Слізнякі́, голыя слізнякі, часам слімакі, смаўжы — агульная назва бруханогіх малюскаў, у якіх ракавіна моцна рэдукаваная або адсутнічае. У некаторых відаў захоўваецца невялікая ракавіна, але звонку яна не бачная, бо прыкрыта мантыяй.

Слізнякі не ўтвараюць асобнага таксона. Рэдукцыя і страта ракавіны адбываліся ў розных відаў бруханогіх незалежна, таму падабенства будовы не абавязкова сведчыць пра іх блізкае паходжанне.

Будова Цела наземнага слізняка складаецца пераважна з мускулістай нагі-падэшвы, злітай з галавой. На верхнім баку цела, ззаду галавы, знаходзіцца мантыя. Пад ёй размяшчаецца лёгачная поласць, якая адкрываецца вонкі дыхальнай адтулінай; побач знаходзіцца анальная адтуліна.

Добра развітай вонкавай ракавіны няма. У розных груп яе рэдукцыя дасягнула рознай ступені: у адных відаў ракавіна поўнасцю страчаная, у іншых захоўваецца невялікая ўнутраная ракавіна, схаваная пад мантыяй.

Большасць відаў мае даўжыню некалькі сантыметраў, а найбольш буйныя могуць дасягаць 15—30 см.

Як і іншыя бруханогія, слізнякі рухаюцца пры дапамозе мускулістай нагі. Скура і залозы выдзяляюць слізь, якая палягчае перамяшчэнне і абараняе паверхню цела ад высыхання.

Лад жыцця Адсутнасць ахоўнай вонкавай ракавіны моцна ўплывае на лад жыцця наземных слізнякоў. Яны менш абаронены ад высыхання і драпежнікаў, таму пазбягаюць прамых сонечных прамянёў і найбольш актыўныя ноччу, вечарам і раніцай, а днём хаваюцца ў густой траве і пад лісцем.

Слізнякі пашыраны ў розных наземных біятопах, але асабліва шматлікія ў мясцовасцях з умераным і вільготным кліматам.

Страта ракавіны адначасова здымае абмежаванні, звязаныя з яе памерамі: слізнякі здольныя пранікаць у вузкія шчыліны і іншыя сховішчы, недаступныя бруханогім з буйной вонкавай ракавінай.

Размнажэнне Слізнякі з'яўляюцца гермафрадытамі: кожная асобіна мае адначасова мужчынскія і жаночыя палавыя органы, якія развіваюцца з адной агульнай ганады, здольнай утвараць і яйцаклеткі, і сперматазоіды.

Пры спарванні звычайна адбываецца перакрыжаванае апладненне, пасля чаго кожны са слізнякоў можа адкладаць аплодненыя яйкі. У некаторых відаў пры адсутнасці партнёра магчымае самаапладненне. Спарванню часта папярэднічае працяглае, часам шматгадзіннае рытуальнае паводзіны — дакрананне шчупальцамі і выдзяленне слізі з ферамонамі, якое дазваляе партнёрам распазнаць асобін свайго віду.

Палавая спеласць у большасці відаў наступае праз некалькі месяцаў пасля вылуплення. Напрыклад, у сеткаватага смаўжа (Deroceras reticulatum) — аднаго з відаў, пашыраных у Беларусі, — спарванне звычайна назіраецца ў канцы лета, восенню і вясной, а пры спрыяльных умовах магчыма развіццё дзвюх генерацый за год. Працягласць жыцця розных відаў складае ад некалькіх месяцаў да 1—2 гадоў, а ў некаторых, напрыклад у вялікага смаўжа, можа дасягаць 2—3 гадоў.

Харчаванне і значэнне Наземныя слізнякі кормяцца расліннымі рэшткамі, жывымі часткамі раслін, грыбамі і іншым арганічным матэрыялам. Пры харчаванні, як і іншыя бруханогія, яны выкарыстоўваюць радулу.

Слізнякі ўдзельнічаюць у раскладанні адмерлых раслінных рэшткаў. Яны прыносяць карысць, знішчаючы апалае лісце і іншыя адмерлыя часткі раслін.

Разам з тым шэраг відаў з'яўляецца шкоднікамі сельскагаспадарчых культур. Слізнякі пашкоджваюць клубніцы, агуркі, буракі, салату, гарбузы і іншыя расліны. Таксама могуць выступаць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў вірусных, бактэрыяльных і грыбковых хвароб культурных раслін.

У Беларусі У Беларусі традыцыйна сустракаюцца палявы смоўж (Deroceras agreste), сеткаваты смоўж (Deroceras reticulatum), вялікі смоўж (Limax maximus).

Паводле матэрыялу, сабранага ў Гомельскай вобласці ў 2018—2024 гадах, у Беларусі пацверджана прысутнасць некалькіх новых відаў сямейства Arion, у тым ліку Arion circumscriptus, Arion fuscus і інвазійнага іспанскага смаўжа. У 2024 годзе А. Астроўскі паведаміў пра першую знаходку ў краіне яшчэ аднаго віда — Arion fasciatus.

Заўвагі

Літаратура Бядарык І. Г., Бядарык А. Я., Іваноў У. М. Біялогія: вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — Мінск: Народная асвета, 2018. Бядарык І. Г., Бядарык А. Я., Іваноў У. М. Біялогія: вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2023. — ISBN 978-985-599-545-7.

Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. — Т. 2. — Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1983. Ostrovsky A. M. New records of synanthropic slugs Limacus maculatus and Arion vulgaris (Mollusca, Gastropoda, Stylommatophora) in Belarus // Ruthenica. — 2022. — Vol. 32, № 2. — P. 93—98. Ostrovsky A. M. Arionidae (Mollusca, Gastropoda, Stylommatophora) of the fauna of Belarus // Ruthenica. — 2024. — Vol. 34, № 4. — P. 171—176. Wägele H., Klussmann-Kolb A. Opisthobranchia (Mollusca, Gastropoda) — more than just slimy slugs. Shell reduction and its implications on defence and foraging // Frontiers in Zoology. — 2005. — Vol. 2. — Art. 3.

Катэгорыя:Бруханогія