Ка́пішча або свяцілішча — у шырокім сэнсе кніжнае састарэлае паняцце са значэннем язычніцкі храм або бажніца; у вузкім сэнсе славянскае паганскае свяцілішча, культавае месца, дзе стаялі ідалы багоў.
Заходнія славяне
У заходніх славян, у першую чаргу балтыйскіх, існавалі храмавыя архітэктурныя збудаванні і скульптуры. Тым часам як існаванне славянскіх каменных храмаў з купаламі, якія ўпамінаюць некаторыя арабскія крыніцы, як Аль-Масудзі (X ст.), не пацверджана іншымі крыніцамі і імаверна ёсць літаратурнай выдумкай.
Самым вывучаным храмавым комплексам славян ёсць драўляны храм у Радэне, у цяперашняй Германіі. Храм быў прамавугольным будынкам з вертыкальных плах, якія былі абабіты дошкамі ў форме антрапаморфных фігур. Цэнтральная частка будынка была пашкоджана. У будынку былі знойдзены дзве дзіды, чарапы зубра і шасці коней.
Заходнееўрапейскія храністы апісвалі храмы заходніх славян у Арконе і інш. (востраў Руген), у Рэтры — Рыдэгосце, дзе паводле апісанняў існаваў трохвугольны ў плане горад з трыма брамамі і ў святым лесе было свяцілішча Сварожыча, у Шчэціне і Воліне, дзе было свяцілішча Вінета на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Археалагічныя пошукі на гэтых месцах не далі матэрыялу, паводле якога можна было б ажыццявіць дэталёвую рэканструкцыю. Цітмарам Мерзебургскім у XI стагоддзі ўпамінаецца святы гай Шкейтбар, «Святы бор» на ўсход ад Лютцэна ў цяперашняй Германіі, шанаваны славянамі «як Бог». Гэтыя свяцілішчы былі знішчаны ў часе хрысціянізацыі славянскіх земляў.
Усходнія славяне
Язычніцкія храмы ўсходніх славян не вядомыя ні паводле пісьмовых крыніц, ні паводле археалагічных матэрыялаў. Супроць заходніх славян, ва ўсходніх не склаліся храмавыя архітэктура і скульптура.
Адзінае апісанне славянскага язычніцкага свяцілішча ў старажытнарускай літаратуры ёсць у «Аповесці мінулых часоў» (складзенай у пачатку XII стагоддзя) пад 980 годам, дзе расказана аб устанаўленні Уладзімірам Святаславічам у Кіеве на ўзгорку за межамі церамавага палаца шасці куміраў. Мяркуецца, што пры Ігару Рурыкавічу ў сярэдзіне X стагоддзя ідал Перуна месціўся непасрэдна ў двары княжацкага церама.
У летапісным запісе пад 980 годам згаданы пастаўленыя ідалы Перуна, Хорса, Даждзьбога, Стрыбога, Сімаргла і Мокашы:
І пачаў Уладзімір княжыць у Кіеве адзін і паставіў куміры на пагорку па-за церамным дваром: Перуна драўлянага з галавою срэбнаю і вусамі залатымі, і Хорса, Дажбога, і Стрыбога, і Сімаргла, і Мокаш. І складаў ім ахвяры, называючы іх багамі, і прыводзіў сыноў сваіх і дачок, і складаў ахвяры бесам, і зневажаў зямлю ахвярамі сваімі.
Паводле «Аповесці мінулых часоў», пасля прыняцця хрышчэння ў Корсуні Уладзімір у 988 годзе загадаў зрынуць, пасекчы або спаліць драўляныя ідалы ў Кіеве. Ідала Перуна спусцілі ўніз па Дняпры да рачных парогаў, за межы Рускай зямлі. Тэкст летапісу аб «выгнанні» Перуна грунтуецца на этыкетным узоры — аповедзе аб выгнанні з Рыма злодзея Феўрарыя, увасаблення зімы, Феўраля, у візантыйскай Хроніцы Георгія Амартола, якая была адной з крыніц рускіх летапісаў. У той жа час умовы, у якіх былі знойдзены рэдкія язычніцкія статуі на тэрыторыі Русі, могуць сведчыць аб сапраўднасці летапіснага апавядання аб звяржэнні ідалаў, што адносіцца да Збруцкага ідала, каменнай статуі, знойдзенай пры расчыстцы ракі Шэксны ў ваколіцы старажытнарускага Белаазера.
Асноўнымі крыніцамі звестак аб славянскіх язычніцкіх свяцілішчах ёсць даныя археалогіі. Аднак навукоўцы па-рознаму інтэрпрэтуюць гэтыя даныя. Каменную вымастку, якая была выяўлена ў выніку яшчэ не зусім навуковых раскопак Вікенція Хвойкі ў 1908 годзе і разглядаліся як капішча Перуна або гіпатэтычнага божаства Рода, а таксама шэсць ці пяць выступаў меркавана прызначаныя для ідалаў пантэона Уладзіміра, знойдзеныя ў 1975 годзе на Уладзімірскай вуліцы ў склепе сучаснага дома, пазбаўленыя дакладнай датыроўкі і археалагічнай дакументацыі, што робіць немагчымай іх навуковую інтэрпрэтацыю. Меркаванні Барыса Рыбакова ў гэтых адносінахРыбаков Б. А. Язычество Древней Руси. Глава 9. Языческая реформа Владимира. , які падтрымаў археолагаў Пятра Талочку і Яраслава Бараўскага, якія «адкрылі» капішча УладзіміраТолочко П. П., Боровский Я. Е. Язичницько капище в «городі» Володимира // Археологія Київа. Дослідження і матеріали. — Київ, 1979. — С. 3—10., у апошні час аспрэчваюць. Мяркуючы паводле даных летапісаў, капішча Перуна было і ў Ноўгарадзе, на Пярыні. Яно было меркавана выяўлена савецкім археолагам Валянцінам СядовымСедов В. В. Древнерусское языческое святилище в Перыни // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. Вып. 50. С. 92-103., аднак і яго рэканструкцыі на сённяшні дзень выклікаюць вялікія сумневыНет никаких оснований считать находки В. В. Седова капищем Перуна — это, скорее всего, просто группа сопок, см. .. Са славянскіх свяцілішчаў, выяўленых археолагамі, асабліва вылучаюць таксама Збруцкі культавы цэнтрРусанова И. П., Тимощук Б. А. Збручское святилище (предварительное сообщение) // Советская археология. — 1986. — № 4. — С. 90—99..
У апошні час выказваюцца здагадкі, што функцыю свяцілішчаў на паўночным захадзе Русі маглі выконваць сопкі — сакральныя помнікі ў выглядзе насыпаў над пахаваннямі. Прынамсі, сам насып часцей за ўсё меў больш рытуальную функцыю, чым пахавальную. Рэшткі менавіта такога свяцілішча маглі быць выяўлены на ПярыніСвирин К. М. Языческие святилища Северо-Запада Древней Руси в VIII — начале XI вв. // История и археология Новгорода. — 2006. — Вып. 2.. Пярынь пад Ноўгарадам стала разглядацца як месца капішча Перуна толькі познімі летапіснымі і іншымі паданнямі. Археолаг Валянцін Сядоў выявіў на Пярыні круглыя капаніцы, якія маюць сляды агню, і разглядаў гэтыя знаходкі як рэшткі свяцілішча. Аднак гэтая інтэрпрэтацыя падвяргаецца сумненню, і знаходкі могуць быць рэшткамі знівеліраваных сопак, пахавальных насыпаў. Археолагі Ірына Русанава, Барыс Цімашчук прапанавалі інтэрпрэтацыю шэрагу помнікаў XI—XIII стагоддзяў паўднёва-заходніх ускраін Кіеўскай Русі як язычніцкіх гарадоў-свяцілішчаў у сітуацыі меркаванага «двуверства», напрыклад, свяцілішча ля гары Багіт і іншыя помнікі на рацэ Збруч. Гэтае разуменне таксама носіць дыскусійны характар. Знойдзеныя на гэтых гарадзішчах чалавечыя астанкі могуць сведчыць аб ваенным разгроме. Частка з іх адносіцца да часу мангольскага нашэсця. У гэтых мясцінах не выяўлены ніякія культавыя выявы, ідалы. У цяперашнім Звянігарадзе Цярнопальскай вобласці культавым аб’ектам мог быць перакулены камень, магчыма, антрапаморфная стэла, што, як мяркуецца, звязана са звяржэннем ідалаў, у дачыненні да Кіева, апісаным у летапісе.
Масавымі культавымі збудаваннямі ўсходніх славян былі пераважна пахавальныя курганы, якія былі звязаны з культам продкаў.
Адсутнасць на Русі развітой язычніцкай пластыкі і архітэктуры тлумачыцца незавершанасцю дзяржаўных формаў язычніцкага культу. Так, князь Уладзімір Святаславіч вымушаны быў адмовіцца ад свайго сінкрэтычнага пантэону праз некалькі гадоў пасля таго, як зацвердзіў яго ў Кіеве.
У лісце мітрапаліта Макарыя Івану Грознаму (1534) паведамляецца, што «паганыя мольбішчы ідальскія захоўваліся і да царства вялікага князя Васіля Іванавіча», а таксама, што ў якасці маленняў выкарыстоўваюцца «лес і камяні і рэкі і балоты, крыніцы і горы і ўзгоркі, сонца і месяц і зоркі і азёры».
На тэрыторыі цяперашняй Беларусі выяўлены Ходасавіцкае свяцілішча, якое, як мяркуецца, было прысвечана Перуну, а таксама Верхаўлянскае свяцілішча. Да XX стагоддзя здзяйсняліся рытуалы на Мінскім капішчы.
Літаратура
Денисова И. М. Образ древнеславянского храма в русском народном искусстве // Этнографическое обозрение. — № 5. — 1992.
Российская археология. — 1996. — № 4. — 200—207.
Седов В. В. Восточные славяне в VI–XIII вв. — М.: Наука, 1982. — 327 с. — С. 261—268.
Диба Юрій. Агіографічне джерело повідомлення ал-Мас’уді про споруди, вшановувані у слов’ян // Actes testantibus. Ювілейний збірник на пошану Леонтія Войтовича / Відпов. редактор Микола Литвин (Україна: культурна спадщина, національна свідомість, державність. Збірник наукових праць. Вип. 20. Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича НАН України). — Львів, 2011. — С. 254—288. Мурзін В., Ролле Р., Супруненко О. Більське городище. — Київ-Гамбург-Полтава, 1999. Тодорова И. Култът към мъртвите в магичните ритуали на Балканите. — В. Търново, 1994.
Słupecki L. P. Slavonic pagan sanctuaries, Warsaw, 1994.
Катэгорыя:Культавыя збудаванні Катэгорыя:Славянская міфалогія Катэгорыя:Язычніцтва