Бітва пад Оршай (8 верасня 1514) — баявое сутыкненне падчас вайны 1512—1522 гадоў вялікалітоўска-польскіх (пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага) і маскоўскіх (пад камандаваннем Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцы) войск на беразе Дняпра, за 5 км ад Оршы.
Бітва скончылася перамогай саюзных вялікалітоўска-польскіх войск, што на пэўны час сцішыла хаду вайны, аднак, не мела трывалых ваенных наступстваў.
Ацэнкі
Магчыма ў бітве пад Оршай атрымана адна са значнейшых перамог вялікалітоўскага войска над маскоўскімНапрыклад, пд. меркавання М. М. Карамзіна., таксама яна мела шырокі розгалас у тагачаснай Еўропе, трывалы адбітак у беларускай культуры (напрыклад, «Пахвала князю Астрожскаму» ў Валынскім летапісе, народная песня «У нядзельку, параненька» і іншыя).
Перамога пад Оршай займала прыкметнае, а часам і галоўнае месца ў ваеннай гістарыяграфіі, якая стваралася беларускай дыяспарай у 1920—1930-я гады і палітычнай эміграцыяй 1940-х гадоў. У час Перабудовы частка беларускага грамадства пачала святкаваць 8 верасня як «Дзень беларускай вайсковай славы».
Сілы бакоў
ВКЛ Войска пад агульным кіраўніцтвам караля і вялікага князя Жыгімонту Старога складалася з кантынгентаў абедзвюх яго дзяржаў. Падчас кампаніі 1514 года ў агульным складзе ў войску было, паводле звестак хронік і летапісаў, 16 тыс. коннікаў, 3 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай польскай пяхоты і каля 2,5 тыс. конных добраахвотнікаў з Малой і Вялікай Польшчы.
Непасрэдна ў паходзе да Оршы і ў бітве пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага ўдзельнічалі каля 30 тыс. чалавек з неакрэсленай колькасцю гармат.З гэтымі лічбамі згаджаюцца М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні, рускія летапісы, С. М. Салаўёў, ваенныя гісторыкі 20 ст. Лёгкую конніцу ўзначальваў Юрый Мікалаевіч Радзівіл, польскіх наймітаў — Януш Свярчоўскі, надворнае каралеўскае войска і атрады паноў — Войцех Сампаліньскі.
Масква Паводле маскоўкіх крыніц, агульная колькасць маскоўскага коннага войска пад камандаваннем ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тысяч чалавек. Не ясным застаецца пытанне як ва ўмовах лагістыкі пачатку 16 ст. маскавіты маглі сабраць і пагатоў забяспечыць такую колькасць людзей і коней. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з конніцы феадальнага апалчэння. Мелася артылерыя нявызначанага складу і колькасці, але без цяжкіх гарматПд. сведчання М. М. Карамзіна..
Перад бітвай Маскоўскія военачальнікі ведалі пра набліжэнне войска Астрожскага і першымі днямі верасня адвялі войска на левы бераг Дняпра і занялі добрае для бітвы месца паміж Оршай і Дуброўнай на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на Дняпры каля в. Рукліна. Такім чынам, для руху свайго непрыяцеля маскоўскія ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Оршы, і спадзяваліся ў вальнай бітве разбіць колькасна слабейшае вялікалітоўскае войска і скончыць вайну.
Войска ВКЛ падышло да Дняпра 7 верасня каля Оршы, і Астрожскі, не зважаючы на сілы бакоў, таксама пастанавіў даць вальную бітву. Каб не перапраўляцца пад абстрэлам, Астрожскі правёў дэманстрацыйны манеўр з пераправай уброд на вачах маскоўскага войска некалькіх тысяч конніцы. Тым часам, асноўная частка войска ўвечары віцебскай дарогай перайшло паўночней, а ўночы на 8 верасня ўпотай пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам аршанскай крэпасці. Пасля гэтага войска сканцэнтравалася каля в. Пашына.
Чаляднін даведаўся пра пераправу са спазненнем, і не згадзіўся з прапановай сваіх ваявод атакаваць ужо перапраўленую частку войска ВКЛ. Лічыцца, што Чаляднін спадзяваўся на вялікую колькасную перавагу і хацеў бітвы адразу з усім войскам Астрожскага.
Бітва
Войска Маскоўскай дзяржавы было пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаў полк перадавой стражы, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флангу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаяў полк тылавой стражы (рэзерв). Баявыя парадкі маскоўскага войска былі расцягнутымі, у спадзяванні на ахоп і акружэнне больш малалікага войска ВКЛ.
Камандаванне фармальна належала Івану Чалядніну, але на справе кожны з ваявод камандаваў сваім палком самастойна, і адзінага кіраўніцтва не было.
Войска ВКЛ заняло пазіцыі абапал яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Дняпро. Наперадзе стаялі два конныя гуфцы (палкі), ВКЛ і польскі, пад камандамі Астрожскага і Сампаліньскага. Паміж імі стаяла пяхота са стрэльбамі і пішчалямі. У другой лініі стаялі два конныя палкі, ВКЛ і польскі, пад камандамі Радзівіла і Свярчоўскага. На правым і левым крылах другой лініі стаялі па тры дапаможныя палкі лёгкай конніцы. На працягу правага крыла другой лініі, пад пакровам лесу, патаемна размясцілі ўсе гарматы і частку пяхоты з агнястрэльнай зброяй.
Непасрэдна бітва адбывалася на прасторы даўжынёй 3 км уздоўж Дняпра, за 200—400 м ад берага ў першай фазе і за 3,5 км у другой фазе бітвы. У глыбіню поле бою ў кожнай з фаз займала каля 3 км.
Першая фаза Найперш, баявы парадак маскоўскага войска ў цэнтры трохі прасунуўся наперад, а крылы адышлі далей ад асноўнай масы войска, дзеля лягчэйшага ахопу баявога парадку войска ВКЛ. Пасля «гарцаў» Астрожскі загадаў конным палкам павольна рухацца наперад. Гэты рух маскоўскія ваяводы палічылі за сігнал да атакі і ў сваю чаргу перайшлі ў агульны наступ. Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарыў на левае крыло войска ВКЛ. Полк левай рукі наступаў на правае крыло войска ВКЛ, але без вялікай імклівасці, што дазволіла Астрожскаму вызваліць там частку сіл. Іншыя палкі былі пасланы ў абход.
Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбіла атаку і перайшло ў контратаку, атрымаўшы падмацаванне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага прайшоў перад фронтам і ўдарыў на маскоўскі полк правай рукі з фланга.
Аднак, полк князя Голіцы атрымаў падмацаванні, аднавіў баявы парадак і маскоўскія сілы пачалі другую атаку. Войска ВКЛ стрымала яе, а потым падвяло маскоўскія сілы пад агонь сваёй пяхоты. Шэрагі маскоўскага палка змяшаліся, і тады пад камандай Астрожскага контратакаваў галоўны полк войска ВКЛ. Да гэтага моманту бітвы адносіцца і прамова Астрожскага да войска, сказаная па-старабеларускуПаводле звестак М.Стрыйкоўскага.. Нарэшце, конніца Голіцы была разбіта і стала ўцякаць, а кавалерыя ВКЛ уварвалася ў другую маскоўскую лінію.
Нерастлумачаным застаецца тое, чаму Чаляднін не дапамог палку Голіцы сваімі асноўнымі сіламі. Храністы, летапісцы і гісторыкі тлумачаць гэта спаборніцтвам паміж галоўнымі ваяводамі і іх імкненнем атрымаць перамогу самастойна.
Другая фаза
Мяркуецца, што ўвесь гэты час Чаляднін чакаў, што ўсе сілы ВКЛ, у тым ліку і з левага крыла, пасля разбіцця палка правай рукі, звяжуцца боем з яго палком левай рукі, а тады свежымі сіламі можна будзе іх разграміць.
Нарэшце настаў такі момант, што конніца Астрожскага спыніла атакі, пачала адступаць, а потым і кінулася ўцякаць. Чаляднін кінуў у праследаванне ўсе свае сілы. Але выявілася, што ўцёкі конніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасцю, якая вывела пагоню маскоўскага войска на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчалей прычынілі маскоўскаму войску вялікія страты ў людзях і конях, пачалася паніка, і рэшткі левага крыла маскоўскага войска, следам за правым, кінуліся наўцёкі. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх воінаў затрымацца, але яго не слухалі.
Пасля гэтага пачалося зацятае праследаванне і жорсткае вынішчэнне ўцекачоў, якое цягнулася да заходу сонца, а часам і назаўтра. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Легендарнай стала рака Крапіўна наводдаль поля бітвы, вада ў якой стала крывавай, а сама рака з-за вялікай колькасці трупаў «запаволіла свой бег».
Страты бакоў Страты войска ВКЛ падаюцца заходнімі гісторыкамі як «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых салдатБельскі.), невядомая колькасць простых салдатСтрыйкоўскі..
Вядома, што ў палон трапіла каля 5 тыс. маскоўскага войска, галоўныя ваяводы Чаляднін і Голіца, 8 вярхоўных ваявод, 37 меншых военачальнікаў. Быў узяты вялікі абоз, усе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Колькасць забітых на полі і пры ўцёках падаецца як 30 тыс.Карамзін, Салаўёў. або 40 тыс.Стрыйкоўскі, Бельскі.
Сучаснасць 8 верасня 1992 года на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прынялі ваенную прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазняк і Анатоль Грыцкевіч.
У 2014 годзе ў гонар святкавання пяцісотгоддзя перамогі пад Оршай, мінскай арт-студыяй «PRAS» выдадзена настольная гульня «1514», якая дазваляе апынуцца на полі бою і пагуляць за адзін з бакоў у гэтай бітве.
Падчас Расійска-ўкраінскай вайны было заснаванае беларускае падраздзяленне спецыяльнага прызначэння «1514».
У літаратуры Верш «Балада перамозе» (Алег Грушэцкі, 1994). Верш «Шляхецкая» (Андрэй Мельнікаў, 1992).
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Бітвы Расіі Катэгорыя:Бітвы ў Беларусі Катэгорыя:Бітвы XVI стагоддзя Катэгорыя:Падзеі 8 верасня Катэгорыя:Верасень 1514 года Катэгорыя:Бітвы Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя Катэгорыя:Бітвы Польшчы Катэгорыя:Бітвы Расіі XVI стагоддзя Катэгорыя:Гісторыя Оршы Катэгорыя:Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522)