Бара́навічы () — горад абласнога падпарадкавання ў Брэсцкай вобласці, цэнтр Баранавіцкага раёна. Знаходзіцца ў міжрэччы Шчары і яе прытоку Мышанкі, за 206 км ад Брэста. Вялікі чыгуначны і аўтамабільны вузел.

Назва Горад развіваўся вакол чыгуначнай станцыі «Баранавічы», назва якой ад вёскі Баранавічы, якая цяпер у складзе горада (заходняя частка вуліцы Шаўчэнкі). У гэтым рэгіёне ёсць і яшчэ адны Баранавічы.

Прозвішчы Барановіч, Бараноўскі, Баран фіксаваліся ў старых метрыках у касцёлах у суседніх Міры, Гарадзішчы. Думку пра сувязь назвы Баранавічаў з прозвішчам Барановіч выказваў тапаніміст В. ЖучкевічКраткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 17..

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Упершыню Баранавічы згаданы пад 1627 годам у тэстаменце Ганны Ефрасінні Сяняўскай, дачкі ваяводы троцкага Аляксандра Хадкевіча, яна перадала маёнтак Мыш ў Навагародскім павеце Вялікага княства Літоўскага, у складзе з Баранавічамі іншымі вёскамі, у спадчыну свайму сыну, такім чынам Баранавічы сталі ўладаннем роду Сяняўскіх.

У 1666 годзе маёнтак Мыш разам з Баранавічамі набыў кашталян новагародскі Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі, які ў 1667 годзе заснаваў у Мышы езуіцкі калегіюм і перадаў яму сярод іншых зямельных уладанняў Баранавічы. У Баранавічах дзейнічала місійная станцыя езуітаў. За права валодаць Баранавічамі з езуітамі судзіліся Мікалай Геранім Сяняўскі і Г. Любамірскі, у 1683 годзе яны захапілі Мыш і навакольныя вёскі. На моцы судовых пастаноў Баранавічы зноў перайшлі ў валоданне Сяняўскіх. У 2-й палове XVIII стагоддзя Баранавічы перайшлі да Масальскіх і Несялоўскіх.

Расійская імперыя Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай Імперыі.

Развіццё Баранавіч як горада звязана з будаўніцтвам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі і яе чыгуначнай станцыі Баранавічы (названай ад вёскі), уведзенай у эксплуатацыю ў лістападзе 1871 года. Вакол станцыі ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х гадоў налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 года пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясцовага маёнтка Развадоўскай). У снежні 1884 годзе пачаў дзейнічаць участак чыгункі Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я годзе пасёлкі аб’ядналі. Паводле перапісу 1897 года ў Баранавічах 8 718 жыхароў, 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыгуначнікаў і дабрачыннага таварыства.

У рэвалюцыю 1905—1907 гадоў адбылося выступленне рабочых і салдатаў 1905 года. Напярэдадні Першай сусветнай вайны працавалі тры цагельныя, маслабойны, два лесапільныя, чыгуналіцейны заводы, тры фабрыкі млынавых жорнаў.

Першая сусветная вайна У пачатку Першай сусветнай вайны ў Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміяй. З верасня 1915 года акупіраваны германскімі войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрвені—ліпені 1916 года рускія войскі правялі Баранавіцкую аперацыю, але расійскі наступ быў няўдалы. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля адыходу немцаў 5 студзеня 1919 года ўстаноўлена савецкая ўлада, Баранавічы ў складзе Савецкай Беларусі. З 6 лютага 1919 года горад, цэнтр Баранавіцкага павета Мінскай губерні, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны 18 сакавіка 1919 года польскі атрад кавалерыі пад кіраўніцтвам маёра Уладзіслава Дамброўскага адбіў Баранавічы з рук бальшавікоў. Польскія войскі здабылі вялікую колькасць зброі, амуніцыі, іншых ваенных рэсурсаў, а таксама ўзялі ў палон шматлікіх бальшавіцкіх салдат. У ліпені 1920 года Баранавічы былі заняты бальшавікамі, але з верасня 1920 года ізноў акупіраваны польскімі войскамі.

У складзе Польскай Рэспублікі Паводле Рыжскага міру з 1921 года Баранавічы з Заходняй Беларусі трапілі ў склад Польшчы, дзе былі цэнтрам Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. У 1924 годзе збудаваны драўляны касцёл Узвіжання Святога Крыжа. У горадзе пастаўлены, раней за варшаўскі, Помнік-магіла невядомага жаўнера. У 1938 годзе пачала працаваць радыёстанцыя Польскае Радыё Баранавічы, адной з мэт якой было супрацьстанне савецкай радыёпрапагандзе. У Баранавічах мела сядзібу брыгада КАП «Навагрудак», якая дзейнічала ў 1924—1937 гадах.

Баранавічы былі месцам дыслакацыі 2-й Навагрудская брыгады кавалерыі, у склад якой ўваходзілі: 25-ы полк уланаў вялікапольскіх (размяшчаўся ў Пружанах), 26-ы полк уланаў вялікапольскіх (ў Баранавічах), 27-ы полк уланаў імя караля Стэфана Баторага (у Нясвіжы), 4-ы полк стральцоў конных (у Плоцку), 9-ы дывізіён артылерыі коннай. У 1936—1939 гадах камандзірам брыгады быў Уладзіслаў Андэрс.

Другая сусветная вайна З пачаткам Другой сусветнай вайны і паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года на тэрыторыі Баранавіцкага павета здзяйсняліся рабункі і забойствы, ахвярамі былі заможныя грамадзяне і супрацоўнікі польскай адміністрацыі. У Баранавічах кіраўнік магістрата Ян Венгжын сфарміраваў міліцыю, якая дзейнічала да прыходу ў горад Чырвонай Арміі, што адбылося цягам таго ж дня, але дзякуючы гэтай міліцыі горад быў адным з нешматлікіх месцаў Заходняй Беларусі, дзе напачатку паходу Чырвонай Арміі не было пагромаў.

З лістапада 1939 года горад у БССР, са снежня 1939 года — цэнтр Баранавіцкай вобласці. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут.

З 27 чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года Баранавічы акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Акупанты зрабілі ў горадзе яўрэйскае гета, куды сагналі каля 15 тысяч яўрэяў Баранавічаў і навакольных вёсак, якіх сістэматычна знішчалі цягам наступных месяцаў. У дамах № 54 і 56 па Віленскай вуліцы і ў доме № 111 па вул. Шашэйнай з красавіка 1942 года па чэрвень 1944 года існавалі лагеры (спецыяльныя адборачныя пункты) для адпраўкі цывільнага насельніцтва на прымусовыя работы ў нацысцкую Германію. Штомесяц вывозілася па 300—400 чалавекСправочник о немецко-фашистских лагерях, гетто, других местах принудительного содержания гражданского населения на временно оккупированной территории Беларуси в период Великой Отечественной войны 1941—1945 годов / Государственный комитет по архивам и делопроизводству Республики Беларусь; [Авторы-составители: В. И. Адамушко, О. В. Бирюкова, М. И. Богдан и др.; Научный редактор В. И. Адамушко]. — Минск: Натако, 1998. — 80 с.: табл. — С. 5. — ISBN 985-6075-10-6. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 861. — Воп. 1. — Спр. 1. — Арк. 11; Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. — 7021. — Воп. 81. — Спр. 102. — Л. 10.. На станцыі Баранавічы-Цэнтральныя з сакавіка 1943 да ліпеня 1944 гадоў дзейнічаў лагер для грамадзянскага насельніцтваСправочник о немецко-фашистских лагерях… — С. 5.Са спасылкай на: Архив УКГБ по Брестской области..

Супраць акупацыйных улад дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. Падчас акупацыі было знішчана ад 22 да 30 тысяч яўрэяў Баранавічаў і наваколля.

У складзе БССР З 1954 года — у Брэсцкай вобласці, цэнтр Навамышскага, з 1957 года — Баранавіцкага раёнаў.

У другой палове 1940-х гадоў кіраўніцтва БССР стварала цяжкасці ў арганізацыі выезду жыхароў Баранавічаў, якія не хацелі жыць у СССР і імкнуліся з’ехаць у Польшчу ў яе пасляваенных межах. Улады стварылі паняцце асоба народжаная на тэрыторыі Беларусі. Такіх асоб аўтаматычна лічылі беларусамі і адмаўлялі ім у праве вызначэння сваёй нацыянальнасці паводле мовы або веравызнання. Пазней выезд у Польшчу для такіх асоб быў немагчымы. Польскія члены беларуска-польскай камісіі ў Баранавічах пісалі ў сваёй справаздачы: «беларускі бок… не гледзячы на тое, што ён сам бачыць і чуе… безумоўна вырашае, што яны беларусы, бо яны тут нарадзіліся».

8 сакавіка 1956 года ў гарадскую мяжу ўключаны вёскі Свяцілавічы і Храсты Балабанавіцкага сельсаветаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 8 сакавіка 1956 г. Аб уключэнні вёсак Свяцілавічы і Храсты Новамышскага раёна Брэсцкай вобласці ў гарадскую мяжу горада Баранавічы // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 3., 14 сакавіка 1962 года — вёска Жлобін Каўпеніцкага сельсаветаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Баранавічы вёскі Жлобін Каўпеніцкага сельсавета Баранавіцкага раёна ад 14 сакавіка 1962 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 9 (968)., 27 лютага 1978 года — хутар Храсты Навамышскага сельсавета, вёска Баранавічы і частка вёскі Вялікая Каўпеніца Каўпеніцкага сельсаветаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 27 лютага 1978 г. № 150 Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Баранавічы хутара Храсты Навамышскага сельсавета, вёскі Баранавічы, часткі вёскі Вялікая Каўпеніца Каўпеніцкага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 7 (1561)..

У незалежнай Беларусі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 2012 года № 306 «Аб некаторых пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна» вёскі Анісімавічы, Бараўцы, Зорная, Узногі, а таксама часткі аграгарадка Русіно, вёсак Антанова, Гірава, Дубава, Вялікая Каўпеніца, Малая Каўпеніца, Прыазёрная і Янова Баранавіцкага раёна перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Баранавічам. Такім чынам тэрыторыя горада павялічана на 30,4 кв.км, а насельніцтва на 8000 чалавек.

У 2020 годзе ў Баранавічах, як і ў іншых гарадах Беларусі адбывалася вялікая колькасць масавых акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Адной з самых масавых акцыі быў «Марш за свабоду» 16 жніўня 2020 года.

Узнагароды У 2025 годзе Саветам кіраўнікоў дзяржаў СНД Баранавічам нададзена ганаровае званне Садружнасці незалежных дзяржаў «Горад працоўнай славы. 1941—1945 гг.».

Насельніцтва

Дэмаграфія сярэдзіна 1880-х гадоў— 1 500 чал.; 1897 год — 8 718 чал. 1912 год — 30 000 чал.; 1939 год — 27 000 чал.; 1959 год — 58 100 чал.; 1970 год — 101 500 чал.; 2006 год — 167 900 чал.; 2009 год — 168 240 чал. (перапіс); 2016 год — 179 122 чал.; 2017 год — 179 439 чал.; 2024 год — 171 361 чал.

Рэлігія Большая частка вернікаў у Баранавічах — хрысціяне розных канфесій. Самыя вялікія хрысціянскія грамады: праваслаўныя (каля 70 %) каталікі (каля 12 %) пратэстанты (каля 1-2 %)

У Баранавічах дзейнічаюць касцёлы Узвіжання Святога Крыжа, Маці Божай Фацімскай, Святога Зыгмунта, царквы Покрыва Багародзіцы, Аляксандра Неўскага і Святых Жонак-Міраносіц, а таксама некалькі пратэстанцкіх цэркваў.

У горадзе дзейнічае 21 рэлігійная грамада, 1 манаская грамада і 1 дабрачынная рэлігійная місія, якія належаць да 11 канфесій.

Эканоміка

Галоўныя галіны прамысловасці — машынабудаванне (Баранавіцкі станкабудаўнічы завод ЗАТ «Атлант», РУВП «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод», 558-ы авіяцыйны рамонтны завод), лёгкая (Баранавіцкая швейная фабрыка), харчовая (ААТ «Баранавіцкі малочны камбінат», Баранавіцкі хлебазавод). Іншыя буйныя прадпрыемствы: ААТ «Бархім», УП «Блік», УП «Завод Энергадэталь», УП «Мэблевая фабрыка „Лагуна“» і іншыя. Гасцініцы «Гарызонт», «Камсамольская», «Свіцязь» і інш.

Аб’ём экспарту — 83 млн дол. ЗША (2005). Пастаўкі ў больш як 40 краін свету (60 % — у Расію).

Баранавічы — буйны чыгуначны вузел, у горадзе размешчана 14 структурных падраздзяленняў (прадпрыемстваў) Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, у т.л. станцыя Баранавічы-Паўночныя.

Геаграфія