Рыбануклеінавыя кіслоты (РНК) — нуклеінавыя кіслоты, палімеры нуклеатыдаў, у склад якіх уваходзяць астатак ортафосфарнай кіслаты, рыбоза (у адрозненне ад ДНК, якая змяшчае дэзоксірыбозу) і азоцістыя асновы — адэнін, цытазін, гуанін і ўрацыл (у адрозненне ад ДНК, якая змяшчае замест урацыла цімін).
Біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў, абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генетычнай інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На узроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць два ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы. Даўжыня полінуклеатыдных ланцугоў РНК вагаецца а некалькіх дзясяткаў да некалькіх тысяч нуклеатыдных астаткаў.
Тыпы РНК Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80 % клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15 %, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5 % усёй РНК клеткі. Галоўная функцыя рРНК — структурная арганізацыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпентыднага ланцуга. Транспартная РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генетычнага кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпентыднага ланцуга.
Малекулы рРНК складаюць больш за 50 % масы рыбасомы і маюць складаную аб’ёмную структуру. Большую частку ланцуга рРНК складаюць камплементарныя ўчасткі. Яны злучаюцца вадароднымі сувязямі і набываюць спіральную канфігурацыю. Узаемадзейнічаючы з рыбасомнымі бялкамі, адна ці некалькі малекул рРНК кампактна ўкладваюцца ў прасторы. Так фарміруюцца субадзінкі рыбасом — структурныя кампаненты гэтых арганоідаў. Вызначана, што рРНК у складзе рыбасомы выконваюць не толькі структурную функцыю, але і каталітычную. У працэсе сінтэзу бялку яны паскараюць утварэнне пептыдных сувязей паміж амінакіслотамі, г. зн. дзейнічаюць падобна ферментам. Такія малекулы РНК, што валодаюць каталітычным дзеяннем, былі названы рыбазімамі (скарачэнне ад «рыбануклеінавая кіслата» і «энзім»). Акрамя рРНК, вядомы і іншыя рыбазімы. Яны могуць каталізаваць расшчапленне саміх сябе ці іншых малекул РНК, а таксама злучаць фрагменты РНК.
Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некаторых тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генетычнай інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэднага сінтэзу дэзаксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса.
Паток генетычнай інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генетычная інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае галоўным чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вялікіх папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай І; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.
Гл. таксама
Адваротная транскрыпцыя
Літаратура
Спасылкі Прадказанне другой раз структуры РНК (англ.) База даных геномных трнк (англ.) База даных псеўдавузлоў (англ.)
* Катэгорыя:Нуклеінавыя кіслоты