Аляксей Васілевіч Пы́сін (, в. Высокі Борак, Краснапольскі раён Магілеўскай вобл. — ) — беларускі паэт, перакладчык, журналіст. Заслужаны работнік культуры БССР (1980).
Біяграфічныя звесткі Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1938 годзе паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя Кірава ў Мінску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну. У 1941—1945 гадах у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946 года працаваў у раённым друку, у абласной газеце «Магілёўская праўда». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1958). У 1974—1981 гадах — сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення СП БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1950 года.
Пахаваны на Польскіх могілках ў Магілёве. У 1982 годзе па магіле пастаўлена стэла з барэльефнай выявай паэта.
Творчасць Першы верш апублікаваў у 1938 годзе (газета «Чырвоная змена»). У зборніках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зборніку «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта.Л. Гарэлік (1981) У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг».
Драматызм ваеннага часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў становіцца найважнейшай адзнакаю эстэтычнай вартасці яго паэзіі. Высокая мастацкая культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць А. Пысіна эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе гуманістычную скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства.
Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), кнігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984).
Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972). Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (з С. Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).
Узнагароды і прэміі Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні». Узнагароджаны медалямі.
Ушанаванне памяці Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна прысвоена яго імя, там жа створаны музей Аляксея Пысіна. У Магілёве яго імем названа вуліца, а ў 1984 годзе на доме, дзе ён жыў (праспект Міру, 35а) устаноўлена мемарыяльная дошка. Магілёўская абласная бібліятэка праводзіць Пысінскія чытанні, на якіх вывучаецца яго жыццё і творчасць.
Бібліяграфія Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1980. Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1989.
Літаратура
Бярозкін Р. Постаці. — Мн., 1971. Бечык В. Свет жывы і блізкі. — Мн., 1974. Гніламёдаў У. Упоравень з векам. — Мн., 1976. Шпакоўскі I. Узрушанасць. — Мн., 1978. Гарэлік Л. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. — Мн., 1981. Вялюгін А. Выбр. тв. Т. 2. — Мн., 1984.
Катэгорыя:Паэты СССР Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі СССР Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі СССР Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Журналісты СССР Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Журналісты XX стагоддзя Катэгорыя:Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову Катэгорыя:Пісьменнікі-сацрэалісты Катэгорыя:Нарадзіліся ў Краснапольскім раёне