Максім Бардачоў (нар. ) — беларускі футбаліст, абаронца. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2009—2021). Брат беларускага валейбаліста Аляксандра Бардачова.

Клубная кар’ера Выхаванец гродзенскага «Нёмана», з 2002 года гуляў за дубль, а ў 2004 годзе пачаў праходзіць у асноўную каманду. У 2006 годзе перайшоў у мінскі МТЗ-РІПА, дзе гуляў на працягу трох сезонаў. У складзе мінскага клуба стаў уладальнікам Кубка Беларусі і бронзавым прызёрам чэмпіянату.

У пачатку 2009 года перайшоў у склад чэмпіёна краіны — барысаўскага БАТЭ. У барысаўскім клубе хутка замацаваўся ў аснове, звычайна гуляў на пазіцыі левага абаронцы. У складзе БАТЭ чатыры разы стаў чэмпіёнам краіны, выйграў Кубак і два Суперкубкі.

У жніўні 2013 года перайшоў на правах арэнды ў клуб «Том», дзе таксама стаў асноўным іграком. Па заканчэнні арэнды «Том» выкупіла правы на іграка, і ў студзені года 2014 Бардачоў падпісаў з клубам кантракт на 3,5 гады.

Па выніках сезона 2013/14 тамічы страцілі месца ў расійскай Прэм’ер-лізе. Максім застаўся гуляць за сібірскі клуб у ФНЛ, аднак правёў толькі 4 матчы, пасля чаго ў жніўні 2014 быў арандаваны «Растовам» да канца сезона 2014/15.

Па заканчэнні тэрміну арэнды ў чэрвені 2015 года вярнуўся ў «Том». Клуб меў намер прадаць Бардачова або аддаць у арэнду, аднак сезон 2015/16 абаронца пачаў у складзе томскага клуба. Па выніках сезона дапамог «Тамі» вярнуцца ў Прэм’ер-лігу.

У студзені 2017 года быў аддадзены ў арэнду «Арэнбургу». У складзе «Арэнбурга» звычайна заставаўся на лаўцы запасных, у Прэм’ер-лізе правёў толькі адзін матч. Па выніках сезона 2016/17 і «Том», і «Арэнбург» страцілі месца ў Прэм’ер-лізе, і ў чэрвені 2017 года Бардачоў стаў свабодным агентам. Неўзабаве прыбыў у стан салігорскага «Шахцёра» і падпісаў з ім кантракт. У складзе «Шахцёра» замацаваўся ў якасці асноўнага левага абаронцы. У жніўні і верасні 2017 года не гуляў з-за траўмы, пасля вярнуўся ў асноўны склад. Сезон 2018 пачынаў у стартавым складзе, у красавіку і маі не гуляў з-за траўмы, пасля вяртання стаў з’яўляцца на полі нерэгулярна. У 2019 годзе толькі ў сакавіку з’явіўся на полі ў матчы Кубка Беларусі, а пасля ўвогуле не прыцягваўся да каманды і трэніраваўся асобна.

У лютым 2020 года далучыўся да жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», якое ў лютым узяло абаронцу ў арэнду. Стаў трывалым іграком асновы жодзінскага клуба, дапамог яму выйграць першыя ў гісторыі бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі, а сам быў прызнаны найлепшым абаронцам чэмпіянату. У снежні 2020 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт з «Шахцёрам», а ў студзені 2021 года падпісаў паўнавартаснае пагадненне з «Тарпеда-БелАЗ».

У ліпені 2021 года перайшоў у барысаўскі БАТЭ. У 2021—2022 гадах быў асноўным абаронцам барысаўчан.

У пачатку 2023 года трэніраваўся з БАТЭ, аднак з-за забароны Міністэрства спорту і турызму новы кантракт з клубам не быў падпісаны, і Бардачоў не ўдзельнічаў у афіцыйных матчах каманды ў 2023 годзе. У ліпені 2023 года барысаўскі клуб абвясціў пра сыход абаронцы.

Міжнародная кар’ера Выступаў у складзе моладзевай зборнай Беларусі, у тым ліку на моладзевым чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі 2009.

Дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі неўзабаве пасля пераходу ў БАТЭ, 1 красавіка 2009 года ў адборачным матчы чэмпіянату свету супраць Казахстана. Хутка стаў асноўным іграком зборнай. Галоўны трэнер Бернд Штангэ спрабаваў выкарыстоўваць Бардачова ў якасці левага паўабаронцы, у гэтай якасці ён забіў 2 галы за зборную. Але пазней апусціўся на звыклую пазіцыю левага абаронцы.

Пасля 2017 года не выклікаўся ў зборную, зноў трапіў у каманду ў верасні 2020 года.

Дасягненні Чэмпіён Беларусі (4): 2009, 2010, 2011, 2012 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (2): 2018, 2021 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (4): 2008, 2017, 2020, 2022 Уладальнік Кубка Беларусі (3): 2008, 2010, 2019 Уладальнік Суперкубка Беларусі (3): 2011, 2013, 2022 Найлепшы абаронца чэмпіянату Беларусі: 2020 У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі (5): 2009, 2010, 2011, 2012, 2020

Грамадзянская пазіцыя Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Партызан Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Том Томск Катэгорыя:Ігракі ФК Растоў Катэгорыя:Ігракі ФК Арэнбург Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ