Станіслаў Драгун (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2011—2020).
Клубная кар’ера Выхаванец мінскай школы «Працоўныя рэзервы», пачаў кар’еру ў сталічным «Лакаматыве». Пасля паўтары гады гуляў за «Гомель». У 2008 годзе перайшоў у мінскае «Дынама». У 2011 годзе стаў капітанам каманды і адным з ключавых ігракоў.
У студзені 2013 года перайшоў у самарскія «Крылы Саветаў», дзе пазней замацаваўся ў асноўным складзе. Застаўся ў самарскім клубе і пасля яго вылету з Прэм’ер-лігі па выніках сезона 2013/14, і на наступны год дапамог яму вярнуцца ў эліту.
У снежні 2015 года па заканчэнні кантракта з «Крыламі Саветаў» адмовіўся яго падаўжаць. 8 студзеня 2016 года маскоўскае «Дынама» афіцыйна абвясціла аб падпісанні кантракта з Драгуном да лета 2019 года. У першай палове 2016 года быў асноўным іграком масквічоў, аднак некалькі матчаў прапусціў з-за траўмы. Па выніках сезона 2015/16 «Дынама» страціла месца ў Прэм’ер-лізе, і наступны сезон Драгун распачаў у ФНЛ. Аднак месца ў аснове ўжо не меў і звычайна толькі выхадзіў на замену ў канцы матча. У лютым 2017 года «Дынама» ў аднабаковым парадку разарвала кантракт з Драгуном.
У сакавіку 2017 года стаў іграком «Арэнбурга». Па выніках сезона 2016/17 «Арэнбург» пакінуў Прэм’ер-лігу, і ў чэрвені 2017 года стала вядома, што клуб не будзе падаўжаць кантракт з Драгуном. Пасля зыходу з «Арэнбурга» цікавасць да Драгуна сталі праяўляць беларускія клубы, як то брэсцкае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр», аднак паўабаронца папоўніў склад барысаўскага БАТЭ. У складзе БАТЭ замацаваўся ў цэнтры паўабароны. 1 кастрычніка 2017 года забіў гол у гасцявым матчы барысаўчан з мінскім «Дынама», які прынёс камандзе перамогу 1:0, у выніку стаў з БАТЭ чэмпіёнам Беларусі.
У сезоне 2018 заставаўся адным з лідараў каманды, у галасаванні за званне футбаліста года Беларусі заняў другое месца пасля аднаклубніка Ігара Стасевіча. У сезоне 2019 з 14 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды. У кастрычніку 2019 года падоўжыў кантракт з БАТЭ. У чэрвені 2021 года атрымаў цяжкую траўму і выбыў на працяглы тэрмін. У верасні 2021 года падоўжыў кантракт з БАТЭ да канца 2022 года. У сезоне 2022 вярнуўся на поле ў якасці трывалага іграка асновы, з 10 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды ў чэмпіянаце Беларусі.
У пачатку 2023 года трэніраваўся з БАТЭ, аднак з-за забароны Міністэрства спорту і турызму новы кантракт з клубам не быў падпісаны, і Драгун не ўдзельнічаў у афіцыйных матчах каманды ў 2023 годзе. У чэрвені 2023 года абвясціў пра завяршэнне кар’еры.
У верасні 2023 года падпісаў кантракт з міні-футбольным клубам «Мінск».
Міжнародная кар’ера Гуляў за моладзевыя зборныя розных узростаў, быў капітанам алімпійскай зборнай Беларусі. 10 жніўня 2011 года дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай.
Восенню 2018 года разам са зборнай удзельнічаў у першым розыгрышы Лігі нацый УЕФА, дзе дапамог камандзе атрымаць перамогу ў сваёй групе ў дывізіёне D, сам з 5 галамі стаў адным з найлепшымх бамбардзіраў турніру.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі (2): 2017, 2018 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (6): 2007, 2008, 2009, 2019, 2020, 2021 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (2): 2012, 2022 Уладальнік Кубка Беларусі (2): 2020, 2021 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2022 Пераможца Першай лігі чэмпіянату Беларусі: 2004 Найлепшы паўабаронца чэмпіянату Беларусі: 2012 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (6): 2010, 2011, 2012, 2018, 2019, 2022 Пераможца Першынства ФНЛ: 2014/15 Бронзавы прызёр моладзевага чэмпіянату Еўропы: 2011
Грамадзянская пазіцыя Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК СКВІЧ Катэгорыя:Ігракі ФК Гомель Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Крылы Саветаў Самара Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Масква Катэгорыя:Ігракі ФК Арэнбург Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Футбалісты на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года Катэгорыя:Ігракі ў міні-футбол Беларусі