Іва́н Луцке́віч, народжаны Ян Ге́рман Луцке́віч (; , Шаўлі, Ковенская губерня — , Закапанэ, Польшча) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, публіцыст, археолаг, краязнавец, збіральнік старажытнасцей. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша ніва». Актыўны дзеяч Беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя, зрабіў уплыў на многіх удзельнікаў тагачаснага беларускага руху.

Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці і Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага паступова прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік пасяджэння Рады БНР 24—25 сакавіка 1918 года, на якім абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні, паспрыяў адкрыццю Віленскай беларускай гімназіі. Сабраў багаты збор старажытнасцей, якія сталі асновай збору Беларускага музея ў Вільні. Брат беларускага дзеяча Антона Луцкевіча.

Імя Іван Луцкевіч быў ахрышчаны паводле рыма-каталіцкага абраду пад імем Ян Герман. Дакладна невядома з якога часу ён пачаў карыстацца формай імя Іван. Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) у сваіх перапісках упамінала: «Паміж іншым, не ведаю, хто і калі пачаў старэйшага Луцкевіча называць Іванам, бо ён у лістах падпісываўся Ян, маю пару яго лістоў з такім подпісам». Антон Луцкевіч і іншыя беларускія дзеячы называлі яго Іванам. Пры гэтым выкарыстоўвалася таксама форма з імем па бацьку Іван Іванавіч, што таксама адпавядае праваслаўнай традыцыі, але бацьку звалі Ян Баляслаў.

Паводле даследчыка Анатоля Сідарэвіча, форма Іван была больш зручнай у беларускім праваслаўным нацыянальным асяроддзі. Таксама існуе думка пра тое, што пераход да формы імя Іван можа быць звязаны з прыхільнасцю Луцкевіча да ўніяцтва.

Біяграфія

Паходжанне

Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губерні герба Навіна. Род мае татарскае паходжанне. Бацька — Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч (1831—1895) — вайсковец Расійскай імперыі, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне быў паранены, з войска дэмабілізаваўся. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Верагодна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім у далейшым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе.

Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз, з Зоф’яй Лычкоўскай (1850—1918), дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснага. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван) быў іх першым дзіцем, у далейшым нарадзіліся Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947). Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе.

Сям’я была каталіцкай, у хаце гаварылі па-польску. Іван Луцкевіч наступным чынам згадвае светапогляд сям’і: «…сям’я жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, а сыноў мужыцкіх».

Раннія гады

Нарадзіўся 28 траўня (9 чэрвеня) 1881 года ў горадзе Шаўлі Ковенскай губерні, дзе ягоны бацька ў той час працаваў на чыгунцы. Неўзабаве бацька быў пераведзены па працы ў Лібаву. У 1890 годзе Іван пачынае вучыцца ў Лібаўскай Мікалаеўскай гімназіі. У Мікалаеўскай гімназіі Лібавы вучылася шмат латышоў і літоўцаў. У гэты перыяд адбывалася станаўленне літоўскага і латышскага нацыянальнага руху, якія адмяжоўвалі сябе ад палякаў і немцаў, таму ў школьным жыцці быў раздзел паміж польскімі панскімі дзецьмі і простымі вясковымі дзецьмі іншых нацыянальнасцей. Іван Луцкевіч сябраваў з літоўцамі, у 13—14 гадоў Іван наведваў літоўскі патрыятычны гурток пад кіраўніцтвам старога рэвалюцыянера Ёнаса Амбразайціса. У гэты перыяд у Івана фармуецца нацыянальны светапогляд, ён разумее што беларусы маюць такое ж права на самавызначэнне і развіццё ўласнай мовы як літоўцы і латышы. У 1895 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Мінск, але Іван дзеля далейшага навучання застаецца ў Лібаве. Праз паўгода пасля пераезду памірае бацька Ян Баляслаў. У 1897 годзе маці забірае Івана ў Мінск, дзе ён паступае ў пяты клас Мінскай губернскай гімназіі.

Антон Луцкевіч адзначаў, што яшчэ ў Мінскай гімназіі ён і яго брат Іван усвядоміліся і нацыянальна, і сацыяльна, і пачалі гуртаваць вакол сябе болей-меней свядомых беларусаў. Пазнаёміўшыся з беларускім паэтам, мастаком і перакладчыкам Карусём Каганцом, браты Луцкевічы арганізавалі гімназічны гурток, у занятках якога значнае месца займала беларуская тэматыка. Браты мелі цесныя стасункі з Генрыхам Францішкам Татурам, беларускім гісторыкам, краязнаўцам і калекцыянерам. Таксама ў братоў Луцкевічаў збіраўся і інтэрнацыянальны гурток, у якім яны займаліся сацыяльнымі пытаннямі. Браты заклалі беларускую бібліятэчку з кніжкамі па беларускай гісторыі і этнаграфіі.

Пачатак палітычнай дзейнасці У 1902 годзе Іван заканчвае вучобу ў гімназіі, разам з Антонам яны едуць у Санкт-Пецярбург. Іван паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і адначасова ў Археалагічны інстытут. У сталіцы Расійскай імперыі ў гэты час было шмат беларускіх студэнтаў, тут браты знаёмяцца з Вацлавам Іваноўскім. У гэтым жа годзе Іван і Антон Луцкевічы разам з Іваноўскім арганізоўваюць «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»; мэтай гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг. Пры ўдзеле Івана была выдадзена брашура «Калядная пісанка на 1904 год» і зборнік Янкі Лучыны «Вязанка».

У гэты час Іван Луцкевіч шукае кантактаў з рэвалюцыйнымі арганізацыямі, сыходзіцца з сацыял-рэвалюцыянерамі і знаёміцца з сёстрамі Ізмайлавічанкамі з Мінска. Увесну 1903 года пры падрыхтоўцы да першамайскай дэманстрацыі ў Санкт-Пецярбургу Іван арыштоўваецца на кватэры Ізмайлавічанак. Спярша ён быў змешчаны ў , а пазней пераведзены ў «». Прасядзеў у турме амаль да канца лета, за гэты час прыняў удзел у галадоўцы палітвязняў, а ў «Крестах» захварэў і быў змешчаны ў бальніцу ў аддзел сухотнікаў. Увосень 1903 года браты Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю Беларуская рэвалюцыйная грамада на базе ўжо існуючай Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Мэтай арганізацыі было змаганне супраць самадзяржаўнай улады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Арганізацыя патрабуе свабоды для беларусаў: школы на беларускай мове і роўных правоў у краі.

У 1904 годзе Іван Луцкевіч заканчвае Археалагічны інстытут і атрымлівае камандзіроўку для навуковых доследаў на Беларусь і для далейшай навукі ў Вену. У Вене ён навучаецца ў «Славянскім семінары» пры Венскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Ватраслава Ягіча. Выезд за мяжу дазволіў пазнаёміцца з рэвалюцыйнымі і нацыянальна-вызваленчымі рухамі іншых краін. У Аўстра-Венгрыі Іван сустракаецца з уніяцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. У Львове Луцкевіч сыходзіцца з украінскім нацыянальным рухам, а пазней у Кракаве і Варшаве наладжвае кантакты з Польскай партыяй сацыялістычнай. У канцы 1904 ці пачатку 1905 года Іван Луцкевіч знаёміцца з украінскім дзеячам Міхайлам Грушэўскім. У пачатку 1905 года Іван Луцкевіч вяртаецца ў Санкт-Пецярбург дзеля заканчэння навучання на юрыдычным факультэце ўніверсітэта. У гэты ж час ён ад Беларускай рэвалюцыйнай грамады атрымлівае мандат на з’езд прадстаўнікоў сацыялістычных партый у Фінляндыі.

У часе рэвалюцыі 1905 года ў Мінску, дзе праходзіць найбольш шырокая дзейнасць партыі. Іван Луцкевіч выступае на мітынгах па-беларуску, нацыянальны элемент у выступах пераважае палітычны і сацыяльны. У час другой усеагульнай стачкі 1905 года ў Мінску была складаная сітуацыя, пасля Курлоўскага расстрэлу 18 кастрычніка на фабрыках была пільная ахова. У дзень стачкі Іван Луцкевіч, пераапрануўшыся, прайшоў на фабрыку Якабсона і загадаў рабочаму даць гудок, які мусіў распачаць забастоўку, пасля сігналу ён выступіў з прамовай перад рабочымі, пасля чаго тыя выйшлі на вуліцы.

На II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады (у яе была перайменаваная БРГ) разам Антонам Луцкевічам, Аляксандрам Бурбісам і Вацлавам Іваноўскім абраны ў склад цэнтральнага камітэта партыі. У лютым 1906 года сумесна з братам Антонам пераходзяць на нелегальнае становішча, пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбываецца з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Аляксандра і Кацярына Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі. На нелегальным становішчы ў Вільні браты жылі да 1908 года.

Вільня

Жыве ў Вільні на нелегальным становішчы, з фальшывым пашпартам на імя Івана Міхальчука. Іван Луцкевіч разгортвае агітацыйную дзейнасць у праваслаўнай духоўнай семінарыі, чытае вучням лекцыі па гісторыі Беларусі. Тут жа пашыраецца партыйная дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, канспірацыйнай кватэрай якой ёсць кватэра Алаізы Пашкевіч (Цёткі). З ініцыятывы Івана Луцкевіча з лістапада 1906 года выходзіць газета «Наша ніва». У гэты ж час Луцкевіч займаецца археалагічнымі працамі і зборам беларускага антыкварыяту, старадрукаў і рукапісных кніг, калекцыя захоўвалася ў рэдакцыі «Нашай нівы» на вуліцы Завальнай, 7. Ініцыятар стварэння Выдавецтва «Нашай нівы» ў 1907 годзе, пазней таксама меў дачыненне да стварэння выдавецтва «Наша хата» (1908—1911) і Беларускага выдавецкага таварыства.

У чэрвені 1908 года едзе ў Прагу на Усеславянскі з’езд прагрэсіўных студэнтаў, дзе кіруе беларускае секцыяй і адкрыта крытыкуе расійскія ўлады за нацыянальны прыгнёт. У 1909 годзе ўдзельнічаў у стварэнні Беларускага хору і Тэатральнай дружыны, якія дэбютавалі на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні 12 лютага 1910 года. Разам з братам Антонам быў сярод заснавальнікаў у 1910 годзе ў Вільні масонскай ложы «Еднасць» (). Ложа была створаная паводле ініцыятывы расійскіх масонаў, сябраў партыі кадэтаў. У «Еднасці» былі прадстаўлены ўсе асноўныя народы беларуска-літоўскага краю. Луцкевічы прытрымліваліся краёвай ідэалогіі. Прытрымліваючыся краёвай ідэалогіі, Іван Луцкевіч супрацоўнічае з іншымі нацыянальнасцямі. У 1910 годзе, калі ладзілася польскае Таварыства прыяцеляў навук (Towarzystwo Przyjaciół Nauk) ён зрабіў багата працы для арганізацыі яго музея, а таксама перадаў шмат сваіх рэчаў, якія вярнуў пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Супрацоўнічае з Украінскім царкоўным музеем у Львове, дасылаў туды рэчы, звязаныя з уніяцтвам, ладзіць там беларускі аддзел. Публікуецца ў часопісах «» і «». Напярэдадні выбараў у ІІІ Дзяржаўную думу Расіі Беларуская сацыялістычная грамада, сярод лідараў якой Іван Луцкевіч, засноўвае ў Вільні газеты «Kurjer Krajowy» і «Вечернюю газету», у якіх прасоўвае ідэі краёвасці для польскамоўных і рускамоўных чытачоў. Перад Першай сусветнай вайной удзельнічае ў з’ездзе аўтанамістаў-федэралістаў у Маскве, пасля наведвае Санкт-Пецярбург і Фінляндыю ўзімку 1914—1915 гадоў. У гэты час у яго пагаршаецца здароўе, абвастраецца старая сухотная хвароба. Вайну сустракае ў Вільні.

Першая сусветная вайна