Касцёл Святога Апостала Андрэя — беламураваны каталіцкі храм, пабудаваны ў 1908—1914 гг. на цэнтральнай плошчы г.п. Лынтупы (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць).
У некаторых крыніцах згадана, што храм асвячоны ў імя Святога Андрэя БаболіКасцёл Святога Андрэя Баболі // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — С. 90-91., аднак афіцыйны сайт Каталіцкай царквы ў Беларусі падкрэслівае, што храм і прыход носяць імя апостала АндрэяЛынтупы — парафія Св. Апостала Андрэя.
Гісторыя Каталіцкі прыход у Лынтупах заснаваны ў XV стагоддзі. Першы драўляны храм быў пабудаваны тут каля 1459 года і асвячоны ў імя Святога Андрэя апостала. У 1640 годзе пры касцёле была пабудавана цагляная капліца.
Напачатку XX стагоддзя драўляная царква згарэла. Паколькі прыход быў шматлікім і будынак, які існаваў да пажару, не ўмяшчаў усіх вернікаў, у 1908 годзе было распачата будаўніцтва новага, больш прасторнага будынка. Храм быў выкананы ў неарэнесансным стылі, будаўніцтва завяршылася ў 1914 годзе.
У савецкі час прадпрымаліся спробы зачыніць храм, аднак вернікам атрымалася яго абараніць.
Архітэктура Касцёльны пляц акаймаваны бутавай агароджай з трохпралётнай брамай. Касцёл — помнік архітэктуры неарэнесансу. Манументальная буйнамаштабная двухвежавая трохнефавая базіліка з паўкруглай апсідай. Двух’ярусны «карабель» храма схаваны за кулісамі галоўнага фасада, цэнтр якога вылучаны двух’ярусным рызалітам з пілястравым порцікам і трохвугольным франтонам наверсе. Архітэктурная дынаміка і пластыка сканцэнтраваны на верхніх ярусах вежаў, крапаваных прафіляванымі карнізамі і пілястрамі, завершаных гранёнымі ліхтарамі. Рытміку бакавых фасадаў ствараюць высокія арачныя вокны.
Літаратура Касцёл Святога Андрэя Баболі // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — С. 90-91. Республика Беларусь : энциклопедия. Т. 4. — Мн., 2007 . Беларуская энцыклапедыя. Т. 9. — Мн., 1999.
Спасылкі
Лынтупы — парафія Св. Апостала Андрэя Catholic.by «Лынтупскi андрэеўскi касцёл» //Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік". Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1993 год. ISBN 5-85700-078-5.
Касцёл Святога Андрэя Баболі на сайце Глобус Беларусі
Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Лынтупы Лынтупы Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі неабарока Катэгорыя:Касцёлы Пастаўскага раёна