Аманімі́я (ад — аднайменнасць) — гукавое супадзенне розных па значэнні адзінак мовы (слоў, марфем, словазлучэнняў). Словы, якія маюць такое супадзенне, называюцца амонімамі ( — аднолькавы + — імя).

Паняцце было ўведзена Арыстоцелем. Сукупнасць амонімаў якой-небудзь мовы, а таксама раздзел лексікалогіі, які іх вывучае, называюцца аманімікай.

Тыпалогія Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя, фанетычныя (амафоны), марфалагічныя (амаформы) і іншыя.

Лексічныя амонімы Лексічныя амонімы маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы. «Нота» — дыпламатычны дакумент і «нота» — музычны знак; «Блок» — палітычнае аб'яднанне і «блок» — тэхнічнае прыстасаванне, механізм.

Фанетычныя амонімы (амафоны) Амафоны — словы, якія аднолькава гучаць, але адрозніваюцца напісаннем. Часцей за ўсё яны супадаюць па гучанні толькі ў асобных формах. Прыклады: грыб — грып, род — рот, везці — весці, код — кот, казка — каска.

А раніцай туман над сопкай — густая пара над катлом: знаёма пахла бульбай сопкай, сялом, пакінутым жытлом.Рыгор Барадулін

Марфалагічныя амонімы (амаформы) Амаформы — словы, якія звычайна адносяцца да розных часцін мовы і супадаюць толькі ў некаторых марфалагічных формах. «Вусны» (назоўнік множнага ліку) і «вусны» (прыметнік); «Кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу); «Сопкі» (прыметнік) і «сопкі» (назоўнік множнага ліку).

Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Поўная і частковая аманімія Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўная аманімія Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах. Прыклад: «заранка» — зорка і «заранка» — птушка.

Частковая аманімія Пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай форм іншага слова ці з адной яго формай. «Вечарам» (прыслоўе) і «вечарам» (назоўнік мужчынскага роду адзіночнага ліку творнага склону).

У беларускай мове пашыраны від частковай аманіміі, калі ўсе формы аднаго назоўніка аказваюцца аманімічнымі з формамі множнага ліку іншага назоўніка: «Курсы» — форма павышэння кваліфікацыі кадраў і «курсы» — множны лік да слова «курс». «Шашкі» — гульня і «шашкі» — множны лік да слова «шашка».

Да частковай аманіміі таксама адносяць: Прыставачную аманімію: «дапісаць» — поўнасцю скончыць пісаць і «дапісаць» — запоўніць старонку (да канца). Супадзенне форм аднаго з трыванняў (закончанага ці незакончанага) розных дзеясловаў: «прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць». Памяншальныя формы: «норка» (звер) і «норка» (маленькая нара); «ножка» (у мэблі) і «ножка» (памяншальнае ад «нага»); «кашка» (канюшына) і «кашка» (памяншальнае ад «каша»).

Узнікненне амонімаў Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку разнастайных працэсаў:

Страта сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў: «Каса» — заплеценыя валасы; «Каса» — прылада працы; «Каса» — вузкая пясчаная паласа. Дзеянне фанетычных законаў (напрыклад, аглушэння зычных на канцы слова): «Мох» (расліна) — «мог» (ад дзеяслова «магчы»). Выпадковае гукавое супадзенне розных слоў: «Міна» (выраз твару) — «міна» (снарад з выбуховым рэчывам). Пераход слоў з адной часціны мовы ў другую: «Дзяжурны» (назоўнік) — «дзяжурны» вучань (прыметнік). Запазычанне лексікі, абрэвіяцыя і інш.

Выкарыстанне ў літаратуры Аманімія часта выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры для стварэння каламбураў, эпіграм, жартаў як своеасаблівы сродак гульні слоў.

Я на елку палячу — усе галінкі палячу. З журавін зрабіў каралі, журавы мяне каралі, а суніцы ледзь паспелі, іх дразды скляваць паспелі.Сяргей Грахоўскі

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Семантыка Катэгорыя:Лексікалогія