Леў Ме́еравіч Ле́йтман (,  — , Мінск) — беларускі графік і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1967). Удзельнік Другой сусветнай вайны.

Біяграфія Нарадзіўся ў Петрыкаве Мінскай губерні (цяпер горад у Гомельскай вобласці) у сям’і служачага, хутка разам з бацькамі пераехаў у Гарадок Віцебскай губерні, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскай школе-майстэрні Юдаля Пэна (1913—1914, 1923—1926), таксама займаўся ў Адэсе ў мастацкай школе прафесара Юлія Бершадскага (1916—1917). У 1917 годзе вярнуўся ў Гарадок. З 1917 па 1923 год працаваў там выкладчыкам малявання ў сярэдняй школе, дэкаратарам пры Народным доме імя У. І. Леніна, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва. У 1923 годзе пераехаў у Віцебск, дзе пачаў працаваць загадчыкам клуба «Чырвоны будаўнік». Адначасова працягваў навучанне ў майстэрні Юдаля Пэна (1923—1926). У 1931—1941 гадах выкладаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы. З 1934 года загадваў навучальнай часткай, а з лютага 1941 года быў прызначаны яго дырэктарам. Скончыў курсы павышэння кваліфікацыі мастакоў пры Ленінградскім інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў прафесара Сямёна Абугава (1937). Сябра Саюза мастакоў БССР з 1940 года.

У часе Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў савецкай арміі (1941—1945) у дарожна-будаўнічым батальёне. Пасля вайны Леў Лейтман прыехаў у Мінск, браў актыўны ўдзел у арганізацыі Мінскага мастацкага вучылішча. З 1947 па 1958 год спалучаў творчую працу з працай выкладчыка і загадчыка вучэбнай часткі ў гэтым вучылішчы.

Творчасць Працаваў у станковай графіцы пераважна ў тэхніцы акварэлі і гуашы. Сярод работ мастака пейзажы, партрэты, нацюрморты, тэматычныя карціны на індустрыяльную тэму, віды Віцебска («Дажджлівы дзень. Дзвіна», 1934), Мінска і інш. Выканаў ілюстрацыі да кнігі: Я. Купала. На нашым полі. Мн., Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1953.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў, Віцебскім мастацкім музеі.

Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1929 года. У 1941 годзе прымаў удзел у сумеснай выстаўцы твораў з А. Бразерам. Персанальныя выстаўкі мастака былі праведзены ў г. Мінску у 1956 і 1966 гадах.

З 12 жніўня па 6 верасня 2021 года ў Нацыянальным мастацкмі музеі Рэспублікі Беларусь працавала персанальная выстаўка графічных і акварэльных твораў Льва Лейтмана, прымеркаваная да 125 гадоў з дня нараджэння мастакаАфіша выстаўкі Льва Лейтмана .

Узнагароды Медалі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «За абарону Масквы», «За працоўную адзнаку».

Узнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1967).

Літаратура

Спасылкі Віртуальная выстава да 120-годдзя мастака Льва Лейтмана і 95-годдзя мастацтвазнаўцы Фрыны Лейтман // БДАЛІМ (2016)

Катэгорыя:Вучні Юдаля Пэна Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Акварэлісты Беларусі Катэгорыя:Майстры нацюрморта Беларусі Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Беларусі Катэгорыя:Мастакі-пейзажысты Беларусі Катэгорыя:Члены Саюза мастакоў БССР Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР Катэгорыя:Выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Яўрэйскія мастакі