Тэўтонскі ордэн, Нямецкі ордэн, Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя св. Марыі ў Іерусаліме — нямецкі духоўна-рыцарскі ордэн, заснаваны ў 1190 у Акры, дзе паломнікі з Любека і Брэмена стварылі шпіталь, які неўзабаве перайшоў пад патранаж нямецкай царквы св. Марыі ў Іерусаліме. Быў вядомы таксама як Прускі ордэн.

У 1198 крыжаносцы імператара Генрыха VI пераўтварылі шпітальнае брацтва ў рыцарскі ордэн, залічаўшы ў свае браты толькі немцаў. Да 1291 рэзідэнцыя ордэна знаходзілася ў Акры, а пасля падзення горада — у Венецыі. Тым часам разгарэлася варожасць паміж Т.о. і двума іншымі рыцарскімі ордэнамі: тампліерамі і шпітальерамі. У пач. XIII ст. Т.о. перанёс сваю дзейнасць ва Усходнюю Еўропу і першапачаткова аселі ў Трансільваніі — служачы тут бар’ерам на шляхі набегаў куманаў. Затым імператар Фрыдрых II рэарганізаваў Т.о., надаўшы вялікаму магістру Герману фон Зальцу княскі тытул, і накіраваў Т.о. на заваяванне і хрысціянізацыю ўсходніх памежных земляў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

У 1226 Герман фон Зальц адгукнуўся на просьбу аб дапамозе кн. Конрада Мазавецкага і арганізаваў крыжовы паход супраць прусаў. Па дагавору з Конрадам Т.о. атрымаў у валоданне Хэлмінскую зямлю ў Мазовіі ў якасці плацдарму, а таксама ўсе землі, якія заваюе ў паганскай Прусіі. У 1234 Т.о. фармальна прызнаў свае ўладанні папскім ленам, але папраўдзе быў асобнай дзяржавай, паколькі слабая папская ўлада не магла аказаць на яго хоць колькі-небудзь істотнага ўплыву. У 1237 Т.о., значна ўзмацніўся, далучыўшы Ордэн мечаносцаў, які пацярпеў перад гэтым паразы ад русінаў (літоўцы), жамойтаў і земгалаў. У наступныя стагоддзі Т.о. усталяваў кантроль над усім балтыйскім узбярэжжам ад меж Памор’я да Фінскага заліва (: вайна Ордэна ў Прусіі, вайна Ордэна з ВКЛ), будуючы рад гарадоў (напр., Мемель, 1253) і замкаў, і заступаючы Польшчы і ВКЛ выхад да Балтыйскага мора. Т.о. вылучалі землі нямецкім рыцарам у якасці ленаў, сялілі на заваяваных землях нямецкіх сялян і разам з Ганзейскім саюзам гарадоў заснавалі шэраг новых гандлёвых паселішчаў. У 1309 Т.о. перанёс сваю сталіцу ў Марыенбург (сучас. Мальбарк, Польшча).

У пач. XIV ст. Т.о. дасягнуў вяршыні сваёй магутнасці і росквіту. У 2-ой пал. XIV ст. адбылося ўзмацненне Польшчы, асабліва пасля яе аб’яднання з ВКЛ. У час Вялікай вайны з саюзнымі Польшчай і ВКЛ магутнасць Ордэна была зломлена, найперш у Грунвальдскай бітве (1410). Па Торуньскім міры 1466, які завяршыў Трынаццацігадовую вайну Польшчы з Т.о. (1454-66), апошні прызнаў сябе васалам Польшчы і перадаў ёй Заходнюю Прусію. У 1525 вялікі магістр Т.о. Альбрэхт Старэйшы Гагенцолерн прыняў лютэранства і правёў секулярызацыю Ордэна ва Усходняй Прусіі, якая стала з гэтага часу яго спадчынным герцагствам. Калі ў 1618 гэтая дынастычная лінія спынілася, герцагства перайшло ў валоданне брадэнбургскіх курфюрстаў, таксама з Гагенцолернаў.

У 1801 Францыя далучыла землі Тэўтонскага ордэна на захад ад Рэйна, а ў 1809 Напалеон сваім дэкрэтам скасаваў ордэн і аддаў яго зямлі на правым беразе Рэйна нямецкім саюзнікам.

Тэўтонскі ордэн быў адноўлены ў Аўстрыі ў 1834 — у якасці каталіцкага шляхецкага саюза. Пасля 1918 існуе толькі святарская галіна ордэна, ператвораная Піем XI у духоўны ордэн, з рэзідэнцыяй у Вене. Таксама Тэўтонскі ордэн працягвае існаваць у рамках пратэстантызму ў Утрэхце.

Вялікія магістры

Генрых Вальпот фон Басенхайм 1198—1200 Ота фон Керпен 1200—1208 Генрых фон Туна 1208—1209 Герман фон Зальца 1209—1239 Конрад Цюрынгскі 1239—1240 Герхард фон Мальберг 1240—1244 Генрых фон Гогенлоэ 1244—1249 Гюнтэр фон Вюлерслебен 1250—1252 Попо фон Астэрна 1252—1256 Хартман фон Гельдрунген 1273—1282 Конрад фон Фейхтванген 1291—1296

Літаратура Краўцэвіч А. К. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда  — Мн., 1993.

Гл. таксама Дзяржава Тэўтонскага ордэна Ордэн мечаносцаў

Катэгорыя:Дзяржавы крыжакоў