Харымката́н () — востраў у Вялікай градзе Курыльскіх астравоў. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад Сахалінскай вобласці Расіі. Плошча — 41,6 км².

Прырода Востраў мае вулканічнае паходжанне. У цэнтры ўзвышаецца актыўны вулкан Севергіна (1213 м) з разбуранай вяршыняй. Вывяржэнні зафіксаваны ў 1713 і 1933 гадах. Горны масіў фарміруе стромкія ўцёсы. На захадзе бераг спадзісты, утвораны пясчанымі выдмамі, згладжаны струменем застылай лавы. Уздоўж яго цягнецца камяністы пляж.

На востраве маюцца дзве ракі з пітной вадой, некалькі малых бяссцёкавых азёр.

Расліннасць пераважна разнатраўная, лугавая, у тым ліку зараснікі ару, высокай травы з ядомым карэннем, і баршчэўніка. Сустракаюцца кедр, рабіна, ягаднікі. Вакол вострава да глыбіні 14—27 м — зараснікі марской капусты.

Распаўсюджаныя жывёлы — лісы, грызуны, ластаногія, птушкі.

Гісторыя У старажытнасці Харымкатан быў населены айнамі. Разбураныя рэшткі іх вёскі да нашых дзён знаходзяцца на паўночным захадзе вострава. На мове айнаў назва Арамакутан значыла «сёмы».

У XVIII—XIX стагоддзях з’явіліся першыя апісанні Харымкатана ў Расіі і Японіі. У 1875—1945 гадах належаў Японіі. Мясцовыя айны былі выселены на востраў Хакайда, дзе нашчадкі карэнных харымкатанцаў жывуць да нашага часу. У 1920—1930-я гады створана малое японскае паселішча, у якім жыла сям'я Такакі, якая апісала вывяржэнне вулкана Севергіна. У 1930-х гадах уладкаванне вялі палонныя кітайцы. Сустракаліся таксама развітальныя надпісы палонных з СССР (1939—1941 гг.).

Пасля Другой сусветнай вайны востраў далучаны да Расійскай Федэрацыі. Некаторы час на ім знаходзілася жылое паселішча Севергіно. Зараз ненаселены.

Спасылкі Востраў Харымкатан Археалагічныя даследаванні Вандроўка на Харымкатан Успамін пра наведванне Харымкатана і Севергіно

Катэгорыя:Курыльскія астравы Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Ахоцкага мора Катэгорыя:Незаселеныя астравы