Віто́льд (Ві́таўт) Станісла́вавіч Чыж (вядомы таксама як Вітольд Мі́нтаўт-Чыж, ; псеўданімы: Альгерд Бульба, Чыж-Гідальга, Гідальго, Чыжык Ашмянскі, Ян Еленскі (Яленьскі), Алегерд; — ) — беларускі і польскі грамадска-палітычны дзеяч, этнограф, літаратурны крытык, публіцыст, інжынер, віцэ-прэзідэнт Вільні (1927—1939).
Біяграфія
Раннія гады і адукацыя Нарадзіўся 15 жніўня 1884 года ў шляхецкай сям’і ўладальнікаў фальварка Антонішкі Ашмянскага павета (каля вёскі Стымоні, цяпер у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці). Мясцовае насельніцтва было добра знаёмае з творчасцю Ф. Багушэвіча, паколькі побач знаходзіліся яго Кушляны, што з дзяцінства паўплывала на цікавасць юнака да беларускага слова. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ашмянскім павятовым вучылішчы, пасля чаго скончыў гімназію ў Варшаве.
Палітычная дзейнасць і эміграцыя З 1905 года актыўна ўключыўся ў палітычную барацьбу супраць царызму і стаў сябрам Польскай сацыялістычнай партыі (ППС), а пасля яе расколу — ППС-Рэвалюцыйнай фракцыі. Праводзіў антыцарскую агітацыю ў Ашмянах, Жупранах, на станцыі Солы і ў маёнтку Навасёлкі. У снежні 1905 года быў арыштаваны і змешчаны ў ашмянскую турму, аддадзены пад суд. Падчас следства ў красавіку 1906 года сваёй віны не прызнаў, сцвярджаючы, што з’яўляецца ворагам гвалту і крыві. Нягледзячы на гэта, быў абвінавачаны ў спробе звяржэння дзяржаўнага ладу і правёў у зняволенні каля года. Летам 1906 года, здзейсніўшы паспяховыя ўцёкі з турмы, ён перабраўся ў Галіцыю (горад Львоў). У адказ царскія ўлады канфіскавалі яго родавы маёнтак у Антонішках. Дзеля ўласнай бяспекі В. Чыж змяніў асобу і на пэўны час узяў імя Ян Еленскі (Яленьскі).
У Львове паступіў на будаўнічы факультэт Львоўскага політэхнічнага інстытута, які паспяхова скончыў у 1910 годзе. У студэнцкія гады захварэў на сухоты і праходзіў лячэнне ў Закапанэ, дзе пасябраваў з беларускай паэтэсай Цёткай, якая таксама там лекавалася (пазней гэты эпізод быў апісаны ў рамане Валянціны Коўтун «Крыж міласэрнасці»). Пасля атрымання дыплома інжынера кароткі час працаваў на будаўніцтве электрастанцыі ў Варонежы.
У беларускім руху Яшчэ да канчатковага завяршэння вучобы інжынер вярнуўся ў Вільню і пасяліўся на вуліцы Завальнай. Ён актыўна далучыўся да рэдакцыйнага калектыву газеты «Наша Ніва» (актыўна працаваў у 1908—1911 гадах, агулам супрацоўнічаў у 1906—1915 гадах). Быў адным з тых, хто спрычыніўся да выхаду яе першага нумара 23 лістапада 1906 года. У хуткім часе па даручэнні рэдакцыі адбыў у Кіеў, каб весці беларускі аддзел у польскамоўным часопісе «Przegląd Krajowy», які выдаваў Вацлаў Ліпінскі. Пасля закрыцця часопіса ў пачатку 1910 года канчаткова вярнуўся ў Вільню. Адзін час таксама быў актывістам евангельскай царквы і займаўся бізнесам.
Працуючы ў Віленскім сельскагаспадарчым таварыстве, В. Чыж стаў адным з арганізатараў Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі ў верасні 1913 года. Пад сваім старым псеўданімам Ян Яленскі ён асабіста выставіў узоры прыстасавання народнага мастацтва для гарадскога побыту — альбомы ў пераплётах з вясковых тканін і занавескі, аздобленыя народнымі паяскамі. Да стварэння гэтых экспанатаў магла быць датычная яго жонка, Марына Борхарт-Чыж, маці вядомага марскога капітана і пісьменніка Караля Альгерда Борхарта, якая да гэтага працавала ў парыжскіх магазінах моды і добра ведала еўрапейскія тэндэнцыі. З 1912 па 1919 гады ён таксама працаваў кіраўніком будоўлі Віленскага сельскагаспадарчага тэхнікума.
Міжваенны перыяд З пачаткам Першай сусветнай вайны і акупацыяй горада нямецкімі войскамі дзейнасць В. Чыжа прыцягнула ўвагу ўлад. 19 чэрвеня 1916 года ён быў арыштаваны за тое, што тлумачыў жыхарам сапраўдныя наступствы нямецкага перапісу насельніцтва. Яго змясцілі ў віленскую турму на Лукішках, а пасля, паводле некаторых звестак, вывозілі ў лагер на тэрыторыі Германіі. Выйшаўшы на волю ў 1918 годзе, ён часова пераехаў у Варшаву, але ў 1924 годзе вярнуўся ў Вільню, стаўшы чыноўнікам польскай адміністрацыі і канчаткова адышоўшы ад беларускага нацыянальнага руху.
У Вільні ўладкаваўся ў Тэхнічнае бюро гарадскога магістрата (1921—1924), а затым узначаліў Статыстычнае бюро самакіравання (1924—1927). У маі 1924 года балатаваўся на пасаду дырэктара віленскай Касы хворых, але саступіў Юзафу Каральцу. Дзякуючы ўпартай працы на карысць горада, у 1927 годзе (паводле іншых звестак — у 1928) В. Чыж быў абраны віцэ-прэзідэнтам (віцэ-бурмістрам) Вільні і заставаўся на гэтай пасадзе да верасня 1939 года, адначасова кіруючы тэхнічнай секцыяй магістрата.
У якасці высокапастаўленага дзяржаўнага дзеяча ён часта выконваў прадстаўнічыя функцыі. У 1925 годзе сустракаў дэлегацыю французскіх парламентарыяў, а ў 1932 годзе разам з прэзідэнтам Польшчы І. Масціцкім і прэм'ерам А. Прыстарам вітаў на аэрадроме Парубанак першы рэгулярны пасажырскі самалёт «Fokker». У 1926 годзе выступіў у ролі куратара Сінода Віленскай евангеліцкай рэфармацкай царквы ў Варшаве пры падпісанні Канкардата, падчас чаго ўручыў прэзідэнту І. Масціцкаму арыгінал Брэсцкай Бібліі 1563 года для Нацыянальнага музея. Па яго ініцыятыве з 1932 года вуліцы віленскага Старога горада пачалі брукаваць цёмна-чырвонай клінкернай цэглай. У гэты ж перыяд ён пабудаваў шыкоўную сядзібу з вялікім садам у жончыным маёнтку Журавы, куды вяла маляўнічая алея (цяпер вядомая сярод мясцовых жыхароў як «Чыжовая дарога»).
Другая сусветная вайна і апошнія гады З пачаткам Другой сусветнай вайны, 1 верасня 1939 года, В. Чыж вярнуўся на Ашмяншчыну, дзе працаваў павятовым інспектарам ва Усеагульным закладзе ўзаемнага страхавання. Неўзабаве ён апынуўся на тэрыторыі Літвы, дзе быў памылкова інтэрнаваны ў ваенны лагер у Паланзе, а пасля пераведзены ў грамадзянскі лагер ва Укмярге. Пасля ўваходу савецкіх войскаў быў арыштаваны. У 1940 годзе яго саслалі ў Гулаг на прымусовыя працы ў Варкуту (паводле іншых крыніц, у чэрвені 1941 года быў вывезены разам з іншымі віленскімі дзеячамі ў лагер Рашоты ў Краснаярскім краі).
Вызвалены па амністыі ў 1941 годзе ў выніку пагаднення Сікорскага — Майскага, ён далучыўся да арміі генерала Уладзіслава Андэрса. Цяжка хворы пасля лагераў, разам з вайскоўцамі ён прайшоў шлях праз Іран і Паўднёвую Афрыку да Вялікабрытаніі. Жыў у мясцовасці Лэндзівуд (Landywood) каля Бірмінгема ў свайго пасэрба. 12 жніўня 1948 года без дакументаў рэпатрыяваўся ў Польшчу, пасяліўшыся ва Уроцлаве на вуліцы Універсітэцкай.
Знаходзячыся ў складаным матэрыяльным становішчы, 1 снежня 1948 года з дапамогай віленскіх сяброў уладкаваўся старэйшым рэферэнтам ва ўроцлаўскае аддзяленне Усеагульнага закладу ўзаемнага страхавання. Яго здароўе было незваротна падарвана сухотамі, атрыманымі яшчэ ў Варкуце, таму ён шмат часу праводзіў у шпіталі баніфратраў і санаторыях. Увосень 1950 года пераехаў у Гдыню (на Каменную Гару, вул. Міцкевіча). 31 студзеня 1951 года быў звольнены з працы з-за працяглай хваробы і больш не працаваў. Памёр 15 жніўня 1952 года. Пахаваны на ўроцлаўскіх могілках Святога Лаўрэнція, апеку над яго магілай узяло Таварыства аматараў Вільні і Віленскай зямлі.
Творчая і літаратурная дзейнасць Вітольд Чыж быў не толькі палітыкам і чыноўнікам, але і актыўным публіцыстам, этнографам і літаратурным крытыкам. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу рэцэнзій, алегарычных апавяданняў і артыкулаў па пытаннях беларускага музычнага жыцця. Свае творы ў «Нашай Ніве» публікаваў пад псеўданімамі Альгерд Бульба, Чыж-Гідальга і Чыжык Ашмянскі. З 1911 года пачаў таксама актыўна друкавацца ў польскіх выданнях.
Ён праявіў сябе як адзін з першых прафесійных беларускіх літаратурных крытыкаў і тэатральных аглядальнікаў. Менавіта ён стаў аўтарам першай рэцэнзіі на другі паэтычны зборнік Янкі Купалы «Гусляр», у якой высока ацаніў самабытны талент паэта і прадрок яму вялікую будучыню. Таксама грунтоўна рэцэнзаваў зборнік «Песні-жальбы» Якуба Коласа. У сваіх артыкулах пісаў пра грамадска-сацыяльныя погляды Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, даследаваў яго ролю ў гісторыі беларускай літаратуры, а таксама аналізаваў паэзію ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі.
Як тэатральны і музычны аглядальнік, В. Чыж выдаў шэраг публікацый пра пастаноўкі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні і напісаў крытычныя нататкі пра «Беларускую сюіту» кампазітара Людаміра Рагоўскага. Акрамя гэтага, ён пакінуў значны след як этнограф. Аўтар этнаграфічных артыкулаў пра народныя рамёствы і традыцыйнае адзенне. У 1911 годзе выдаў у Вільні брашуру «Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі», якая атрымала адабрэнне Вацлава Ластоўскага.
Таксама плённа працаваў як перакладчык. Пераклаў на беларускую мову папулярныя апавяданні і творы рускіх пісьменнікаў: Мікалая Ляскова, Рыгора Данілеўскага, Леаніда Андрэева і Івана Гарбунова-Пасадава.
Узнагароды Медаль Незалежнасці (1930 ці 1934 год).
Бібліяграфія Альгерд Бульба. Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі. — Вільня: Друкарня М. Кухты, 1911. — 16 с.
Крыніцы
Літаратура
Смалянчук, А. Краёвец Антон Луцкевіч / А. Смалянчук // Гістарычны Альманах. 1998. Т. 1. С. 27—45. — С. 33.
Катэгорыя:Нарадзіліся 15 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1884 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ашмянскім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Нарадзіліся ў Астравецкім раёне Катэгорыя:Памерлі 15 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1952 годзе Катэгорыя:Памерлі ва Уроцлаве Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Інжынеры Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Члены Польскай сацыялістычнай партыі