Астравы Ча́тэм () — архіпелаг на поўдні Ціхага акіяна за 750 км на ўсход ад Новай Зеландыі. Адміністрацыйны цэнтр — Уаітангі. Уваходзіць у склад гэтай краіны. Агульная плошча — 966 км². Насельніцтва (2021 г.) — 780 чал.
Прырода і геаграфія Архіпелаг складаецца з двух буйных населеных астравоў — Чатэм і Піт, а таксама 9 малых выспаў. Яны месцяцца на падводнай платформе Чатэм. Берагі астравоў скалістыя ці пакрытыя пясчанымі выдмамі. На буйных астравах маюцца рэкі і азёры, а таксама вялікая лагуна Тэ-Ванга. Найвышэйшы пункт — горка Маўнгатэрэ (294 м) на востраве Чатэм.
Клімат вільготны, прахалодны ўмераны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 15,1 °C у лютым да 8 °C у ліпені. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 855 мм. Амаль увесь час дзьмуць моцныя вятры.
На астравах амаль няма лясоў, засталося мала тарфяных балот. Большая частка пакрыта лугамі, прыдатнымі для выпасу авечак.
Жывёльны свет прадстаўлены пераважна шматлікімі птушкамі. Сярод іх эндэмічныя чатэмскія крумкачы, кулікі-сарокі, бакасы, галубы-парэа, чорныя малінаўкі і інш. Сімвалам астравоў Чатам з’яўляецца лясная курыца або уэка () — птушка, якая не можа лётаць. Астраўляне часцяком клічуць сябе уэка, каб адрознівацца ад астатніх новазеландцаў, якія завуцца мянушкай ківі.
Да берагоў прыплываюць шматлікія ластаногія.
Гісторыя Карэннымі насельнікамі астравоў Чатэм з’яўляліся марыоры, народ палінезійскага паходжання. Яны называлі сваю радзіму Рэкоху (Rekohu, літаральна «імглістае неба»). Новазеландскім маары яна была вядома пад назвай Варэкаўры (Wharekauri).
29 лістапада 1791 г. астравы былі адкрытыя экспедыцыяй Джорджа Ванкувера, названы ў гонар аднаго з караблёў экспедыцыі «Чатэм» і абвешчаны ўладаннем Брытаніі.
19 лістапада 1835 г. з дапамогай брытанскіх гандляроў астравы былі захоплены 400 маары з плямён Тама і Матунга, якія практычна знішчылі марыоры, а ацалелых ператварылі ў бяспраўных рабоў. Малая частка марыоры выратавалася дзякуючы дапамозе лютэранскіх місіянераў, якія апынуліся на востраве Чатэм у 1843 г.
Да пачатку 1860-х гг. брытанскія ўлады ўзялі кантроль над тэрыторыяй архіпелага. Ён быў падпарадкаваны цывільнай адміністрацыі Новай Зеландыі. Астравы з’яўляліся месцам высылкі непрымірымых маары, у тым ліку Тэ Кааці, які 4 ліпеня 1868 г. разам з іншымі зняволенымі захапіў судна «Рафлмэн» і збег у Новую Зеландыю.
З сярэдзіны XIX ст. на астравах сяліліся кітабоі, лаўцы рыбы і авечкагадоўцы еўрапейскага паходжання, якія разам з марыоры і, у меншай ступені, маары складаюць аснову сучаснага насельніцтва.
Эканоміка Асновай эканомікі астравоў здаўна з’яўляюцца авечкагадоўля і лоўля рыбы. Апошняя галіна перажывае крызіс з-за квот на лоўлю, якія ўвёў урад Новай Зеландыі. Працуюць мясцовая авіякампанія, электрастанцыя, тэлестанцыя, некалькі дробных прадпрыемстваў. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць турызм.
Кіраванне
На падставе закона ад 1 лістапада 1995 г. дзейнічае выбарны Савет астравоў Чатам, які мае функцыі рэгіянальнага органа выканаўчай улады. Савет таксама мае права выдаваць законы мясцовага значэння, якія не супярэчаць заканадаўству Новай Зеландыі.
Насельніцтва Паводле перапісу 2006 г., на астравах жыло ўсяго 609 чалавек, у асноўным на востраве Чатэм. Некалькі дзясяткаў чалавек жыло на востраве Піт. Найбуйнейшы населены пункт — Ваітангі (каля 200 чал.). Большасць жыхароў — нашчадкі белых перасяленцаў, марыоры, маары.
Культура На астравах працуюць тры пачатковыя школы і 1 невялікі музей. Выдаецца штомесячная газета, ёсць астраўны тэлеканал (працуе некалькі гадзін у дзень).
Галерэя
Спасылкі
Афіцыйны сайт для наведвальнікаў Візуальная гісторыя Чатэмскі час Эйрчатэмс Фотаздымкі Марыоры
Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Новай Зеландыі Катэгорыя:Рэгіёны Новай Зеландыі Катэгорыя:Астраўныя групы Аўстраліі і Акіяніі