Алба́нія (), Рэспу́бліка Алба́нія () — заходне-балканская дзяржава.
Краіна мяжуе з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Отранта шырынёй у 72 км. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе.
Большую частку тэрыторыі Албаніі займаюць сярэдневысокія горы. Клімат узбрэжжа субтрапічны міжземнаморскі, у гарах — умераны кантынентальны. Памежныя азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа — маюць вялікія памеры і славяцца сваёй прыгажосцю. Прыродныя раслінны і жывёльны свет захаваліся лепш, чым у іншых міжземнаморскіх краінах. Уражвае разнастайнасць ландшафтаў у краіне плошчай (28 748 км²), меншай нават за Магілёўскую вобласць.
Унітарная парламенцкая рэспубліка. Падзяляецца на 12 абласцей, у склад якіх уваходзіць 61 муніцыпалітэт, на самым нізкім узроўні налічваецца амаль 3000 камун. Сталіца краіны і яе фінансава-прамыловы цэнтр — горад Тырана.
Албанія з’яўляецца членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, НАТА, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Дзяржава з’яўляецца адным з заснавальнікаў Энергетычнай супольнасці, Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і Міжземнаморскага саюза, а таксама з’яўляецца афіцыйным кандыдатам на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.
Этымалогія Назва краіны з’яўляецца экзонімам і паходзіць ад ілірыйскага «olba» — «паселішча». Упершыню назва з падобным коранем — Albanopolis — сустракаецца на карце Пталамея (150 н.э.), дзе яна маркіруе паселішча на паўночны ўсход ад сучаснага Дурэса. Самі ж албанцы называюць сваю краіну Шкіперыяй, што паводле народнай этымалогіі азначае «зямля арлоў».
Геаграфічнае становішча
Плошча Албаніі складае 28,7 тыс. км². Краіна выцягнутая на 340 км з поўначы на поўдзень і на 150 км з захаду на ўсход. Агульная даўжыня марскога ўзбярэжжа 362 км. У Адрыятычным моры Албаніі належыць востраў Сазані.
Прырода
Цэнтральная частка ўзбярэжжа — раўніна; астатняя тэрыторыя (каля 70 %) занятая гарамі, што агулам вядомыя як Балканскія: Паўночнымі Албанскімі Альпамі (або Праклецце); хрыбтамі Таморы, Карабі (да апошняга належыць найвышэйшая кропка краіны — гара Кораб (або па-албанску Карабі, 2764 м) на мяжы з Паўночнай Македоніяй); на паўднёвым захадзе размешчаны Акракераўнскія горы, што спускаюцца адхонамі проста ў Іанічнае мора; на паўднёвым усходзе — горы Пінд,
На тэрыторыі Албаніі ёсць радовішчы нафты, прыроднага газу, вуглю, хрому, медзі, нікеля.
Клімат субтрапічны, на ўзбярэжжы міжземнаморскі, на ўсходзе — кантынентальны. У гарах клімат умераны. Сярэдняя тэмпература складае −1 °C узімку і 21.8 °C улетку, але чаргаванне гор і раўнін стварае значныя кантрасты паміж рознымі часткамі невялікай краіны. На ўзбярэжжы, у вобласці міжземнаморскага клімату, сярэдняя тэмпература студзеня складае 8—9°С, ліпеня — 24—25°С, у гарах зімовыя тэмпературы адмоўныя. Ападкаў 800—2000 мм у год, што болей чым у сярэднім па Міжземнамор’і, большая частка выпадае зімой у выглядзе дажджу. Некаторыя схілы Паўночных Албанскіх Альпаў атрымліваюць больш за 3000 мм ападкаў, што робіць іх адным з самых "вільготных куткоў" Еўропы.
Самая вялікая рака — Дрын, што, пачынаючыся ў Праклецці са зліцця Чорнага і Белага Дрынаў, цячэ свае 148 км з усходу на захад у паўночнай частцы краіны. Самая доўгая рака — В’ёса (192 км), што мае выток у Грэцыі. Найбуйнейшыя азёры: Скадарскае (памежнае з Чарнагорыяй), Ахрыдскае, Прэспа (абодва на мяжы з Паўночнай Македоніяй). Усе азёры чымсьці геаграфічна адметныя: Скадарскае — найбуйнейшае ў Паўднёвай Еўропе; Ахрыдскае возера занесена ў спіс Сусветнай спадчыны, да таго ж, лічыцца адным з самых старажытных азёр свету; Прэспа — надзвычай высакагорнае. На Дрыне маецца нізка вадасховішчаў. З Праклецця спускаюцца ледавікі, прычым снегавая лінія дзе-нідзе праходзіць на вышыні 2000 м. — з’ява незвычайная для гэткіх цёплых шырот.
Раслінны і жывёльны свет Албаніі, дзякуючы рэльефу, клімату і гідраграфіі, вельмі разнастайны; а дзякуючы невялікай шчыльнаці насельніцтва ў гарах — яшчэ і няблага захаваны. Звыш 2/5 тэрыторыі Албаніі пакрыта лясамі з сасны, елкі, бярозы і дубу ды хмызнякамі, каля 1/4 — лугамі. Лясы лепей захаваліся ў гарах. На месцы зведзеных лясоў утварыліся фармацыі тыпу маквісу. Жывёльны свет даволі багаты, сустракаюцца буйныя млекакормячыя: мядзведзь, алень, рысь — усе яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення; шмат ліс, шакалаў, ваўкоў, лясных катоў. У эстуарыях рэк, на азёрах і балотах гняздуецца мноства птушак, у тым ліку фламінга, малы баклан, курчавы пелікан; на узбярэжжах кладуць яйкі розныя віды чарапах. У эстуарыі ракі В’ёса створаны рэзерват В’ёса–Нарта, даліна ж самой ракі лічыцца адной з рэдкіх малакранутых чалавекам рачных далін у Еўропе і яе сённяшні стан выклікае заклапочанасць эколагаў. Усягоў Албаніі 14 нацыянальных паркаў, 4 водна-балотных угоддзі, 1 марскі парк.https://www.undp.org/content/dam/albania/docs/short_report_design.pdf Албанія займае самыя высокія сярод краін Паўднёвай Еўропы пазіцыі ў розных экалагічных рэйтынгах.
Гісторыя
Паходжанне албанцаў часцей за ўсё звязваюць з ілірыйскімі плямёнамі, аднак адзінай версіі этнагенезу албанскага народа не існуе.
У XV стагоддзі населеныя албанцамі тэрыторыі былі захоплены Асманскай імперыяй. Да гэтага часу адносіцца дзейнасць албанскага нацыянальнага героя Георгія Кастрыёці (Скандэрбега), які здолеў аб’яднаць народ у барацьбе з туркамі і забяспечыць незалежнасць Албаніі на 25 гадоў. Пасля смерці Скандэрбега Албанія канчаткова трапіла пад уплыў асманаў. Турэцкая акупацыя працягвалася аж да пачатку XX стагоддзя, калі ў ходзе Першай балканскай вайны Албанія абвясціла незалежнасць 28 лістапада 1912 года.
Пасля здабыцця незалежнасці краіна доўгі час знаходзілася ў стане палітычнага хаосу, знаходзячыся часам пад вонкавым кіраваннем. У 1924 годзе да ўлады на кароткі тэрмін прыйшоў урад на чале з праваслаўным святаром Феанам Нолі, што неўзабаве быў звергнуты аўтарытарным праітальянскім лідэрам Ахметам Зогу, які ў 1928 годзе абвясціў сябе «каралём усіх албанцаў».
7 красавіка 1939 года Албанія была акупаваная фашысцкай Італіяй, кароль збег з краіны. Пасля капітуляцыі Італіі ў верасні 1943 года краіна была занятая гітлераўскай Германіяй. Сіламі мясцовага партызанскага руху цалкам вызвалена ад захопнікаў 29 лістапада 1944 года.
Пасля Другой сусветнай вайны ўлада ў Албаніі была сканцэнтравана ў руках камуністаў на чале з Энверам Ходжа. 11 студзеня 1946 года абвешчана Народная Рэспубліка Албанія (НРА). Да пачатку 1960-х гадоў НРА падтрымлівала цесныя сувязі з Савецкім Саюзам, якія ўнеслі вызначальны ўклад у яе пасляваеннае аднаўленне. У 1961 годзе дыпламатычныя адносіны з СССР былі разарваныя. З канца 1970-х гадоў, пасля згортвання адносін з Кітаем, рэжым Э. Ходжа знаходзіўся практычна ў поўнай самаізаляцыі.
У 1991 годзе камуністычны рэжым упаў: адбыліся першыя шматпартыйныя выбары, абвешчаны грамадзянскія і палітычныя свабодыОб Албании.
Дзяржаўны лад і палітыка
Албанія — парламенцкая рэспубліка. Вышэйшы орган заканадаўчай улады — аднапалатны парламент Сход Албаніі. Прэзідэнт абіраецца парламентам тэрмінам на 5 гадоў.
Вышэйшы орган выканаўчай улады — Савет міністраў (урад).
У Албаніі зарэгістраваныя некалькі дзясяткаў палітычных партый, у тым ліку: Сацыялістычная партыя Албаніі, Дэмакратычная партыя, Партыя свабоды, партыя за справядлівасць, інтэграцыю і адзінства, Рэспубліканская партыя, Хрысціянска-дэмакратычная партыя, Саюз за правы чалавека. Законам забаронена дзейнасць партый шавіністычнага, расісцкага, таталітарнага, фашысцкага характару. У 1998 годзе легалізаваная раней забароненая Кампартыя Албаніі.
Знешняя палітыка Ад часу падзення камунізму Албанія імкнецца будаваць добрасуседскія адносіны з балканскімі краінамі і добразычлівыя — з краінамі ўсяго свету. Шматлікая албанская дыяспара працуе на паляпшэнне іміджу сваёй радзімы. Вялікім поспехам міжнароднай палітыкі стала членства ў НАТА (2009). Асноўнай палітычнай мэтай на бліжэйшыя дзесяцігоддзі застаецца членства ў ЕС, іншая важлівая мэта — пашырэнне міжнароднага прызнання Косава. Прыяцельскія сувязі ў Албаніі з ЗША: у 2007 Тырану ўпершыню наведаў прэзідэнт ЗША — Джордж Буш Малодшы.
Складаныя — фактычна, невырашальны канфлікт — адносіны Албаніі з Сербіяй звязаныя з узнікненнем на карце Еўропы незалежнага Косава. Даволі напружаныя адносіны з Грэцыяй вынікаюць з парушэнняў (на думку Грэцыі) правоў грэчаскай меншасці ў Албаніі з аднаго боку і патэнцыяльных (на думку Албаніі) тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Грэцыі да Албаніі з боку іншага.
Адносіны з Беларуссю
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Албанія былі ўсталяваны 17 траўня 1993 г. Албанскія паслы ў Расіі па сумяшчальніцтве акрэдытуюцца ў Беларусі. 16 сакавіка 2015 года ў Маскве адбылася рабочая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Петрышэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Албанія ў Расійскай Федэрацыі Арбенам Газіёні. Асаблівая ўвага была нададзена магчымасцям рэалізацыі існуючага патэнцыялу пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэння наменклатуры і аб’ёмаў паставак беларускай прадукцыі ў Албанію, фарміраванню дагаворна-прававой базы двухбаковых адносінаў, абмеркаванню перспектыў узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый.http://www.soyuz.by/news/geopolitics/14777.html
Адміністрацыйны падзел
Тэрыторыя Албаніі дзеліцца на 12 абласцей, якія, ў сваю чаргу, дзеляцца на 61 муніцыпалітэт. У складзе муніцыпалітэтаў выдзяляецца 2980 камун. Такое ўладкаванне было прынята ў 2015 годзе, да таго часу вобласці складаліся з 36 акруг, якія, ў сваю чаргу, дзяліліся на 309 камун і 65 гарадоў.
ВобласцьСталіцаАкругіПлошча, км²НасельніцтваКартаБератБератБерат (1Нумары акруг у дужках адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.), Кучава (16), Скрапары (29)1798139,815ДыбраПешкопіяБулькіза (2), Дыбра (7), Мат (22)2586134,153ДурэсДурэсДурэс (6), Круя (13)766278,775ЭльбасанЭльбасанГрамш (5), Лібражд (18), Пекін (25), Эльбасан (36)3199298,913ФіерыФіерыЛюшня (19), Малакастра (20), Фіеры (33)1890312,448ГіракастраГіракастраГіракастра (4), Перметы (26), Тэпелена (32)288470,331КорчаКорчаДэвол (8), Калонья (11), Корча (12), Паградзец (24)3711221,706КукесКукесКукес (14), Трапоя (30), Хас (34)237484,035ЛежаЛежаКурбін (15), Лежа (17), Мірдыта (23)1620135,613ШкодэрШкодэрМалесія-э-Мадзі (21), Пука (27), Шкодэр (35)3562215,483ТыранаТыранаКавая (10), Тырана (31)1652811,649ВлёраВлёраВлёра (3), Дэльвіна (9), Саранда (28)2706183,105
Крыху больш за палову албанскага народа жыве у гарадах — 54 %, што надта мала нават для адносна аграрнай Паўднёвай Еўропы. Адміністрацыйным, культурным, эканамічным і прамысловым цэнтрам Албаніі з’яўляецца Тырана, насельніцтва агламерацыі якой перавышае 800 тысяч чалавек, у самой жа Тыране перапіс 2011 налічыў 418 тыс.чалавек. Іншыя буйныя гарады з колькасцю насельніцтва, большай за 100 тысяч жыхароў, уключаюць у сябе Дурэс (каля 300 тыс.), Влёру (каля 200 тыс.) і Эльбасан.
Насельніцтва
Колькасць насельніцтва Албаніі — 2 412 113 чалавек, па выніках перапісу 2023 года. З 2011 па 2023 гады насельніцтва Албаніі скарацілася на 14,5%.
Хоць эміграцыя скарацілася пасля посткамуністычнага зыходу ў 1990-х гадах, яна застаецца праблемай для албанскага грамадства. Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў 2022 годзе з Албаніі выехала на 10 600 чалавек больш, чым пераехала ў яе.
Высокі ўзровень эміграцыі захоўваецца таму, што Албанія — гэта адна з самых бедных краін Еўропы.
Эканоміка