Слуцкае Евангелле — рукапіснае Евангелле-тэтр (Чацвераевангелле), помнік пісьменства XVI стагоддзя.

Гісторыя

Да нядаўняга часу лічылі, што рукапіс у 1582 годзе уласнаручна стварыў слуцкі князь Юры Юр’евіч Алелькавіч (1559—1586). Грунтам такой думкі быў запіс на адным з пустых аркушаў. Аднак, лінгвістычны і палеаграфічны аналіз паказаў, што гэта стылізаваны пад старажытнасць запіс зроблены наймаверна ў XIX ст.Клімаў І. П. Да пытання аб атрыбуцыі і датаванні Слуцкага Евангелля XVI ст. // «Здабыткі:дакументальныя помнікі на Беларусі». — вып. 11. — Мінск, 2009. — С. 41-49.. Даследаванне паперы і вадзяных знакаў (філіграняў) аркушаў Слуцкага Евангелля сведчыць, што гэта помнік пісьменства першай трэці XVI ст. Месца стварэння не вядомае, магчыма, гэты Кіеў, Луцк або Супрасльскі манастыр. Супраць версіі стварэння ў слуцкім Свята-Траецкім манастыры тое, што астатнія слуцкія Евангеллі пачатку XVI ст. напісаны ў іншых месцах — Лаўрышаўскім манастыры і Морацкім Мікольскім манастыры, значыць, устойлівай школы кнігапісання ў тагачасным Слуцку не былоПазднякоў В. С. «Вадзяныя знакі Слуцкага Евангелля» // Матэрыялы ІХ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Статут Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі культуры Беларусі» Мінск, 18-19 красавіка 2013 г. — Мінск, 2013 — С. 179—185.

У канцы ХІХ ст. Евангелле знаходзілася ў рызніцы слуцкага Свята-Траецкага манастыра.

У 1889 годзе Евангелле прывозілі на Маскоўскую археалагічную выстаўку. Пазней яно адзначана ў спісе Расійскага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу, як царкоўная каштоўнасць, якую трэба вывезці са Слуцка пасля пачатку Першай сусветнай вайны.

Да канца 1920-х гадоў Слуцкае Евангелле знаходзілася ў фондах Мінскага дзяржаўнага музея, з 1929 года, калі сталіцай БССР намерваліся зрабіць Магілёў — у Магілёўскім краязнаўчым музеі, а затым у пакоі-сейфе будынка Магілёўскага абкама партыі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Слуцкае Евангелле знікла з браніраванага пакоя-сейфа разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай. Рэчы былі ў міжнародным вышуку як скрадзеныя нацыстамі.

12 чэрвеня 2003 года праваслаўны патрыяршы экзарх, мінскі мітрапаліт Філарэт паведаміў, што невядомая мінская прыхаджанка ахвяравала атрыманае ў спадчыну Евангелле святару за адпяванне сваяка. Адбылося гэта раней, ужо ў 2002 годзе Слуцкае Евангелле перадалі ў Беларускі экзархат, яно захоўваецца ў дамовым храме ў імя Сабора беларускіх святыхАлесь Суша. Слуцкае Евангелле. Узнаўленне святыні (04.06.2020)..

Апісанне

Вонкавы выгляд і пераплёт

Гісторыя

Спачатку было ў пераплёце з дошак, абгорнутых малінавым аксамітам, у металічным ювелірным абкладзе. Пасля 1866 года абклад знялі і з таго часу яно згадваецца толькі ў простым, абгорнутым аксамітам пераплёцеІгар Ціткоўскі. Слуцкае Евангелле .

Апісанне

Слуцкае Евангелле — вялікая кніга на паперы фарматам in folio.

Кодэкс абцягнуты рудога колеру аксамітавай тканінай, якая выцвіла, асабліва па краях накрывак і на спінцы. Першасны колер тканіны — малінавы — праглядаецца толькі ў самым нізе спінкі, на кантах і ў цэнтральнай частцы ніжняга вечка. Пераплёт суцэльнатканы. Памер пераплёту — 305х242 мм, вышыня абрэза — 35 мм. Вечкі з мяккага кардону. Кардон сфармаваны склейваннем некалькіх аркушаў валакністай шэрай паперы. Таўшчыня вечка — 5 мм (6-8 пластоў паперы). Вечкі выступаюць за кніжны блок: уверсе і ўнізе — на 4 мм, збоку — на 6 мм. Упрыгожванне вечкаў сціплае — сляпым цісненнем выканана бардзюрная гладкая шырокая рамка і ў кутах — падвоеныя віньеткі аднаго простага малюнка. На бакавым канцы ніжняга вечка праглядаецца акуратна выразаны невялікі прастакутны фрагмент аксамітавага пакрыцця, краі тканіны падклеены. Магчыма, гэта след ад звычайнага ўмацавання завязкі першаснай аправы. Верхні каптал не праглядаецца, ніжні адсутнічае. У версе спінкі, на песцы каптала, аксамітавая тканіна абгортвае верхнюю частку спінкі, што выступае. Спінка глухая, на ёй 5 бінтоў. Умацаванне сшыткаў у кніжны блок даволі цвёрдае. Аркушы сшытыя ўздоўж спінкавага фальцу светла-шэрымі, падобна, баваўнянымі ніткамі. Спінка блока праклеена (колер клею цёмны).

Унутраная структура У кнізе 263 аркушы, з якіх 6 чыстых, 4 запоўнены тэкстам не цалкам і 8 пераплётных аркушаў. У рукапісе 32 сшыткі, колькасць аркушаў у іх аднолькавая — па 8 у кожным сшытку. Першапачатковая знешняя структура кнігі не парушаная — усе сшыткі захаваліся, аркушы ў сшытках не страчаныя і знаходзяцца ў іх на сваіх месцах, узноўленых аркушаў нямаСтанкевіч Л. І. «Слуцкае Евангелле (XVI ст.) як помнік кніжнай культуры Беларусі» // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры. — ч. 1. — Мінск, 2006. — С. 43-52.

Сшыткі маюць першапачатковую (XVI ст.) пісцовую сігнатуру атрамантам, якая пазначаная літарамі кірыліцы пад цітлам. Сігнатура прастаўлена двойчы ў ніжнім полі аркуша пасярэдзіне — на пярэднім баку першага аркуша і адваротным баку апошняга аркуша кожнага сшытка. Нумарацыя сшыткаў паслядоўная, без пропускаў і паўтораў. Сігнатура захавалася толькі на некаторых сшытках, але няпоўнасцю — ці на першым, ці на апошнім аркушы. На большасці сшыткаў сігнатура пашкоджаная: абрэзана ў час рэстаўрацыі амаль цалкам (акрамя цітла) ці захавалася толькі верхняя частка.

Памеры аркушаў — 342х232 мм — не першапачатковыя, на іх сляды падроўнівання. Знізу рукапіс быў абрэзаны не зусім роўна. Таму знешні край аркуша болей за спінкавы на 2-3 мм. Аркуш мае традыцыйна шырокія палі: верхняе і спінкавае амаль аднолькавага памеру — 30-35 мм і 30-33 мм адпаведна; самае шырокае ніжняе поле — 48-50 мм; знешняе (ці бакавое) — 40-43 мм.

Аркушы разлінаваныя ў два слупкі, па 20 радкоў у кожным. Стандартнае поле разлінаванага тэксту выглядае так: вышыня слупка — 260 мм, шырыня — 70 мм, інтэрвал паміж слупкамі — 16 мм. Вышыня радка — 4 мм, інтэрвал паміж радкамі — 9 мм. Дадаткова разлінавана па адным радку на верхнім полі для калантытула і на ніжнім полі для пазначэння евангельскіх чытанняў. Шырыня радкоў роўная шырыні слупкоў.

Разліноўка выкананая вострым інструментам (металічным ці касцяным стрыжнем), радок вычарчаны дзвюма гарызанталямі для напісання малых літар. На аркушах 139—162 ў левым верхнім куце, амаль ля самага краю аркуша, дзірка круглай формы ад наколвання вострым інструментам. Лічыцца, што гэта след ад наколу пры разліноўцы. Верагодна, былі такія наколы і на іншых аркушах, але з прычыны абрэзкі аркушаў пры рэстаўрацыі яны зніклі. На двух аркушах (163 і 165) захаваўся толькі след ад націскання.

Напісаная царкоўнаславянскай мовай малодшым паўуставам карычневым чарнілам з выкарыстаннем кінавары і золата. Ёсць каляровыя застаўкі, якія, як і многія літары, былі аздоблены геаметрычным і раслінным арнаментам. Пераплёт XIX стагоддзя з тоўстага кардону ў малінавым аксаміце, ёсць аклад. На першым аркушы стылізаваны пад старажытнасць запіс, зроблены ў XIX ст. ад імя княжацкага спавядальніка пратапопа Малафея, што кнігу напісаў князь Юрый Алелькавіч.

Змест кнігі Слуцкае Евангелле паводле зместу — гэта службовы тэтр, які забяспечаны разбіўкаю на чытанні (перыкопы ці зачалы) і богаслужэбнай рубрыкацыяй, якая дазваляе выкарыстоўваць тэкст для літургіі. У гэтых мэтах пачатак і канец евангельскага чытання ў рукапісе адзначаны кінавар’ю, якою таксама часта падаецца назва чытання (на які дзень тыдня ці свята), а на палях або паміж радкоў выпісваецца богаслужэбны інцыпіт. Склад тэкстаў рукапісу звычайны для службовых тэтраў XVI ст.: кожнаму з чатырох Евангелляў папярэднічаюць традыцыйныя прадмовы (магчыма, з Тлумачальнага Евангелля балгарскага архібіскупа Феафілакта) і пералік царкоўных раздзелаў з кароткімі загалоўкамі, якія адлюстроўваюць змест. Кожнае Евангелле заканчваецца традыцыйнай кароткай прыпіскай кінавар’ю, дзе падаюцца звесткі пра лік вершаў ды гістарычную эпоху, у якую было напісана Евангелле. Рукапіс завяршаюць дадатковыя тэксты, што звычайна змяшчаліся ў службовых тэтрах: меналогій (саборнік) і некалькі паказальнікаў царкоўных чытанняў (у т.л. сінксара). Верагодна, усе гэтыя паказальнікі перапісаныя паводле пратографа, а не ўпісаныя стваральнікам рукапісу самастойна.

Узнаўленне

У 2008 годзе, па выніках некалькіх гадоў навуковых даследаванняў Нацыянальная бібліятэка Беларусі здзейсніла электроннае выданне лічбавай копіі і ўзноўлены тэкст рукапісу, а таксама матэрыялаў гістарычнага, кодэка-палеаграфічнага і лінгвістычнага аналізу Слуцкага Евангелля. У 2009 годзе Беларускі экзархат пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі здзейсніў факсімільнае выданне гэтых матэрыялаў.

Крыніцы

Літаратура Древнерусский город Слуцк и его святыни: Ист. очерк / Сост. Ф. Ф. Серно-Соловьевич. — Вильно, 1896. Снитко А. К. описание рукописей и старопечатных книг в Слуцком (Минской губ.) Тройчанском монастыре//Известия ОРЯС. 1911. т. 16, кн. 1 Katamajska-Saeed M. Portrety i zabitki ksiazat Olelkowiczow w Skucku. — Warszawa, 1996

Спасылкі

Выдадзена рукапіснае Слуцкае Евангелле Праўда пра два вагоны (інтэрв’ю з кіраўніком аддзелам публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Слуцкае Евангелле З’ява Слуцкага Евангелля Слуцкае Евангелле: страта і знаходка // сайт Слуцкай епархіі Алесь Суша. Слуцкае Евангелле. Узнаўленне святыні (04.06.2020).

Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Рукапісы Евангелляў Катэгорыя:Мастацтва Беларусі Катэгорыя:Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім