Прэрафаэлі́ты () — кірунак у англійскіх паэзіі і жывапісе ў другой палове XIX стагоддзя, які ўтварыўся на пачатку 1850-х гадоў з мэтай барацьбы супраць умоўнасцяў віктарыянскай эпохі, акадэмічных традыцый і сляпога пераймання класічных узораў.

Назва «прэрафаэліты» павінна была пазначаць духоўнае падабенства з фларэнційскімі мастакамі эпохі ранняга Адраджэння, гэта значыць мастакамі «да Рафаэля» і Мікеланджэла: Перуджына, Фра Беата Анджэліка, Джавані Беліні. Самымі выбітнымі членамі прэрафаэліцкага руху былі паэт і жывапісец Дантэ Габрыэл Расеці, жывапісцы Уільям Холман Хант, Джон Эверэт Міле, Мэдакс Браўн, Эдвард Бёрн-Джонс, Уільям Морыс, Артур Х’юз, Уолтэр Крэйн, Джон Уільям Уотэрхаус.

Узнікненне

Брацтва прэрафаэлітаў Першым этапам развіцця прэрафаэлітызму было ўзнікненне так званага «Брацтва прэрафаэлітаў», якое складалася першапачаткова з сямі «братоў»: Дж. Э. Міле, Холмана Ханта (1827—1910), Дантэ Габрыэля Расеці, яго малодшага брата Майкла Расеці, Томаса Вулнера і жывапісцаў Фрыдэрыка Стывенса і Джэймса Колінсана.

Гісторыя Брацтва пачынаецца ў 1848 годзе, калі на выстаўцы Каралеўскай Акадэміі мастацтваў пазнаёміліся студэнты Акадэміі — Холман Хант і Дантэ Габрыэль Расеці, які раней бачыў працы Ханта і захапляўся імі. Хант дапамагае Расеці скончыць карціну «Юнацтва Дзевы Марыі» (, 1848-49), якая была выстаўлена ў 1849 годзе, і ён жа знаёміць Расеці з Джонам Эверэтам Міле, юным геніем, які паступіў у Акадэмію ва ўзросце 11 гадоў. Яны не проста сталі сябрамі, але выявілі, што падзяляюць погляды адзін аднаго на сучаснае мастацтва: у прыватнасці, яны лічылі, што сучасны англійскі жывапіс зайшоў у тупік і памірае, і найлепшым спосабам адрадзіць яго будзе вяртанне да шчырасці і прастаты ранняга італьянскага мастацтва (г. зн. мастацтва да Рафаэля, якога прэрафаэліты лічылі заснавальнікам акадэмізму).

Так зараджаецца ідэя стварэння сакрэтнага таварыства, названага Брацтвам прэрафаэлітаў, — таварыства, якое знаходзіцца ў апазіцыі да афіцыйных мастацкіх плыняў. У групу з самага пачатку былі запрошаны таксама Джэймс Колінсан (студэнт Акадэміі і жаніх Крысціны Расеці), скульптар і паэт Томас Вулнер, малады 19-гадовы мастак і пасля крытык Фрэдэрык Стывенс і малодшы брат Расеці Уільям Расеці, які па слядах старэйшага брата паступіў у мастацкую школу, але асаблівай схільнасці да мастацтва не выяўляў і, урэшце, стаў вядомым мастацкім крытыкам і пісьменнікам. Мэдакс Браўн быў блізкі нямецкім назарэйцамНазарэі (назарэяне) — група нямецкіх мастакоў пачатку XIX стагоддзя, якая спрабавала абнавіць рэлігійны жывапіс вяртаннем не толькі да глыбіні і шчырасці пачуцця італьянскіх майстроў XV стагоддзя, асабліва Фра Беата Анджэліка, але і да іх тыпаў кампазіцыі, малюнку, фарбаў і тэхнічных прыёмаў. Заснавальнікам і галоўным прадстаўніком гэтага кірунку жывапісу быў Іаган Фрыдрых Авербек., таму ён, падзяляючы ідэі Брацтва, адмовіўся далучыцца да групы.

На карціне Расеці «Юнацтва Дзевы Марыі» ўпершыню з’яўляюцца тры ўмоўныя літары P. R. B. (), гэтымі ж ініцыяламі былі адзначаны «Ізабела» Міле і «Рыенцы» ()А дакладней, «Rienzi vowing to obtain justice for the death of his young brother, slain in a skirmish between the Colonna and the Orsini factions», 1848—1849. Ханта. Члены Брацтва таксама стварылі свой уласны часопіс, пад назвай «Парастак», хоць ён праіснаваў толькі са студзеня па красавік 1850 года. Яго рэдактарам стаў Уільям Майкл Расеці (брат Дантэ Габрыэля Расеці).

Прэрафаэліты і акадэмізм Да з’яўлення Брацтва прэрафаэлітаў развіццё брытанскага мастацтва вызначалася галоўным чынам дзейнасцю Каралеўскай Акадэміі мастацтваў. Як любая іншая афіцыйная ўстанова, яна вельмі раўніва і асцярожна адносілася да новаўвядзенняў, захоўваючы традыцыі акадэмізму. Хант, Міле і Расеці заявілі ў часопісе «Парастак», што не жадаюць адлюстроўваць людзей і прыроду адцягнена прыгожымі, а падзеі — далёкімі ад рэчаіснасці, і, нарэшце, ім надакучыла ўмоўнасць афіцыйных, «узорных» міфалагічных, гістарычных і рэлігійных твораў.

Прэрафаэліты адмовіліся ад акадэмічных прынцыпаў працы і лічылі, што ўсё неабходна пісаць з натуры. Яны выбіралі ў якасці мадэляў сяброў ці сваякоў. Так, напрыклад, на карціне «Юнацтва Дзевы Марыі» Расеці намаляваў сваіх маці і сястру Крысціну, а гледзячы на палатно «Ізабела», сучаснікі пазнавалі сяброў і знаёмых Міле па Брацтве. Ён жа, падчас стварэння карціны «Афелія», прымушаў Элізабэт Сідал па некалькі гадзін ляжаць у напоўненай ванне. Была зіма, таму Сідал сур’ёзна застудзілася і пазней выслала Міле рахунак ад дактароў на 50 фунтаў. Больш за тое, прэрафаэліты змянілі адносіны мастака і мадэлі — яны сталі раўнапраўнымі партнёрамі. Калі героі карцін Рэйнальдса амаль заўсёды апрануты адпаведна іх сацыяльнаму статусу, то Расеці мог маляваць каралеву з прадаўшчыцы, багіню з дачкі конюха. Прастытутка Фані Корнфарт пазіравала яму для карціны «Лэдзі Ліліт».

Членаў Брацтва з самага пачатку раздражняў уплыў на сучаснае мастацтва такіх мастакоў, як сэр Джошуа Рэйнальдс, Дэвід Уілкі і Бенджамін Хейдан. Сэру Джошуа (прэзідэнту Акадэміі мастацтваў) яны нават далі мянушку «сэр Слошуа» (ад  — «пляскаць па гразі») за неахайную тэхніку жывапісу і стыль, як яны лічылі, цалкам запазычаны з акадэмічнага маньерызму. Становішча пагаршалася тым, што ў той час мастакі часта выкарыстоўвалі бітум, а ён робіць выяву мутнаватай і цёмнай. У супрацьлегласць гэтаму, прэрафаэліты жадалі вярнуцца да высокай дэталізацыі і глыбокіх колераў жывапісцаў эпохі Кватрачэнта. Яны адмовіліся ад «кабінетнага» жывапісу і пачалі маляваць на прыродзеПанэль у Манчэстэрскай мастацкай галерэі, а таксама ўнеслі змены ў традыцыйную тэхніку жывапісу. На загрунтаваным палатне прэрафаэліты вызначалі кампазіцыю, наносілі пласт бялілаў і збіралі з яго масла прамакальнай паперай, а затым пісалі на бялілах паўпразрыстымі фарбамі. Абраная тэхніка дазволіла дамагчыся яркіх, свежых тонаў і аказалася такой даўгавечнай, што іх працы захаваліся ў першародным выглядзе да нашых дзён.

Барацьба з крытыкай

Спачатку працы прэрафаэлітаў прымалі даволі цёпла, аднак неўзабаве абрынулася суровая крытыка і насмешкі. Залішне натуралістычная карціна Міле «Хрыстос у бацькоўскім доме», выстаўленая ў 1850 годзе, выклікала такую хвалю абуранасці, што каралева Вікторыя папрасіла даставіць яе ў Бакінгемскі палац для самастойнага агляду.

Нападкі грамадскай думкі выклікала таксама карціна Расеці «Дабравешчанне», выкананая з адступленнямі ад хрысціянскага канону. На выстаўцы ў Каралеўскай акадэміі ў 1850 годзе Расеці, Хант і Міле так і не змаглі прадаць ніводнай карціны. У аглядзе, апублікаваным у штотыднёвіку «Атэнеум», крытык Фрэнк Стоўн пісаў: «Ігнаруючы ўсё вялікае, што было створана старымі майстрамі, гэта школа, да якой належыць Расеці, пляцецца няўпэўненымі крокамі да сваіх ранніх папярэднікаў. Гэта — археалогія, пазбаўленая ўсякай карысці і пераўтвораная ў дактрынёрства. Людзі, якія належаць да гэтай школы, заяўляюць, што яны кіруюцца праўдай і прастатой прыроды. Насамрэч яны па-рабску імітуюць мастацкую няўмеласць».

Прынцыпы Брацтва былі раскрытыкаваны з боку шматлікіх паважаных жывапісцаў: прэзідэнта Акадэміі мастацтваў, Чарлза Істлейка, групы мастакоў «Кліка», якую ўзначальваў Рычард Дад. У выніку Джэймс Колінсан нават адрокся ад Брацтва, і былі скасаваны заручыны з Крысцінай РасеціХоць скасаванне заручын было выклікана, у першую чаргу, рэлігійнымі рознагалоссямі.. Пасля яго месца заняў жывапісец Уолтэр Дэверэл.

Становішча ў пэўнай ступені выратаваў Джон Роскін, уплывовы гісторык мастацтва і мастацкі крытык Англіі. Нягледзячы на тое, што ў 1850 годзе яму было толькі трыццаць два гады, ён ужо з’яўляўся аўтарам шырока вядомых прац пра мастацтва. У некалькіх артыкулах, апублікаваных у «Таймс», Роскін даў творам прэрафаэлітаў пахвальную ацэнку, падкрэсліўшы, што асабіста не знаёмы ні з кім з Брацтва. Ён абвясціў, што іх працы могуць «легчы ў аснову мастацкай школы, больш велічнай, чым усё, што ведаў свет папярэднія 300 гадоў». Акрамя таго, Роскін купіў многія з карцін Габрыэля Расеці, чым падтрымаў яго матэрыяльна, і ўзяў пад сваё крыло Міле, у якім адразу ўбачыў выбітны талент.

Джон Роскін і яго ўплыў

Англійскі крытык Джон Роскін прывёў у парадак ідэі прэрафаэлітаў адносна мастацтва, аформіўшы іх у лагічную сістэму. Сярод яго прац найбольш вядомыя «Мастацкая выдумка: прыгожае і агіднае» (), «Англійскае мастацтва» (The Art of England), «Сучасныя мастакі» (Modern Painters). Ён жа аўтар артыкула «Прэрафаэлітызм» (), які выйшаў у 1851 годзе.

«Цяперашнія мастакі, — пісаў Роскін у „Сучасных мастаках“, — адлюстроўваюць [прыроду] ці занадта павярхоўна, ці занадта прыхарошана; яны не імкнуцца пракрасціся ў [яе] сутнасць». У якасці ідэалу Роскін высоўваў сярэднявечнае мастацтва, такіх майстроў Ранняга Адраджэння, як Перуджына, Фра Беата Анджэліка, Джавані Беліні, і падахвочваў мастакоў «пісаць карціны з чыстым сэрцам, ні на што не арыентуючыся, нічога не выбіраючы і нічым не грэбуючы». Аналагічным чынам Мэдакс Браўн, які аказаў уплыў на прэрафаэлітаў, пісаў пра сваю карціну «Развітанне з Англіяй» (, 1855 год): «Я паспрабаваў забыцца пра ўсе існуючыя мастацкія плыні і адлюстраваць гэту сцэну так, як яна павінна была б выглядаць». Мэдакс Браўн спецыяльна пісаў гэту карціну на узбярэжжы, каб дабіцца эфекту «асвятлення з усіх бакоў», якое бывае на моры ў пахмурныя дніБРАТСТВО ПРЕРАФАЭЛИТОВ. Прэрафаэліцкая тэхніка напісання карцін прадугледжвала прапрацоўку кожнай дэталі.

Роскін таксама абвяшчаў «прынцып вернасці Прыродзе»: «Ці не ад таго, што мы любім свае тварэнні больш, чым Яго, мы шануем каляровае шкло, а не светлыя аблокі… І, вырабляючы купелі і ўзводзячы калоны ў гонар Таго… мы ўяўляем, што нам даруецца ганебнае грэбаванне ўзгоркамі і патокамі, якімі Ён надзяліў наша жыллё — зямлю». Такім чынам, мастацтва павінна было спрыяць адраджэнню духоўнасці ў чалавеку, маральнай чысціні і рэлігійнасці, што таксама стала мэтай прэрафаэлітаў.

Роскіну належыць яснае вызначэнне мастацкіх мэт прэрафаэлітызму: Лёгка кіраваць пэндзлем і пісаць траву і расліны з дастатковай для вока слушнасцю; гэтага можа дабіцца ўсякі пасля некалькіх гадоў працы. Але адлюстроўваць сярод травы і раслін таямніцы тварэння і спалучэнняў, якімі прырода гаворыць нашаму разуменню, перадаваць далікатны выгін і хвалісты цень узрыхленай зямлі, знаходзіць ва ўсім, што здаецца самым дробным, праява вечнага боскага новатварэння прыгажосці і велічы, паказваць гэта немыслячым і невідушчым — такое прызначэнне мастака.

Ідэі Роскіна глыбока кранулі прэрафаэлітаў, асабліва Уільяма Холмана Ханта, які заразіў сваім запалам Міле і Расеці. У 1847 годзе Хант пісаў пра кнігу Роскіна «Сучасныя мастакі»: «Як ніякі іншы чытач, я адчуваў, што кніга напісана адмыслова для мяне». Вызначаючы свой падыход да працы, Хант таксама адзначаў, што для яго важна зыходзіць з прадмета, «і не толькі з-за таго, што існуе шарм скончанасці прадмета, а для таго, каб зразумець прынцыпы дызайну, якія існуюць у Прыродзе».

Распад Пасля таго, як прэрафаэлітызм атрымаў падтрымку Роскіна, прэрафаэлітаў прызналі і палюбілі, ім далі права «грамадзянства» ў мастацтве, яны ўваходзяць у моду і атрымліваюць больш добразычлівы прыём на выстаўках Каралеўскай акадэміі, карыстаюцца поспехам на Сусветнай выстаўцы 1855 года ў ПарыжыЭнциклопедия символизма. Живопись, графика и скульптура. Литература. Музыка. Жан Кассу. — М.: Республика, 1998..

Акрамя ўжо згаданага Мэдакса Браўна, прэрафаэліцкім стылем таксама зацікавіліся Артур Х’юз (найбольш вядомы дзякуючы карціне «Красавіцкае каханне», 1855—1856 гг.), Генры Уоліс, Роберт Брайтуэйт Марціна, Уільям Уіндус () і іншыя.