Царква́ Свято́га Мікала́я — праваслаўны храм у Засімавічах Пружанскага раёна, збудаваны ў 1811 годзе. Помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя 250px|злева|thumb|Царскія вароты Мікалаеўскай царквы, зробленыя Рыгорам Печнікавым Пабудаваная ў 1811 годзе на сродкі мясцовага памешчыка Ельца з цэглы і бутавага каменя. Ля царквы знаходзілася драўляная званіца.

У Першую сусветную вайну пашкоджаная пажарам, у 1916 адноўлена.

У 1924 годзе царква стала прыпісным прыходам пружанскага Свята-Аляксандра-Неўскага сабора. У 1925 праведзены капітальны рамонт царквы і званіцы, пастаўленая агароджа.

Пасля прыходу савецкай улады ў маі 1940 года разрабавана, у маі 1962 зачынена і прыстасавана пад склад хімічных угнаенняў.

Пасля развалу СССР дырэктар раённага Дома культуры Васіль Курачынскі, ураджэнец Засімавіцкага прыхода, выступіў з ініцыятывай аднаўлення царквы. Матэрыялы для перабудовы царквы былі набыты старавольскім і шанёўскім калгасамі, крыжы для купалоў вырабілі на Пружанскім масласырзаводзе. На ахвяраванні вернікаў было набыты ўнутранае начынне, частка яго была перададзена з пружанскага сабора. 24 лістапада 1994 храм быў асвечаны, праведзеная першая літургія.

Да цяперашняга часу сцены пад уздзеяннем аміячнай салетры выдзяляюць сырасць і цвіль.

Архітэктура

Царква — помнік архітэктуры класіцызму.

Памеры царквы 17 х 8,4 м. Асноўны аб'ём прамавугольны ў плане, невялікім уступам пераходзіць у трохгранную апсіду. Дах двухскатны гонтавы з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам з вертыкальнай шалёўкай.

Сцены па версе аперазаны прафіляваным карнізам. Да апсіды з паўднёвага боку прымыкае ромбападобная рызніца.

У зальнай частцы царквы прамавугольныя ваконныя праёмы, у апсідзе — аркавыя.

Літаратура

Спасылкі

Царква Святога Мікалая на «Глобусе Беларусі» Праваслаўе.by

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Пружанскага раёна Засімавічы Катэгорыя:З’явіліся ў 1811 годзе Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Засімавічы Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1811 год у Беларусі