Янка Геніюш, поўнае імя Іван Пятровіч Геніюш () — беларускі грамадскі дзеяч, урач. Муж паэткі Ларысы Геніюш.
Біяграфія Пасля школы паступіў у Карлаў універсітэт у Празе, атрымаў медыцынскую адукацыю доктара-венеролага. У 1935 годзе ажаніўся з Ларысай Міклашэвіч, тым самым годам у іх нарадзіўся сын Юрка Геніюш.
Сябраваў з многімі беларускімі дзеячамі, што жылі ў Празе, у тым ліку і з кіраўніцтвам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні.
У часе нямецкай акупацыі Чэхаславакіі сябра пражскага Беларускага камітэта самапомачы. У 1943 годзе Янка Геніюш прыязджае на Беларусь у Слонім, працуе кіраўніком раённага аддзела аховы здароўя. Пасля канфлікту са слонімскім гебіткамісарам Эрэнам пераехаў у Баранавічы.
З 1945 года ўлады СССР дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» у час вайны. Пад канец 1947 года Геніюшы перабраліся з Прагі ў Вімперк. 5 сакавіка 1948 года Геніюшы арыштаваны, 12 жніўня перададзены ўладам СССР, перад гэтым пазбаўлены грамадзянства Чэхаславакіі. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 года ў турме КДБ «амерыканка» ў Мінску. У лютым 1949 года Вярхоўны Суд БССР прыгаварыў Янку Геніюша і Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах паводле артыкула 66 «Аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі» і артыкула 76 «Удзел у антысавецкай арганізацыі». У абвінавачванні Ларысы і Янкі Геніюшаў, сярод іншага, фігураваў зварот пражскага Беларускага камітэта самапомачы ад 27 чэрвеня 1941 года на адрас Адольфа Гітлера, які пачынаўся наступнымі словамі:Ларыса Геніюш у сваёй аўтабіяграфіі сцвярджала, што ўсе подпісы пад зваротам былі падробленыя Іванам Ермачэнкам, старшынёй пражскага Беларускага камітэтам самапомачы. Пры гэтым вядома, што праз рэгістрацыю ў пражскім камітэце Беларускай самапомачы былі выратаваныя яўрэі Аркадзь, Анатоль і Ярына Вальфсон, у камітэце іх запісалі праваслаўнымі беларусамі, тым самым члены камітэта рызыкавалі сваім жыццём. Частку тэрміну Янка адбыў на Варкуце. Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе, пераведзены ў Мардовію.
Сям’я Геніюшаў была датэрмінова вызвалена ў 1956 годзе, аднак ім не дазволілі вярнуцца ў Чэхаславакію. Геніюшы пасяліліся ў Зэльве ў хаце бацькі Янкі па вуліцы Савецкай, 7а. Там Геніюш уладкаваўся працаваць у мясцовы шпіталь і паліклініку. У яго кабінеце быў партрэт Францыска Скарыны. Разбіраўся ў неўралогіі, сексалогіі, венерычных хваробах. Працаваў хірургам і тэрапеўтам. Усё жыццё Геніюшы пражылі з адзнакай у пашпарце «без грамадзянства». У госці да Геніюшаў часта прыязджалі госці, былыя палітзняволеныя і літаратары: Мікола Канаш, Пятро Рашэтнік, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Данута Бічэль, Юрка Голуб, Алесь Траяноўскі і іншыя.
На пахаванне Янкі Геніюша прыехала шмат людзей. Андрэй Вайтовіч са Слоніма зрабіў па ім помнік. Пасля смерці Ларысы Геніюш на магіле паставілі новы, агульны.
Рэабілітацыя За савецкім часам Ларыса Геніюш з мужам Янкам Геніюшам не былі рэабілітаваныя. У 1999 годзе Беларускі Хельсінкскі камітэт звяртаўся ў пракуратуру ў Беларусі з хадайніцтвам аб скасаванні прыгавору Ларысе і Янку Геніюшам, але паводле рашэння Вярхоўнага суда Беларусі ў рэабілітацыі было адмоўлена, а прысуд прызнаны абгрунтаваным.
У 2024 годзе ўлады Чэхіі вярнулі Ларысе і Янку Геніюшам грамадзянства Чэхіі.
Крыніцы
Спасылкі Сяргей Чыгрын, «Янка Геніюш» Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 Сяргей Чыгрын, «Беларус непадробнай шчырасці» Новы Час № 10 (281), 8 сакавіка 2011
Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Медыкі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Карлава ўніверсітэта