Беларуськалій — прадпрыемства па здабычы калійнай солі, заснаванае ў 1963 годзе на аснове Старобінскага радовішча (Салігорскі раён). Мае чытыры руднікі і прадстаўніцтвы ў Аўстрыі (Вена) і Літве (Вільня). Вырабляе калійныя ўгнаенні і харчовую соль, якія большасцю пастаўляе за мяжу. На долю прадпрыемства ў 2010 г. прыпадала 16 % сусветнай вытворчасці калію (8,6 млн тон).

Гісторыя

У 1949 г. было адкрыта адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійнай солі — Старобінскае калійнае радовішча. У 1949—1952 гг. на радовішчы праводзіліся першапачатковыя геалагаразведачныя работы для вызначэння формы і аб’ёму здабычы. Першая чарга Першага Салігорскага калійнага камбіната была ўведзена ў эксплуатацыю ў снежні 1963 г. З пускам астатніх двух (1965 і 1969 гг.) у краіне быў створаны Беларускі калійны басейн, які здабываў каля трэці ўсіх калійных угнаенняў у СССРГісторыя Беларусі: у 6 т. / [рэдкалегія: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш.]. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг. / [Н. Васілеўская, У. Завальнюк, М. Касцюк і інш.; рэд. тома У. Навіцкі]. — Мн.: Современная школа; Экоперспектива, 2011. — 727 с.: іл. — С. 245. — ISBN 978-985-539-243-0 (Современная школа); ISBN 978-985-469-337-8 (Экоперспектива)..

З 25 верасня 2005 г. замежныя пастаўкі ажыццяўляе праз сумеснае з расійскім «Уралкаліем» (Бярэзнікі, Пермскі край) ЗАТ «Беларуская калійная кампанія».

У 2012 г. чысты прыбытак прадпрыемства склаў 965 млн долараў ЗША.

6 лістапада 2014 года пасаду кіраўніка заняў Іван Галаваты.

12 красавіка 2017 г. на 1-м рудаўпраўленні адбыўся стыхійны страйк. Паводле інфармацыі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікі трэста «Раммантажбуд» адмовіліся выконваць сваю працу з-за памяншэння фактычнай зарабатнай платы ў два разыВ Солигорске прошло стихийное собрание монтажников Треста «Реммонтажстрой» . 14 красавіка з прадстаўнікамі незадаволеных заробкамі салігорскімі будаўнікамі сустрэўся гендырэктар «Беларуськалія» І. Галаваты, які паабяцаў «вырашаць такія пытанні ў працоўным парадку».

У 2020 годзе Беларуськалій стаў адным з цэнтраў усебеларускіх стачак, якія адбыліся пасля фальсіфікацыі выбараў і гвалту праваахоўных органаў супраць пратэстоўцаў. 19 лістапада «Беларуськалій» звольніў 49 бастуючых работнікаў за «прагулы».

27 жніўня 2021 афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю Петрыкаўскі горна-абагачальны комплекс ААТ «Беларуськалій». Яго будавалі амаль 10 гадоў, на работы было патрачана каля $1,25 млрд. Запасаў калійнай руды тут хопіць на 100 гадоў«Без перабольшання гістарычны дзень». Петрыкаўскі ГАК афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю.

У жніўні 2024 года выйшла расследаванне Беларускага расследавальніцкага цэнтра, Белсата, украінскай службы Радыё «Свабода», Кіберпартызан і іншых арганізацый, паводле якога для абыходу санкцыяў супраць «Беларуськалія» выкарыстоўваецца кампанія, зарэгістраваная на Кіпры і звязаная з асяроддзем Віктара Шэймана.

4 лістапада 2024 года новым генеральным дырэктарам «Беларуськалія» стаў Андрэй Рыбакоў, які раней узначальваў «Белнафтахім». У снежні 2024 года Рыбакоў быў дададзены ў санкцыйныя спісы Еўрапейскага саюза і Швейцарыі. Таксама Рыбакоў яшчэ падчас кіраўніцтва «Белнафтахімам» быў уключаны ў спіс спецыяльна пазначаных грамадзян і заблакаваных асоб ЗША.

Згодна з новым расследаваннем Беларускага расследавальніцкага цэнтра, выпушчаным у сакавіку 2025 года, вырабленая «Беларуськаліем» тэхнічная соль насуперак санкцыям прадаецца ў ЕС як антыгалалёдны рэагент.

Санкцыі

У чэрвені 2021 года Еўрапейскі Саюз увёў сектаральныя санкцыі ў адносінах Беларусі, якія прадугледжваюць, у тым ліку, забарону на гандаль і транзіт асобных відаў калійных угнаенняў. 9 жніўня 2021 года ЗША ўнеслі Беларуськалій у спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб. У той жа дзень Вялікабрытанія і Канада ўвялі абмежаванні на пэўныя калійныя ўгнаенні з Беларусі.

2 снежня 2021 года «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі, а Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла «Беларускую калійную кампанію» ў амерыканскі санкцыйны спіс. У чэрвені 2022 года прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны спіс ЕС.

У 2022 годзе Канада, ЕС і Швейцарыя ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалія», яго генеральнага дырэктара Івана Галаватага, а таксама Беларускай калійнай кампаніі. У студзені 2023 года прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны спіс Украіны. У верасні 2024 года Суд Еўрапейскага саюза адмовіўся зняць санкцыі ЕС з Галаватага, Беларуськалія і Беларускай калійнай кампаніі.

22 мая 2025 года Еўрапарламент прагаласаваў за павышэнне пошлін на ўгнаенні з Беларусі і Расіі. Павышэнне пошлін на беларускія і расійскія ўгнаенні пачне дзейнічаць з 1 ліпеня. Раней гэты праект ужо быў ухвалены камітэтам Еўрапарламента. Тады паведамлялася, што павышэнне будзе паступовым, і да 2028 года пошліны дасягнуць 430 еўра за тону.

У снежні 2025 года з санкцый ЗША, якія дзейнічалі з 2021 года, зроблена некалькі выключэнняў па гандлі з амерыканскімі кампаніяміНазло Канаде: зачем США хотят ослабить санкции против белорусского калияС «Беларуськалия» официально сняли американские санкции. У 2026 годзе санкцыі ЗША былі цалкам адмененыСША решили снять санкции с «Беларуськалия».

Крыніцы

Спасылкі Прадаць «Беларуськалій»: каму і за колькі «Салёнае сяброўства»: Беларусь, Расія і гандаль калійнымі ўгнаеннямі ў 2005—2010 гадах НОВЫЯ ГАРЫЗОНТЫ «БЕЛАРУСЬКАЛІЯ»

Катэгорыя:Прадпрыемствы Салігорска Катэгорыя:Хімічныя і нафтахімічныя кампаніі Беларусі Катэгорыя:Хімічныя і нафтахімічныя прадпрыемствы Катэгорыя:Вытворцы мінеральных угнаенняў Катэгорыя:Беларускія юрыдычныя асобы ў Чорным спісе ЕС