Плі́са — возера ў Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Мнюта за 17 км на паўночны ўсход ад горада Глыбокае.
Назва На думку У. Тапарова і А. Трубачова, паходжанне назвы Пліса няяснае. Яе звязваюць з балцкімі або славянскімі тэрмінамі.
Гідраграфія Плошча паверхні возера складае 4,24 км², даўжыня 6,2 км, найбольшая шырыня 1,43 км. Найбольшая глыбіня дасягае 15 метраў, сярэдняя каля 5,6 м. Плошча вадазбору 542 км².
Катлавіна возера складанага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з захаду на ўсход. Схілы катлавіны вышынёй да 10 метраў, складзеныя з суглінкаў і супесяў. Берагавая лінія звілістая і ўтварае вялікія залівы. Берагі нізкія, пясчаныя і забалочаныя. Літаральная зона вузкая. Глыбіні да 2 метраў займаюць каля 20 % плошчы возера. Дно да глыбіні 6—7 метраў пясчанае, глыбей выслана слоем сапрапелю таўшчынёй каля 5 м.Возера зарастае слаба. Уздоўж берагоў вузкая перарывістая паласа расліннасці — трыснёг, чарот, аер, урэчнік. На возеры 7 астравоў агульнай плошчай каля 0,025 км².
Возера Пліса мезатрофнае, праточнае. Упадаюць рэкі Шоша і Свіліца, ручаі. Выцякае рака Мнюта.
У возеры водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, язь, судак і іншыя віды рыб.
На беразе паўночнага заліва вёска Пліса.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Азёры Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Басейн Мнюты