Васіль Мікалаевіч Ця́пінскі-Амельяно́віч (1530-1540-я, Цяпіна, Полацкае ваяводства, цяпер Чашніцкі раён — ) — гуманіст-асветнік, пісьменнік, кнігавыдавец, перакладчык.

Паходжанне Цяпінскія вядомыя ў актах Вялікага княства Літоўскага з XVI ст. як «кроўнародасныя» (блізка пародненыя) са Слушкамі. Слушкі былі ўплывовым родам у 2-й палове XVI—XVII стст., займалі важныя дзяржаўныя ўрады, удзельнічалі ў соймах і ўсіх вялікіх войнах. Паводле некаторых пазнейшых гербоўнікаў, якія часта пры апісанні каранёў арыстакратычных родаў трымаліся легендарных версій, Слушкі атрымалі шляхецтва пры вялікім князю Вітаўце разам з маёнткамі. Актамі гэта не пацверджана, але пэўныя сведчанні пра гэта ёсць. У 1547 годзе спадчынныя дакументы кіеўскага гараднічага Івана Грыгор’евіча Слушкі загінулі падчас пажару ў Мінску. Па хадайніцтве Слушкі Канцылярыя выдала яму пацвярджэнне на спадчынныя маёнткі. У акце пацвярджэння ўпершыню, з вядомых цяпер крыніц, згадана Цяпіна. Кіеўскі гараднічы паведаміў пра сваё права на Цяпіна: «Напервей што ему от брата его рожоного Павла Григоревича Служчича досталос(ь) на ровном делу именье их отчизное и дедизное на имя Тяпино» і на тое маюцца лісты і «твердасці» Вітаўта і іншых вялікіх князёў літоўскіх. Невядома хто быў яго першым ўладальнікам, сам Слушка згадвае пра правы на Цяпіна толькі свайго бацькі Грыгорыя і дзеда — «именье отчизное и дедизное». Такім чынам, гэтыя звесткі кажуць пра рэальных заснавальнікаў родаў Слушак і Цяпінскіх. Грыгорый Слушка — бацька кіеўскага гараднічага. Імя дзеда выяўляецца па іншых крыніцах. У судовым акце ад 14 чэрвеня 1514 года згаданы ліст, засведчаны слугамі навагародскага ваяводы, у тым ліку Грыгорыем Амельянавічам Слушкам. Амельян, імаверна, належаў да баярскага службовага стану, бо валодаў зямельнай маёмасцю. З нашчадкаў двух яго сыноў адзіны род Слушак раздзяліўся на два роднасных — Слушак (ад Грыгорыя) і Цяпінскіх (ад Івана). Імя агульнага пачынальніка роду працяглы час заставалася ў поўных родавых прозвішчах Слушак і Цяпінскіх. Нават судовы акт ад 28 ліпеня 1604 года называе аднаго з сыноў Васіля Цяпінскага, зямяніна Полацкага ваяводства — Цяпінскім-Амельяновічам.

Сыны Івана Амельянавіча, «рожоныя» (родныя) браты Мікалай (бацька Васіля) і Мацей Цяпінскія, упершыню названыя ў Попісе 1528 года. У беларускай гістарыяграфіяй гэтая згадка была не заўважана, магчыма, недагляд тлумачыцца запісам іх без прозвішча Цяпінскія. Попісы (перапісы шляхецкага паспалітага рушэння Вялікага княства Літоўскага) праводзілі нерэгулярна, звычайна, падчас збору войска для ваенных дзеянняў або пры пагрозе вайны, і змяшчалі агульныя звесткі пра сацыяльны і маёмасны стан шляхты і колькасці выстаўляных ёю «коней» (узброеных вершнікаў), пастановы вольных соймаў вызначылі адпаведныя нормы — 1 «конь» з 8 сялянскіх службаў у 1528 годзе, з 10 службаў ў 1567 годзе.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і баярына гаспадарскага Полацкага павета Мікалая Амельяновіча. Імя Васіля Цяпінскага разам з братамі Жданам і Іванам-Войнай ўпершыню згадана ў крыніцах 1560-х гадоў (тастамент маці 1563 года, працэс 1564 года з Юрыем Осцікавічам, які напаў на маёнтак Цяпінскіх — Свіраны). Жыццё Васіля Цяпінскага амаль не асветлена крыніцамі. Год нараджэння невядомы. Традыцыйна (без значнага абгрунтавання) лічыцца, што ён нарадзіўся недзе ў 1540-х гадах. Датаваны 1578 годам партрэт Цяпінскага выклікае сумненні датычна свайго паходжання. Няма звестак пра вучобу Васіля Цяпінскага ў замежных універсітэтах. Паводле дакументаў, у канцы 1550-х — пачатку 1560-х гадоў бацькі Васіля Цяпінскага былі вельмі сталага ўзросту (тастамент маці напісаны ў 1563 годзе, бацька памёр раней). Таму даследчыкі дапускаюць, што Васіль Цяпінскі нарадзіўся ў 1530-я — пачатку 1540-х гадоў. У 1550-х гадах ён самастойна ўдзельнічаў у судовых працэсах і не быў малодшым сынам падчас складання тастаменту маці. У тастаменце названы яшчэ два сыны Матроны Мікалаеўны — Ждан і Іван Война, якому на пачатку 1560-х гадоў яшчэ трэба было апякунства, а таксама даволі дарослая ўнучка Марына.

Жонка Васіля Цяпінскага — Соф’я Данілаўна, паходзіла з княжацкага роду Жыжэмскіх. Васіль Цяпінскі меў родавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладанні ў Менскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім паветах.

У 1567 годзе служыў таварышам коннай роты аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Браў удзел у Інфлянцкай вайне 1558—1563 гадоў. Служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу, апекуну рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць у ВКЛ. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-х гадоў Васіль Цяпінскі жыў на Валыні.

У канцы жыцця Цяпінскі, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 года полацкі гродскі суд разглядаў справу паміж ягонымі сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзеныя ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем.

У актавай кнізе менскага гродскага суда за 1600 год (захоўваецца у Цэнтральным гістарычным архіве) знойдзена скарга баяраў Полацкага павета Канстанціна і Абрама Цяпінскіх на зямяніна К. Гурына з маёнтка Юнцаўскі за напад і збіццё іх у стадоле маёнтка Крайскі.«…по справе своей, которую мети маем за позвы гродскими… перед судом… з земяны господарскими воеводства Полоцкого с паном Иваном и Василием Матеевичами Тяпинскими о забите через них отцу нашого пана Василя Цяпинского..»

Такім чынам, запіс паведамляе пра забойства Васіля Цяпінскага яго стрыечнымі братамі ў 1599 або ў пачатку 1600 года, матывы невядомыя, магчыма, так скончылася даўняя варожасць Васіля і яго дзядзькі Мацея Цяпінскага, пра якую згадвае запіс у Метрыцы. Пра шматлікіх нядобразычліўцаў і ворагаў Цяпінскі піша ў сваёй прадмове да Евангелля.

Дзейнасць Васіль Цяпінскі працягваў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Францыска Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з Сымонам Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды. Як і Сымон Будны, ён прыйшоў ад кальвінізму да антытрынітарызму. У кнізе «Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскай веры» Сымон Будны паведамляў, што ў 1574 годзе ў доме «брата мілага Васіля Цяпінскага» адбыўся сінод антытрынітарыяў. У другой сваёй кнізе ён пісаў пра сінод 1578 года, на якім Цяпінскі адстойваў пазіцыю, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў і пагрозы тыраніі — не грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды Цяпінскага супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху.

Выданне Евангелля

У 1570-я гады Васіль Цяпінскі на свае сродкі арганізаваў друкарню (якая знаходзілася, відаць, у Цяпіна) з намерам выдаваць кнігі на старабеларускай мове. У яго была добрая бібліятэка, неабходная для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і старабеларускай — Цяпінскі распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Зараз вядома толькі адно яго выданне Евангелля, якое выйшла каля 1570 года і змяшчае Евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў XIX стагоддзі ў рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Васіля Цяпінскага. Кніга мае арыгінальную будову: тэкст надрукаваны ў два слупкі (на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах) са шматлікімі спасылкамі на літаратурныя крыніцы.

Прадмова да Евангелля Прадмова да гэтага выдання на 6 аркушах напісана ім жа. Пры перакладзе Евангелля на старабеларускую мову Васіль Цяпінскі абапіраўся на стараславянскія пераклады Бібліі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. Выданне ўпрыгожана наборным арнаментам. Прадмова да «Евангелля» адрозніваецца ад іншых прадмоў у старадруках публіцыстычнай страснасцю, вастрынёй пастаўленых пытанняў. Васіль Цяпінскі асуджае царкоўную і свецкую знаць, якая абыякава ставіцца да будучыні Айчыны.

Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў да Радзімы. Пра сваё высокае прызначэнне служыць народу Васіль Цяпінскі пісаў у рукапіснай прадмове да Евангелля. Ён высока цаніў свой «зацный, славный, острий, довстипный» народ, да якога адносіў і сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці існуючага грамадства, ён звязваў яго з агульным заняпадам навукі і маралі, заклікаў паноў і духавенства дапамагчы паспалітаму люду, адкрыць школы і ўзняць навуку «занедбаную». Васіль Цяпінскі імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове як «сумы закону божиего», якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію. Такім чынам асветніцкая праграма Васіля Цяпінскага была разлічана на ўздым нацыянальнай культуры, школьнай справы, пісьменства, кнігадрукавання, умацаванне пазіцый старабеларускай мовы, абуджэнне грамадзянскай актыўнасці народа, яго гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакратычныя тэндэнцыі.

Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяння непрыяцеляў, якія здзекаваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Матфея, Марка і пачатак з Евангелля Лукі. Выданнем Евангелля Васіль Цяпінскі ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць народа. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх «фалебными предками», саромеюцца свайго паходжання і мовы. Таму, паводле Цяпінскага, «за такою неволею» замест «мудрости и цвичения» «оплаканая неумеетность пришла, же вжо некоторые и писмо се своим… встыдают». Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на русінскай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю чалавека «для лепшого розсудку», каб у іх «детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали». У сваім выданні Евангелля Васіль Цяпінскі змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы.

Гістарычны кантэкст