ордэнам За заслугі, Ордэнам кавалераў Славы. Прах мастака спачывае ў лонданскім Саборы Святога Паўла.
Літаратура
Grigson G. Henry Moore. London, 1944. Hall D. Henry Moore. The life and work of a great sculptor. New York, 1960. Read H. Henry Moore. A study of his life and work. New York; Washington, 1966. Berthoud R. The life of Henry Moore. London; Boston, 1987. О своем творчестве рассказывает скульптор Генри Мур // Англия. 1975. № 2. С. 82—93.
Спасылкі
Катэгорыя:Мастакі Вялікабрытаніі Катэгорыя:Скульптары Вялікабрытаніі