Уладзімір Мартынавіч (Міхайлавіч) Азін (;  — ) — удзельнік Грамадзянскай вайны, чырвоны камандзір, камдыў.

Біяграфія Уладзімір Мартынавіч Азін нарадзіўся ў вёсцы Мар’янава Полацкага павета Віцебскай губерні ў сялянскай сям’і. Латыш. З адзнакай скончыў Полацкае гарадское вучылішча, з 1911 працаваў рахункаводам на фабрыцы ў Рызе, з 1915 года працаваў у Полацку. У 1916 годзе быў мабілізаваны. Удзельнік Першай сусветнай вайны, радавы.

У студзені 1918 года прызначаны камандзірам латышскага камуністычнага атрада; затым у Вятцы фармаваў атрады Чырвонай Гвардыі. Улетку 1918 года ў Вятцы У. М. Азін уступіў у РКП(б), быў прызначаны камандзірам батальёна 19-га Уральскага палка. Неўзабаве полк увайшоў у склад 2-й арміі. У складзе 2-й арміі 19-ы Уральскі полк вёў баі на Казанскім кірунку, змагаўся з белагвардзейцамі і белачэхамі. Пасля першых баёў Уладзімір Мартынавіч быў прызначаны камандзірам Арскай групы, якая ва ўзаемадзеянні з часткамі 5-й арміі 10 верасня 1918 года ўзяла Казань.

Пасля гэтага У. М. Азін быў прызначаны камандзірам 2-й зводнай дывізіі, якая вяла баі з паўсталымі супраць улады бальшавікоў працоўнымі і сялянамі ў Прыкам’і. У баях за Іжэўск Уладзімір Мартынавіч праявіў асабістую храбрасць: у адказны момант бою ён асабіста павёў чырвонаармейцаў у бой. За гэты бой і за ўзяцце Іжэўска (гэта значыць, падаўленне паўстання рабочых і сялян) Азін першым з чырвоных камдываў быў ганараваны ордэна Чырвонага Сцяга.

У канцы лістапада 1918 года дывізіі У. М. Азіна (Жалезнай Азінскай) быў прысвоены парадкавы нумар 28, і яна ўвайшла ў склад 2-й арміі.

У пачатку 1919 года дывізія Азіна ваявала на Усходнім фронце супраць войскаў А. В. Калчака. Спачатку на баку белагвардзейцаў была перавага, і Чырвоная Армія была вымушана адступаць. Яна зламала супраціў белагвардзейцаў на кірунку Чарнушка — Сарапул, а затым перайшла ў наступ на галоўныя гарады Сярэдняга Урала. Жорсткія баі ішлі ў раёне пасёлка Куеда.

У маі 1919 года Чырвоная Армія перайшла ў наступ. Галоўны ўдар нанесла 28-я дывізія пад камандаваннем У. М. Азіна. У ходзе наступлення дывізія ўзяла гарады Сарапул, Агрыз і Ялабуга. 15 ліпеня 1919 года 28-я дывізія сумесна з іншымі часткамі 2-й арміі авалодала Екацярынбургам. Неўзабаве 2-ю армію перакінулі на поўдзень для барацьбы з Дзянікіным. 28-я дывізія ўвайшла ў склад 10-й арміі і вяла баі на Царыцынскім кірунку. Азін быў у гэтых баях паранены ў руку, але ў шпіталі недалячыўся і вярнуўся ў дывізію.

У лютым 1920 года 28-я дывізія фарсіравала раку Маныч. 17 лютага камдыў У. М. Азін з камісарам Стэльмахам і групай разведчыкаў выехаў верхам на перадавыя пазіцыі для вызначэння становішча і рэкагнасцыроўкі. Падчас агляду мясцовасці яны сутыкнуліся з групай белаказакаў. Сыходзячы ад пагоні, Азін адстрэльваўся з рэвальвера, але пры скачку праз невялікі равок у каня лопнула папруга, і Азін упаў. Па адной з версій Уладзімір Мартынавіч Азін быў забіты казакамі пры спробе ўзяць у палон, па іншай версіі — пасля катаванняў пакараны ў станіцы Ціхарэцкая.

Узнагароды

Ордэн Чырвонага Сцяга

Памяць У яго гонар названыя вуліцы ў гарадах: Віцебск, Вяцкія Паляны, Екацярынбург, Ялабуга, Іжэўск, Казань Кіраў, Мензялінск, Можга, Наваспаскае, Перм, Полацк, Рэўда, Сарапул, Саратаў, Цымлянск, Чайкоўскі, Чарнушка, а таксама мікрараёны ў гарадах Казань, Чарнушка. У 1924 годзе ў яго гонар быў названы параход «Памяць Азіна» Волжскага параходства. У пасёлку Пяскоўка, недалёка ад школы № 4, знаходзіцца помнік «Героям азінцам». У горадзе Сарапуле на вуліцы Азіна знаходзіцца помнік У. М. Азіну. У Полацку ўсталяваны бюст У. М. Азіна (1979, архітэктар Ю. Казакоў, скульптар С. Вакар).

Літаратура Ладухин В. Н. Азин. — М.: 1967. Кондратьев Н. Начдив Владимир Азин. — М., 1968 Андрей Алдан-Семенов. Красные и Белые. М.: 1975. Тараткевич М. В. Уладзімір Азін. — Мн., 1971

Спасылкі Владимир Мартынович Азин Александр Михайлович КРУЧИНИН «Герой или авантюрист?»

Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга Катэгорыя:Военачальнікі СССР Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Загінулі ў Грамадзянскую вайну ў Расіі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Полацкім раёне