Голубападо́бныя (Columbiformes) — атрад птушак, пашыраных амаль па ўсім свеце. У сучаснай класіфікацыі ўключае адно сямейства — галубіныя (Columbidae).

Апісанне

Даўжыня цела сучасных відаў складае прыблізна 15—80 см, маса — ад 30 г да некалькіх кілаграмаў; вымерлыя дронты былі значна буйнейшыя. Апярэнне шчыльнае. Крылы ў большасці відаў падоўжаныя і завостраныя. Валлё і мускульны страўнік добра развітыя.

Большасць відаў корміцца насеннем, пладамі і іншымі часткамі раслін, корм часта збірае на зямлі. Голубападобныя пераважна манагамныя. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах, нішах скал і будынкаў або на зямлі. У кладцы звычайна адно ці два яйкі. Абодва бацькі кормяць птушанят адрыжкай валляка — так званым «птушыным малаком».

Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных шыротах усіх кантынентаў, акрамя Антарктыды. Сустракаюцца ў лясах, стэпах, саваннах, гарах, сельскіх і гарадскіх паселішчах.

Сістэматыка

У найноўшай класіфікацыі сямейства галубіных падзяляюць на чатыры падсямействы: Claravinae, Starnoenadinae, Columbinae і Raphinae.

Claravinae — пераважна дробныя наземныя галубы Новага Свету; Starnoenadinae — монаатыповае падсямейства, прадстаўленае відам Starnoenas cyanocephala; Columbinae — галубы і туркаўкі Новага і Старога Свету Raphinae — разнастайная група галубоў Старога Свету, у якую ўваходзяць таксама вымерлыя дода і дронт-пустэльнік.<div style="clear:both; width:100%; margin:1em 0; overflow-x:auto;">

У Беларусі

У Беларусі адзначаны пяць відаў голубападобных:

вяхір (Columba palumbus); шызы голуб (Columba livia); клінтух (Columba oenas); туркаўка звычайная (Streptopelia turtur); туркаўка кольчатая (Streptopelia decaocto).

Шызы голуб быў прыручаны чалавекам; ад яго паходзяць шматлікія пароды свойскіх галубоў. Іх развядзеннем займаецца асобная галіна птушкагадоўлі — галубаводства. Некаторыя дзікія віды з’яўляюцца аб’ектамі палявання, іншыя ахоўваюцца.

Заўвагі

Літаратура

Gibbs, David; Barnes, Eustace; Cox, John. Pigeons and Doves: A Guide to the Pigeons and Doves of the World. — Robertsbridge: Pica Press, 2001. — 615 p. — ISBN 978-1-873403-60-0. Young M. T., Hume J. P., Day M. O. et al. The systematics and nomenclature of the Dodo and the Solitaire (Aves: Columbidae), and an overview of columbid family-group nomina // Zoological Journal of the Linnean Society. — 2024. — Vol. 201, iss. 4. — DOI: 10.1093/zoolinnean/zlae086.

Крыніцы

Катэгорыя:Атрады птушак