Плоскія чэрві, пляскатыя чэрві (Platyhelminthes) — тып беспазваночных жывёл.
Апісанне Чэрвепадобныя двухбакова-сіметрычныя жывёлы з тонкім лістападобным або стужкападобным целам і адасобленым галаўным аддзелам.
Даўжыня ад 0,1 мм да 30 м. Цела двухбакова-сіметрычнае, плоскае. Маюць суцэльны або з асобных членікаў скурна-мышачны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры, запоўнены парэнхімай, у якой размешчаны ўнутраныя органы. Нервовая сістэма ў выглядзе парных гангліяў і падоўжных нервовых ствалоў; выдзяляльная — накшталт канала.
Пашырэнне Выдзяляецца 4-9 класаў, найбольш шматлікія з іх раснічныя чэрві, стужачныя чэрві, трэматоды; больш за 12,5 тыс. відаў.
Пашыраны ўсюды. Раснічныя чэрві жывуць у марскіх і прэсных водах, на сушы, астатнія — вонкавыя ці ўнутраныя паразіты жывёл і чалавека. Сярод іх бычыны цэпень, свіны цэпнь, смактун пячоначны, эхінакок і іншыя ўзбуджальнікі гельмінтозаў.
Асаблівасці біялогіі Характэрна з’яўленне сістэм органаў, уласцівых для большасці жывёл: апорна-рухальнай (скурна-мускульны мяшок і парэнхіма), стрававальнай (рот, глотка, слепа замкнуты кішэчнік), выдзяляльнай (протанефрыдыі), нервовай (галаўны нервовы вузел, нервовыя ствалы і органы пачуццяў) і палавой (пераважна гермафрадыты з унутраным апладненнем). Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма.
Развіццё прамое або з ператварэннем у свабодна жывучых, складанае з чаргаваннем пакаленняў і зменай гаспадароў у паразітаў (апрача монагенетычных смактуноў).
Літаратура Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. — ISBN 978-985-03-1367-6.
Катэгорыя:Тыпы жывёл