О́рша (), часам Во́рша () — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Аршанскага раёна, на Дняпры пры ўпадзенні ў яго ракі Аршыцы. За 93 км ад Віцебска. Вузел чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог.
Назва На думку географа В. Жучкевіча, тапонім Орша паходзіць ад ракі Ршы (, цяперашняй Аршыцы), гэты гідронім аднесці да групы даволі частых цяпер Ржы, Ржаўкі, Ржачы, Ржанкі. Таксама ёсць версіі пра балцкае (ад наймення ляшчыны) або фіна-ўгорскае (вада, якая бяжыць у рэчышчы — рака) паходжанне. Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя пачатковага Рша праз форму Арша́ і перанос націску на першы склад, а таксама афармленне ў мясцовых гаворках і альтэрнатыўнай норме беларускай мовы варыянту прыстаўным зычным в — Ворша. У акадэмічным правапісе прыстаўны в не пішацца, бо паходжанне тапоніма няпэўнае.
Гісторыя
Ранняе Сярэднявечча
Дзядзінец старажытнай Оршы (плошча 0,57 га) размяшчаецца каля сутокаў рэк Аршыцы і Дняпра, дзе археолагі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў.
На думку Аляксандра Шынкевіча, Орша магла ўзнікнуць як адзін з пагранічных фарпостаў Полацкай зямлі на ўсходзе, імаверна, каля 1021 года, калі кіеўскі князь Яраслаў саступіў полацкаму князю Брачыславу гарады Віцебск і Усвяты. Але ні з якіх крыніц гэта не вынікае і археалагічнымі даследаваннямі не пацвярджаецца.
Часта лічаць, што ўпершыню Орша згадана ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 годам як Ръша, каля якой 10 ліпеня схоплены полацкі князь Усяслаў, які пераплыў з сынамі на чаўне Дняпро для перамоў з кіеўскімі князямі і быў узяты ў палон. Але па будове летапіснага сказу імаверней, што мелася на ўвазе рака Аршыца. Паводле археалагічных даследаванняў на месцы горада тады было толькі невялікае вясковае паселішча, яно імаверна абслугоўвала шлях з вараг у грэкі. Імаверна, горад пабудаваны ў 1101—1116 гадах менскім князем Глебам Усяславічам.
Пасля захопу ў 1116 годзе Оршы ў князя Глеба, на думку некаторых даследчыкаў, горад аказаўся ў складзе Смаленскага княства.
Вялікае Княства Літоўскае З пачатку княжання ў Віцебску Альгерда (1320 год) Орша ў складзе Віцебскага княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага як цэнтр намесніцтва ў Віцебскім княстве. У першай палове XIV ст. у сувязі з прыгранічным размяшчэннем горада вялікім князем Альгердам вакол горада былі ўзведзены абарончыя ўмацаванні, а ў 1398—1407 гадах ужо па загадзе Вітаўта на месцы гарадзішча быў пабудаваны мураваны замак. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве (15.7.1410). З дакументаў XV ст. вядома, што ў месце дзейнічала мытня.
У 1505 годзе левым беразе Дняпра насупраць замка ўзведзена драўляная царква Святога Ільі — самая ранняя культавая пабудова з вядомых на тэрыторыі Оршы. Паводле падання яна была пабудавана пасля пажару на месцы папярэдняга аднайменнага драўлянага храма 1460 г., узведзенага па загадзе вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV. Вакол царквы развілася слабада, якая ад яе атрымала назву Ільінскай.
У першай палове XVI ст. Орша неаднаразова была занята маскоўскімі войскамі. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) непадалёк ад Оршы 8 верасня 1514 года адбылася адна з найбуйнейшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Еўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэту перамогу ў 1520—1530-я гады невядомы мастак напісаў першую ва Усходняй Еўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музеі Польшчы).
З 1560-х гадоў горад стаў цэнтрам Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзеяч Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў у Оршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі кальвінскі збор. Горад меў гандлёвыя сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай, Украінай, быў транзітным цэнтрам, важным пунктам вялікага гандлёвага шляху з Расіі ў Польшчу i Прыбалтыку, які праходзіў па тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага з усходу на захад.
У 1558 годзе картограф Мацей Струбіч надрукаваў карту «Апісанне Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Масковіі», на якой упершыню значылася Орша. У наступным 1559 годзе горад атрымаў частковае самакіраванне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У 1573 годзе ў Оршы з’явіліся езуіты. З 1592 года існавала праваслаўнае брацтва, зацверджанае вялікім князем Жыгімонтам Вазам.
23 лістапада 1593 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Оршы грамату аб гарадскім органе самакіравання, а 13 снежня 1620 года горад атрымаў Магдэбургскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж» (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). У 1616 годзе пры дапамозе Льва Сапегі езуіты адкрылі тут свой калегіум.
3 мая 1621 года аршанцы зацвердзілі ўласны гарадскі статут, выпрацаваны на аснове магдэбургскае права. Атрымаўшы Магдэбургскае права, гараджане пабудавалі гандлёвыя рады і ратушу з вежай, гадзіннікам і вялікім звонам, у якой праходзілі пасяджэнні магістрата і суда. У 1649 годзе ў горадзе пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскае войска зруйнавала Оршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданні палёгак гораду ў сувязі з ваеннымі спусташэннямі, якія дзейнічалі да 1614 года.
У 1623 годзе ў некаторай аддаленасці ад сярэдневяковай Оршы, у Куцеінскай слабадзе на сродкі магілёўскага праваслаўнага брацтва пабудаваны праваслаўны мужчынскі Богаяўленскі манастыр. У 1631 годзе заснаваны жаночы Куцеінскі Прачысценскі манастыр. У 1691 годзе пабудавана саборная царква Раства Багародзіцы. У XVII ст. заснаваны кляштары бернардзінцаў (1636), дамініканцаў (1649), францысканцаў (1680), базыльянак, у XVIII стагоддзі — трынітарыяў (1714), Пакроўскі базыльянскі манастыр (1758, 1774). Дзейнічалі кляштары місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790) і інш.
У XVII ст. Орша была адным з найбуйнейшых мастацкіх цэнтраў Беларусі, у горадзе існавалі 26 відаў рамёстваў. Тут працавалі разьбяры Іпаліт, Герасім i Арсеній, цесляры Восіп Андрэеў і Андрэй Фёдараў, гравёр Паісій, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак, майстры-збройнікі і мастакі. З Оршы паходзяць рукапісныя помнікі беларускага пісьменства «Лісты» (1567—1587) Ф. С. Кміты-Чарнабыльскага, «Збор польскіх і рускіх вершаў» (канец XVII ст.), «Аршанскі кодэкс» (да 1693), у 1812 г. у Оршы знойдзена «Аршанскае Евангелле» (кан. 12 — пач. 13 ст.). У 1630—1655 гадах пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры дзейнічала друкарня асветніка Спірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кніг на кірыліцы. Наклад некаторых выданняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь».
З 1740 года езуіцкі калегіум атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філасофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, логіку. Пры калегіуме працавала музычная бурса і школьны тэатр. Аршанскі калегіум езуітаў дзейнічаў да 1820 года.
У XVII—XVIII стагоддзях Орша мела аблічча манастырскага горада. Амаль палову яе зямель займалі кляштары і манастыры, частка з якіх знаходзілася па-за межамі горада. 11 кляштараў і манастыроў з велічнымі вежамі касцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Оршы асабліва ўзнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жылля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага горада такое архітэктурнае спалучэнне было рэдкай адметнасцю.
Расійская імперыя
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Орша ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, дзе з’яўлялася цэнтрам Аршанскай правінцыі да 1775 года. У 1776 годзе расійскія ўлады пазбавілі горад Магдэбургскага права. У гэты час тут налічвалася 309 будынкаў. У 1778 годзе з’явіўся праект перапланіроўкі Оршы, які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, стварэнне непадалёк ад цэнтра новай плошчы з гасціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 года гораду даравалі новы расійскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расіі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл». З 1802 года Орша стала цэнтрам Аршанскага павета Магілёўскай губерні. У 1812 годзе ў Оршы выявілі ўнікальны помнік пісьменнасці — «Аршанскае Евангелле», якое датуецца XII—XIII стагоддзямі.
У час вайны 1812 года французы занялі Оршу і пры адступленні спалілі яе. Гарадскім інтэндантам у час французскага панавання быў Анры Бейль, пазней ужо вядомы як французскі пісьменнік Стэндаль. У часы вайны ў Оршы былі ўзведзены 2 масты цераз Дняпро. Новы план забудовы горада зацвердзілі толькі ў 1848 годзе.
28 жніўня 1863 года паводле прысуду расійскага ваеннага суда ў Оршы расстралялі Ігната Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзела, які дзейнічаў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызваленчага паўстання. Па задушэнні паўстання расійскія ўлады закрылі ўсе кляштары, а большасць касцёлаў перадалі Рускай праваслаўнай царкве для перабудовы пад цэрквы з мэтай русіфікацыі края.
У другой палове XIX ст. Орша — буйны чыгуначны вузел. У 1880 годзе ў Оршы працавала 5 навучальных устаноў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў). З 1881 года пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракой да Магілёва. У гэты час у Оршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крам. У 1880—1881 гг. дзейнічала Аршанская пенькатрапальная мануфактура, у якой працавала 75 чалавек; у пачатку 1890 года ў горадзе працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (пенькатрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных устаноў (657 вучняў у 1894 годзе), бальніца, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869 год) і гарадская публічная бібліятэка (1899 год), з 1906 года — рэальнае вучылішча, з 1911 года — жаночая настаўніцкая семінарыя.
Найноўшы час У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у Оршы апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі механічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У месце вялася здабыча вапняку. Орша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеннікі». На Дняпры працавала прыстань, якая мела вялікае значэнне ў жыцці горада. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.
У час рэвалюцыі 1905—1907 гг. на Аршаншчыне ў 1906 г. адбылася Аршанская канферэнцыя сялян, якая стала пэўным крокам у палітычнай барацьбе. З 1915 года выдавалася газета «Оршанский вестник».
У Першую сусветную вайну ў лютым — кастрычніку 1918 года Оршу займалі нямецкія войскі. У 1917—1920 гадах у горадзе дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сіл.
Ад 1 студзеня 1919 года горад у складзе Беларускай ССР, а з 16 студзеня ў РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйнення БССР Орша вярнулася ў склад Беларусі, дзе стала цэнтрам раёна. У 1924—1930 гг. цэнтр Аршанскай акругі. З 1938 года ў Віцебскай вобласці.
У часы Вялікай Айчыннай вайны, 14 ліпеня 1941 года савецкая армія ўжыла каля Оршы новую зброю — устаноўку залпавага агню «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюш» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 года Оршу занялі нямецкія войскі. У горадзе дзейнічала патрыятычнае падполле. Існавала група партызан-падпольшчыкаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 года. У сакавіку таго ж года К. Заслонаў быў вымушаны схавацца ў лесе ад праследавання нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваёй дзейнасці; партызан загінуў 14 лістапада 1942 года. 27 чэрвеня 1944 года Оршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту. За гады вайны акупанты знішчылі прамысловыя прадпрыемствы і больш 75 % жыллёвага фонду горада.