Давід Аронавіч Якерсон (15 сакавіка (27 сакавіка) 1896, Віцебск — 1947, Масква) — савецкі скульптар, графік, афарміцель.
Біяграфія Займаўся ў І. Пэна ў сярэдзіне 1900-х у Віцебску разам са сваёй будучай жонкай Аленай Кабішчар, вучыўся там жа ў Гандлёвым вучылішчы. Затым працягвае навучанне на будаўнічым факультэце Рыжскага політэхнічнага інстытута, які быў эвакуяваны ў Маскву. З 1918 па 1922 год вучыўся ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у вядомых скульптараў — акадэмікаў Сяргея Валнухіна, Івана Яфімава і Барыса Каралёва.
Удзельнічаў у 1918 годзе пад кіраўніцтвам Марка Шагала ў афармленні Віцебска да Першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У пасведчанні, атрыманым Якерсонам, сам Шагал сведчыць: «Тов. Якерсон в бытность свою в Витебске беспрерывно работал в Губернской Комиссии по украшению города к Октябрьской годовщине и числился членом означенной комиссии. Губ. уполномоченный по делам искусств Марк Шагал»Михневич Л. Художник Давид Якерсон: оформление первых революционных празднеств (Витебск, 1918—1923 гг.) // Авангард и Культуры: искусство, дизайн, среда. Материалы Международной научной конференции 17 — 19 мая 2007 г., Минск: Беларусь, 2007. С.116 — 124..
З 28 сакавіка 1919 года служыў інструктарам педагагічнай секцыі пададдзела выяўленчых мастацтваў аддзела народнай адукацыі Віцебскага гарадскога савета. З 15 мая становіцца кіраўніком скульптурнай майстэрні Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, устанаўлівае помнікі Карлу Марксу ў Полацку і Невелі, Льву Гарфункелю ў Янавічах.
Уваходзіў у створанае Казімірам Малевічам таварыства УНОВИС. Большасць супрэматычных работ Якерсона датаваныя 1920 годам. Многія з іх экспанаваліся на выставах УНОВИСа 1920 года ў Віцебску і Маскве.
Рэалізацыя плану манументальнай прапаганды ў Віцебску запомнілася ўстаноўкай у маі 1920 года помнікаў Карлу Марксу і Карлу Лібкнехту работы Якерсона. Манументальныя супрэматычныя пастаменты помнікаў спалучаліся з кубістычнымі бюстамі правадыроў пралетарыяту. Тэхналогія, ужытая скульптарам, была таннай і наватарскай — бюсты выразаліся з паўзацвярдзелай масы цэменту. Гэтыя помнікі аказаліся недаўгавечнымі, і ў сярэдзіне 1920-х іх знесліШышанаў Валерый. Робаты і кубістычныя правадыры Давіда Якерсона // Мастацтва. № 2. 2020..
У 1921 годзе скульптар быў на некалькі тыдняў камандзіраваны ў Стаўрапаль для ўстаноўкі помніка Якаву Свярдлову. Неўзабаве Якерсон пераязджае ў Маскву і працягвае займацца ў ВХУТЕМАСе.
У 1926 годзе ўваходзіць у Саюз расійскіх скульптараў і пачынае прымаць удзел у выстаўках гэтага аб’яднання ў Маскве.
Супрацоўнічае з Дзяржаўным цэнтральным музеем народазнаўства ў Маскве — захавалася вялікая колькасць малюнкаў тыпаў і аб’ектаў архітэктуры Малдовы, скульптуры з дрэва «Тунгус», «Абісінка», «Каўказскі яўрэй». Тэматыка манументальнай прапаганды працягваецца ў вобразах Сцяпана Разіна, Емяльяна Пугачова, Салавата Юлаева, Івана Мічурына, помніка Леніну ў Таганрогу, цэлай галерэі ўвасабленняў людзей працы.
Якерсон тонка адчувае фактуру дрэва і становіцца вядомым майстрам у гэтым кірунку. У 1935 годзе прымае ўдзел у выстаўцы скульптуры ў дрэве, дзе прадстаўляе групавыя кампазіцыі: «Плытагоны», «Спартсмен», «Дэкаратыўная кампазіцыя»Коненкова А. К. Элементы народной резьбы по дереву в деревянной скульптуре Беларуси и России 1 пол. XX вв. С. Т. Коненков, Д. А. Якерсон. Славянский мир в третьем тысячелетии, 2016..
Нягледзячы на нападкі, скульптар працягвае працаваць, удзельнічае ў выстаўках, выконвае розныя заказы, у тым ліку на скульптурнае афармленне санаторыя «Курпаты» ў Ялце, павільёна «Башкірыя» на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Падчас вайны Якерсон застаецца ў сталіцы. У 1943 годзе на выстаўцы «Вялікая Айчынная вайна», якая праходзіла ў Траццякоўскай галерэі, ён прадставіў кампазіцыю «Аляксандр Неўскі».
Пераход ад эксперыментальных жывапісных і графічных прац да распрацоўкі сюжэтаў выключна фігурнай скульптуры — вымушаная ўмова выжывання Якерсона, як і многіх іншых савецкіх мастакоў у 1930-я гады.
Памёр 28 красавіка 1947 года.
Яго працы на працягу дзесяцігоддзяў захоўвала ўдава. Толькі на выстаўках у 1990—2000-я ў Мастацкім музеі Віцебска прадстаўляюцца работы майстра. Затым ідуць персанальная выстаўка ў аддзеле прыватных калекцый Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў (Масква, 2000), выстаўка «У коле Малевіча» (Рускі музей, 2000). У 2018—2019 гадах творы Якерсона з Віцебскага музея і прыватных збораў экспануюцца на выстаўцы «Шагал, Лісіцкі, Малевіч. Рускі авангард у Віцебску» (у парыжскім Цэнтры Жоржа Пампіду і Яўрэйскім музеі ў Нью-Ёрку).
Некаторыя работы мастака захоўваюцца ў Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, шэрагу іншых музеяў Расіі, Музеі Марка Шагала ў Віцебску, але Віцебскі абласны краязнаўчы музей валодае самым буйным зборам твораў аўтара. Пры стварэнні Музея гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча творчасці Давіда Якерсона супрэматычнага перыяду была адведзеная асобная зала.
Вядомыя скульптурныя працы 1920 — Помнік Карлу Марксу, Віцебск. 1921 — Помнік Якаву Свярдлову, Стаўрапаль. 1935 — Помнік Леніну, Таганрог. Знішчаны нямецкімі ўладамі пры акупацыі горада ў 1941 годзе.
Літаратура Кичина Е. М. Переписка Ю. М. Пэна с Д. А. и Е. А. Якерсонами и И. Е. Мальциным // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып.2. Мн.: Беларуская навука, 1997. С. 76-90. Казовский Г. Художники Витебска. Иегуда Пэн и его ученики. = Kasovsky G. Artists from Vitebsk. Yehuda Pen and his pupils. Москва: «Имидж», 1992. Шишанов, В. Материалы о Ю. М. Пэне в РГАЛИ / В. Шишанов. // Малевич. Классический авангард. Витебск — 11: [альманах / ред. Т. Котович]. — Минск: Экономпресс, 2009. — С.42-55. Шышанаў, В. Робаты і кубістычныя правадыры Давіда Якерсона / В. Шышанаў // Мастацтва. — 2020. — № 2. — С. 27-29.
Катэгорыя:Вучні Юдаля Пэна Катэгорыя:Скульптары СССР Катэгорыя:Мастакі-супрэматысты Катэгорыя:Выкладчыкі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча Катэгорыя:Яўрэйскія мастакі