ЖаваранкавыяНапісанне Жаваранкавыя ў адпаведнасці з: (Alaudidae) — сямейства пеўчых птушак атрада вераб’інападобныя.
Апісанне Жаваранкавыя — гэта птушкі малога ці сярэдняга памеру: даўжыня 10—25 см, маса ад 15 да 80 г. Целасклад моцны, шыя кароткая, галава вялікая. Крылы доўгія, шырокія і вострыя, якія забяспечваюць хуткі палёт. Форма дзюбы моцна адрозніваецца па родах і відах. Хвост складаецца з 12 рулявых пёраў, зрэзаных прама або з неглыбокай выразкай. Ногі кароткія і добра прыстасаваныя да перамяшчэння па зямлі. У адрозненне ад астатніх пеўчых, цэўка ззаду круглявая і пакрыта папярочнымі рагавымі шчыткамі. Пальцы сярэдняй даўжыні. Кіпцюр задняга пальца доўгі і прамы. Ахоўная афарбоўка, маскіруе пад колер мясцовай глебы. Верх звычайна бура-шэры са стракацінкамі. Палавы дымарфізм выяўлены слаба, звычайна самцы буйнейшыя за самак. Лінька адбываецца толькі ўвосень, але ў сувязі з абношваннем летняе апярэнне адрозніваецца ад зімовага.
Пашырэнне У сямействе 18 (па іншых звестках — да 19) родаў і 75—90 відаў. Распаўсюджаныя ў Еўразіі і Афрыцы, пры гэтым больш за палову відаў — эндэмікі апошняй. Частка відаў засяляе Амерыку (рагаты жаваранак) і Аўстралію (яванскі жаваранак). На тэрыторыі Беларусі 4 віды.
Асаблівасці біялогіі Кормяцца на зямлі насеннем, кветкамі, пупышкамі, лісцем і праросткамі, а таксама членістаногімі, галоўным чынам насякомымі і малюскамі. У пустынях лётаюць на вадапоі, любяць купацца ў пыле.
Манагамы. Гняздо ўладкоўваюць у ямцы, пад прыкрыццём каменя, пучка травы ці кусціка. Будуе яго і наседжвае (10-12 сутак) кладку з 2-8 яец самка. У сезон 1-2 кладкі. Птушанят кормяць абое бацькоў; маладыя асобіны пакідаюць гняздо ва ўзросце каля 10 дзён, задаўга да набыцця здольнасці да палёту.
Спіс родаў
Alaemon Alauda Ammomanes Calandrella Certhilauda Chersomanes Chersophilus Eremalauda Eremophila Eremopterix Galerida Heteromirafra Lullula Melanocorypha Mirafra Pseudalaemon Ramphocoris Spizocorys
Зноскі
Катэгорыя:Сямействы птушак