Беларуская дыялектная мова — сукупнасць мясцовых тэрытарыяльных разнавіднасцей беларускай мовы. Дыялектная мова складаецца з шэрага мясцовых тэрытарыяльных гаворак, што сфарміраваліся ў агульнаўсходнеславянскі і ўласнабеларускі гістарычныя перыяды і адрозніваюцца паміж сабой некаторымі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Паводле падабенства мясцовыя гаворкі аб’ядноўваюцца ў групы, дыялекты і дыялектныя зоны.

Агульная характарыстыка Гаворкі беларускай народна-дыялектнай мовы адрозніваюцца адна ад адной лексікай, характарам акання, наяўнасцю цвёрдага [р] ва ўсякім становішчы або ў пэўных умовах, або змешваннем цвёрдага [р] з мяккім, наяўнасцю або адсутнасцю дыфтонгаў, дзекання і цекання, змешвання [ч] і [ц] і г.д., а таксама з’яўляюцца змешанымі гаворкамі па суседстве з украінскімі, паўночна- і паўднёварускімі.

У XIX — пачатку XX стагоддзя дыялектная мова стала асновай сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Асаблівасці дыялектаў найбольш адлюстроўваюцца ў мове сельскага насельніцтва. Аднак у сувязі з яго інтэнсіўным пераразмеркаваннем разбураюцца тэрытарыяльныя аднароднасць груп гаворак і дыялектныя межы. Для апошніх дзесяцігоддзяў XX — пачатку XXI стагоддзя характэрны працэсы актыўнага ўздзеяння літаратурнай мовы (найперш рускай) на беларускую дыялектную мову, праз што знікаюць некаторыя істотныя асаблівасці мясцовых гаворак.

Даследаванні Вялікі ўклад у вывучэнне асаблівасцей гаворак беларускай мовы ўнёс акадэмік Расійскай Імператарскай Акадэміі навук Яўхім Карскі. Пасля Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і педагагічнымі інстытутамі савецкай рэспублікі было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак беларускай мовы ў дзяржаўных межах БССР. На аснове сабраных матэрыялаў быў складзены падрабязны «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», не ўсе мовы свету і нават не ўсе мовы Еўропы маюць такія навуковыя працы ў галіне дыялекталогіі.

Класіфікацыя гаворак Існуе дзве групоўкі гаворак: этнагенетычная і культурна-гістарычная.

Этнагенетычная групоўка гаворак Этнагенетычная групоўка грунтуецца на адзінстве паходжання гаворак ад агульнай старажытнай асновы. Згодна з этнагенетычнай групоўкай беларуская дыялектная мова падзяляецца на два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні дыялект і паўднёва-заходні дыялект.

Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і «размывання» берагоў супрацьлеглых дыялектаў на іх стыку (у выніку змешвання іх «прыбярэжных» гаворак і ўзаемаўплыву). Паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты разам з групай сярэднебеларускіх гаворак складаюць асноўны масіў гаворак беларускай нацыянальнай мовы.

Мясцовыя беларускія гаворкі асноўнага масіву характарызуюцца і аб’ядноўваюцца значнай колькасцю структурных адметнасцей. Найбольш істотнымі і яркімі з’яўляюцца фанетычныя асаблівасці: цвёрдыя і мяккія зычныя гукі перад галоснымі [э] і [ы]/[і]: се́сці, клець, пе́ршы, сэ́рца, бэз, гэ́бель, зэ́длік, лі́па, лы́ка, ві́лы, вы́рай; дзеканне і цеканне: дзень, дзя́дзька, цецяру́к, цяля́; зычны гук [ў]: пра́ўда, жыў, воўк; толькі цвёрдыя зычныя гукі [ж], [ш], [ч]: жы́та, шэсць, печ; цвёрды зычны гук [ц]: цэ́лы, ме́сяц; пратэтычныя зычныя гукі [в] або радзей [γ] перад галоснымі [о], [у] у пачатковым становішчы ў складзе: во́сень, ву́ліца, паву́к; аканне/яканне, недысімілятыўнае або дысімілятыўнае;

Характэрнымі і паказальнымі для гаворак асноўнага масіву з’яўляюцца таксама: асабовыя займеннікі ён, яна, яно, яны з пачатковым зычным [й]; указальныя займеннікі гэ́ты або е́ты з пачатковым зычным [γ] або [й]; той або тэй; формы мае́, твае́, свае́ прыналежных займеннікаў у родным склоне адзіночнага ліку жаночага роду: мае́ дачкі́, твае́ сястры́, свае́ галавы́; формы майго́, твайго́, свайго́ ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду: майго́ бра́та, твайго́ сы́на, свайго́ чалаве́ка; канчатак -у або -е ў месным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду: аб сы́ну, па бра́ту або аб сы́не, па бра́це; чаргаванне [z’] — [ž] у асабовых формах дзеясловаў: ты хо́дзіш, ён хо́дзіць, але я хаджу́; ты сядзі́ш, ён сядзі́ць, але я сяджу́; мяккі зычны [ц’] у формах 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку дзеясловаў: ён ро́біць, хо́дзіць, но́сіць і яны ро́бяць, хо́дзяць, но́сяць; формы дзеясловаў у інфінітыве з асновай на галосныя з канцавым зычным [ц’]: рабі́ць, сядзе́ць, быць, браць, піса́ць.

Асноўны масіў беларускіх гаворак супрацьпастаўляецца заходнепалескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай дыялекту беларуска-ўкраінскага моўнага сумежжа, выяўляючы пры гэтым перавагу ўкраінскіх рыс у фанетыцы і беларускіх — у марфалогіі і лексіцы.

Культурна-гістарычная групоўка гаворак Культурна-гістарычная групоўка асноўваецца на моўных рысах, сфарміраваных у больш позні гістарычны перыяд свайго развіцця ў выніку разнастайных кантактаў з прадстаўнікамі іншых этнасаў.

У адпаведнасці з культурна-гістарычным прынцыпам адрозніваюць паўночна-заходнюю, паўднёва-ўсходнюю, заходнюю, усходнюю і цэнтральную дыялектныя зоны.

Этнагенетычная класіфікацыя У беларускай мове вылучаюць наступныя дыялекты і групы гаворак:

Паўночна-ўсходні дыялект — Віцебская вобласць, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўскай вобласці. Віцебская група гаворак — усход Віцебскай вобласці. Полацкая група гаворак — заходняя і цэнтральная часткі Віцебскай вобласці і паўночны захад Магілёўскай вобласці. Усходнемагілёўская група гаворак — усход і частка цэнтра Магілёўскай вобласці. Сярэднебеларускія гаворкі — паласа праз поўнач Гродзенскай, цэнтр Мінскай, паўднёвы захад Магілёўскай і паўночны ўсход Гомельскай абласцей. Паўднёва-заходні дыялект — Гродзенская вобласць, поўдзень Мінскай вобласці і Гомельскай вобласці. Гродзенска-баранавіцкая група гаворак— Гродзенская вобласць і поўнач Брэсцкай вобласці. Слуцкая група гаворак — поўдзень і паўднёвы ўсход Мінскай вобласці, паўночны захад Гомельская вобласці. Мазырская група гаворак — поўдзень Гомельскай вобласці. Заходнепалескія гаворкі — паўднёвы захад Брэсцкай вобласці. Таксама варта зазначыць, што арэал распаўсюджання беларускіх гаворак натуральна выходзіць за межы Рэспублікі Беларусь, што паказваецца пераважна ў працах паслясавецкага перыяду.

Трасянка У Беларусі таксама існуе такая з’ява, якую ў простамоўі называюць трасянка. Звычайна гаворка ідзе пра руска-беларускую мяшаную мову. Даследчыкі пераважна не класіфікуюць гэтай мовы як нейкую з’яву, якая выходзіць за межы ідыялекту. Гэта — размоўная мова з пераважна рускай лексікай, але беларускай граматыкай і фанетыкай. Утварылася мяшаная мова ў выніку змешвання народна-дыялектнай беларускай мовы з сучаснай рускай літаратурнай мовай. Адзначаецца, што мяшаная мова пранікае і ў публіцыстыку.

Гл. таксама Заходнепалеская мова Гальшанская мова Беларускі арабскі алфавіт Сучасная беларуская літаратурная мова

Спасылкі

Дыялекталагічныя карты

Катэгорыя:Дыялекты беларускай мовы