Якаб Іорданс (, г. Антверпен, Бельгія — ) — фламандскі жывапісец. Лічыцца, асабліва пасля смерці Рубенса, які аказаў на яго вялікі ўплыў, адным з выбітных прадстаўнікоў фламандскага барока.

Біяграфічныя звесткі

3 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрландскага мастацтва XVI ст., выкарыстоўваў дасягаенні Караваджа і Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40 г. Усё сваё жыццё пражыў у Паўднёвых Нідэрландах, толькі ў 1641 г. працаваў нядоўга ў Англіі. Яго карціны можна знайсці ў любой царкве Антверпена. Нават пасля яго звароту ў кальвінізм у 1645 г. каталіцкая царква працягвала заказваць яму працы.

Творчасць Якаб Іорданс быў прадаўжальнікам традыцый Пітэра Рубенса. Адзін з лепшых памочнікаў у майстэрні Рубенса, ён многаму тут навучыўся. Але галоўнае, што было ўзята і развіта Я. Іордансам, гэта рэалістычнасць і жыццёвая пераканаўчасць выяўлення. За якія б тэмы ні браўся мастак — міфалагічныя, біблейскія, бытавыя, — ён захоўваў цвярозы погляд на рэчаіснасць, здаровы народны пачатак.Лазука (2010)

Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622).

1620—30-ыя г. лічацца часам росквіту таленту жывапісца. Ён адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару. У гэтыя гады напісаны работы «Алегорыя ўрадлівасці», «Праметэй», «Меркурый і Аргус», «Адысей у пячоры Паліфема», дзе міфалагічныя сюжэты трактуюцца як поўнасцю жанравыя. Улюбёным жанрам Я. Іорданса быў бытавы. Герояў для сваіх твораў ён шукаў у сялянскім асяроддзі, у народным натоўпе, а тэмы — у народных прымаўках, байках і паданнях.

Адна з цікавых работ мастака — карціна «Сатыр у гасцях у селяніна» (1620), напісаная на сюжэт байкі Эзопа. Адпаведна яму казланогая істота, апынуўшыся ў доме просталюдзіна, была запрошана да стала і вельмі здзівілася «двудушнасці» людзей. Тыя дзьмуць на рукі, каб іх сагрэць, і на лыжку кашы, каб яе астудзіць. Я. Іорданс піша некалькі варыянтаў сцэны (найбольш вядомыя творы зберагаюцца ў музеях Мюнхена, Будапешта і Масквы), але заўсёды паўтарае адзін і той жа знойдзены падыход у раскрыцці тэмы «свет — рэчаіснасць». У карціне ўсё — ад герояў апавядання да падрабязнасцей акружэння — рэальна, жыццёва і пераканаўча.

Своеасаблівасць творчасці Я. Іорданса выказалася ў шматфігурных жанравых палотнах «Свята баровага караля» (1638) і «Кароль п’е» (да 1656), якія таксама вядомы ў шматлікіх аўтарскіх паўтарэннях. Гэта паказ бязмежнай, неўтаймаванай весялосці, грубаватых, але шчырых пачуццяў простых людзей. Карціны нібыта прасякнуты рухам, дынамікай, якія перадаюцца дзякуючы дакладна выверанай пластыцы паказаныхфігур, згарманізаваным пераходам святла і ценяў.

У позні перыяд творчасці Я. Іорданс працягваў працаваць у розных жанрах (бытавым, партрэтным), звяртаўся да біблейскіх і міфалагічных тэм. Да лепшых работ гэтых гадоў адносяцца кампазіцыі «Няптун, які выкрадае Амфітрыду», «Выгнанне гандляроў з храма» (абедзве — 1620-ыя), «Сямейны партрэт» (каля 1615), «Пакланенне вешчуноў» (1618—20), «Партрэт пары ван Сурпель» (каля 1636).

Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).

Літаратура Каранеўская І. Іорданс // БЭ ў 18 т. Т. 7. — Мн.: БелЭн, 1998. Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII—XVIII стагоддзі / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі барока Катэгорыя:Мастакі Фландрыі