right|thumb|170px|Статак авечак у Айдаха, ЗША Жывёлагадоўля — галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем сельскагаспадарчых жывёл для вытворчасці жывёлагадоўчых прадуктаў.

Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйкі, мёд і інш.), лёгкую і харчовую прамысловасць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лекавыя сродкі (гармоны, сывараткі) і арганічныя ўгнаенні. Галоўныя галіны: гадоўля буйной рагатай жывёлы, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, рыбаводства, сабакаводства, трусагадоўля, шаўкаводства. Жывёлагадоўля Беларусі мае малочна-мясны кірунак.

Жывёлагадоўля — найбольш старажытны промысел чалавецтва пасля палявання, збіральніцтва і рыбалоўства, засвоены нароўні з земляробствам, у неаліце (гл. неалітычная рэвалюцыя). З'яўленню жывёлагадоўлі папярэднічаў працэс прыручэнне пэўных відаў дзікіх звяроў, якія былі прыдатнымі для жыцця з чалавекам і з якіх магла быць вынятая карысць у форме крыніцы мяса, малака, шкур або ў якасці рабочай жывёлы, якая цягне плуг.

Жывёлагадоўля знаходзіцца ў цеснай сувязі з раслінаводствам. Жывёлы пераўтвараюць раслінныя прадукты і шматлікія адыходы раслінаводства ў каштоўныя прадукты харчавання і сыравіну, забяспечваюць угнаеннем.

Тэарэтычную аснову жывёлагадоўлі складае заатэхнія — навука аб тэорыі і тэхналогіі вытворчых працэсаў пры вырабе прадуктаў жывёлагадоўлі шляхам развядзення, кармлення, утрымання і ўдасканальвання хатніх жывёл.

Літаратура Жывёлагадоўля // Геаграфічныя паняцці і тэрміны. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — ISBN 5-85700-085-8 А. А. Лазоўскі. Жывёлагадоўля // Асновы сельскай гаспадаркі: Вучэб. дапам. у 2 ч. Ч. 2. — Пад рэд. У. Л. Фядотава. — Мн.: Ураджай, 1998. — ISBN 985-04-0241-5.

Спасылкі

Інфармацыйны рэсурс пра жывёлагадоўлю

Катэгорыя:Узаемадзеянне чалавека з жывёламі