Белакаменская бітва, бітва каля Белага Каменя, Вейзенштэйна — бітва, якая адбылася між войскамі ВКЛ і Швецыі пад час вайны 1600—1629 гадоў каля Вейзенштэйна (сучасны Пайдэ, Эстонія) 25 верасня 1604 года.

Перадумовы Бітва паміж войскамі ВКЛ і Швецыі падчас вайны 1600—1611 гадоў адбылася пад стратэгічна важным замкам шведскай Эстляндыі на гасцінцы з Рэвеля на Дэрпт, які быў заняты польскім войскам у 1602 годзе. 15 верасня 1604 г. шведскае войска, падмацаванае венгерскімі, шатландскімі, нямецкімі наёмнікамі агульнай колькасцю 6000 чалавек на чале з Арвідам Эрыксанам Стаалармам пачало аблогу Белага Каменю. Праз 8 дзён яны правялі штурм горада, які быў адбіты з вялікімі стратамі для нападаючых.

Пазіцыі бакоў

Наступным днём, 24 верасня 1604 года на дапамогу абаронцам Белага Каменю прыбыла войска ВКЛ колькасцю каля 2300 чалавек на чале з Я. К. Хадкевічам.

Поле бітвы ляжала паміж дарогай, лесам і забалочанай раўнінай. паставіў аддзелы кавалерыі (рэйтарыя, пашыхтаваная ў караколь) і пяхоты адзін за адным, каб зрабіць немагчымым іх разбіццё паасобку, і ўжыў трохчасткавае пастраенне. Мацнейшы левы фланг, складзены з нямецкіх наёмнікаў, арганізаваны на манер іспанскай тэрцыі, узначаліў іспанскі капітан Алонса дэ Канут (Alonzo Cacho de Canut). Ён закрываў дарогу на Рэвель, цэнтр склалі шведы на чале з Сталарм, правы фланг, складзены з фінаў, збоку і тылу прыкрывала багна.

Гетман Я. К. Хадкевіч на правае крыло войск ВКЛ паставіў гусарыю (роты Т. Ляцкага, Я. К. Хадкевіча, Ф. Невяроўскага, Я. П. Сапегі, Я. Барухоўскага), у цэнтр — пяхоту, рэйтарыю і лёгкія гарматы, левае крыло склалі харугвы татараў і казакаў ВКЛ.

Ход бітвы

Бітва адбылася 25 верасня 1604 г. і працягвалася з 7 да 8 гадзін раніцы. Пазбаўленая месца для манеўраў, гусарыя ВКЛ ударыла ў левы мацнейшы фланг ворага, дзе праціўнік менш за ўсе гэтага чакаў. Удар гусараў зламаў шведскі рэйтарскі караколь, а затым супраціўленне тэрцыі пяхоты. Калі загінуў Алонца дэ Канут, яго падкамандныя пайшлі ў рассыпку. Пасля знішчэння левага флангу ворага ў бой пайшлі цэнтр і левае крыло войска ВКЛ і пяхота. Шведы былі разбітыя і загнаныя ў балота.

Вынікі і наступствы

Паводле ацэнкі Я. К. Хадкевіча, праціўнік страціў 3000 чалавек, 21 харугву, 6 малых гармат і цэлы абоз. Страты войска ВКЛ склалі 81 забітых, больш 100 параненых.

Аднак чаканне зімы, эпідэмій і голаду ў вынішчаных Інфлянтах прывялі да таго, што Я. К. Хадкевіч не здолеў утрымаць дысцыпліну ў войску і пасля бітвы большая частка прысутных у абозе жаўнераў палічыла свае абавязкі перад дзяржавай выкананымі, пачала патрабаваць выплаты жолду, завязала новую канфедэрацыю, абрала маршалкам Аляксандра Юзафа (Езопа Янавіча) Лісоўскага (не ўдзельнічаў у бітве) і з’ехала ў Курляндыю і ВКЛ.

Крыніцы

Літаратура

Якубаў В. Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI — пачатку XVII ст. Вільня: Ciklonas, 2024. Herbst S. Wojna inflancka 1603—1604 // Studia historica w 35-liecie pracy naukowej H. Łowmiańskego. Warszawa, 1958; Podhorodecki L. Slawni hetmani Rzeczy Pospolitej. Warszawa, 1994; Naruszewicz A. Historyja J.K. Chodkiewicza Wojewody wileńskiego hetmana WXL. Warszawa, 1805. Т. 1; Korrespodencye Jana Karola Chodkiewicza / Opracował i opisał W.Chomętowski. Warszawa, 1875; Wijuk Kojałowicz W. Herbarz Rycerstwa Wielkiego Xęstwa Litewskiego. Tak zwany Compendium. Kraków, 1897; Wimmer J. Wojsko i skarb Rzeczy Pospolitej u schyłku XVI i w pierwszej polowy XVII w. Studia i materialy do historii wojskowosci. Warszawa, 1968. — T. XIV, Cz. I.

Катэгорыя:Бітвы Вялікага Княства Літоўскага XVII стагоддзя Катэгорыя:Бітвы Швецыі Катэгорыя:Бітвы Польшчы XVII стагоддзя Катэгорыя:Канфлікты 1604 года Катэгорыя:Бітвы ў Эстоніі Катэгорыя:Пайдэ Катэгорыя:1604 год у Еўропе Катэгорыя:Падзеі 25 верасня Катэгорыя:Верасень 1604 года