Ка́рла Спампа́ні (; , Рым (?) — ) — архітэктар барока, прадстаўнік паладыянскай школы.

Біяграфія Нарадзіўся ў Італіі, меркавана, у Рыме. Лічыцца, што вучыўся ў Акадэміі Святога Лукі ў Рыме. Пад уплывам мастака Францішка Смуглевіча ў 1770 перасяліўся ў Вялікае Княства Літоўскае. Першапачаткова працаваў з заказамі езуітаў (да скасавання ордэна ў 1773), выкладаў архітэктуру ў Віленскай акадэміі. Удзельнічаў у пабудове акадэмічных будынкаў, астранамічнай абсерваторыі.

Пасля служыў у войску, у 1774 атрымаў ранг харужага булавы польнай літоўскай, з 1779 капітан.

Для Паўла Ксаверыя Бжастоўскага пабудаваў палац у Паўлаве, з канца 1770-х гг. выконваў заказы Караля Радзівіла Пане Каханку (аўстэрыя, перабудова палаца ў Альбе і інш.). У 1779—1783 прыдворны архітэктар Юзафа Радзівіла, пабудаваў для яго драўляны палац у Радзівілімонтах пад Клецкам. Для Дамініка Пшаздзецкага пабудаваў палац у Заслаўі, завяршыў будоўлю касцёла. Для Адама Хмары пабудаваў палац у Сёмкаве. Для Тадэвуша Коцела пабудаваў двор і лямус у Беніцы каля Маладзечна. Кіраваў дэкараваннем палаца ў Шчорсах для Іахіма Храптовіча. Удзельнічаў у пабудове палаца Ігната Мараўскага ў Беліцы каля Менска. Па заказе Юстыніяна Шчыта будаваў палац у Юстыніянаве, двары ў Добрамыслях і Таболках. Для Пятра Твароўскага пабудаваў двор у Велясніцы пад Пінскам. У Вільні кіраваў рамонтам капліцы Святога Казіміра пры кафедральным касцёле. Для Юзафа Паца склаў праект двароў у Мытах і Ражанцы каля Ліды. Для Альбрэхта Радзівіла пабудаваў драўляны палац у Анопалі.

Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў драўлянай царкве базыльянскага манастыра ў Цапры пад Клецкам.

Творчасць Быў адным з піянераў класіцызму ў ВКЛ, будаваў пераважна мураваныя і драўляныя палацы, займаўся іх дэкараваннем.

Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль, 1770—1776 (разам з Я. Габрыелем і Джузэпэ Сака). Асобныя крылы езуіцкага калегіума і прыбудовы да абсерваторыі Віленскага ўніверсітэта, 1773. Праект палаца ў Паўлаве пад Вільняй, 1775. Палац у Сёмкаве, 1775/6-1780. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (у 1778—1779) Палац Пшаздзецкага ў Заслаўі, 1778—1782. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі (?). Радзівілімонтаўскі палац, 1778—1783. Абнаўленне капліцы Святога Казіміра ў Віленскім кафедральным саборы, 1782 (абнаўленне). Сядзіба і лямус у Беніцы пад Маладзечнам. мост і капліца ў в. Кухцічы.

Крыніцы

Літаратура Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. — Мінск, 2006. — ISBN 985-11-0378-0

Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Архітэктары Літвы Катэгорыя:Архітэктары Італіі Катэгорыя:Архітэктары Вільні Катэгорыя:Архітэктары барока Катэгорыя:Архітэктары Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу