Арэальная лінгвістыка — раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне.
Асноўныя прынцыпы арэальнай класіфікацыі моў распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М. Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (г. зн. часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць т.зв. нормы арэалаў.
Сучасная арэальная класіфікацыя моў займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае т. зв. арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.
Літаратура Цыхун Г. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. — Мн., 1988.
Катэгорыя:Раздзелы лінгвістыкі