Ка́нды (, ) — горад, адміністрацыйны цэнтр Цэнтральнай правінцыі Шры-Ланкі. Другі па велічыні пасля Каломба. Насельніцтва — 125400 (2011 г.).

Геаграфія Канды размяшчаецца ў цэнтральнай частцы Шры-Ланкі, у горнай мясцовасці на аднайменным плато. Вяршыні і часткова схілы гор пакрыты лясамі. Сярэднюю частку горада займае штучнае возера.

Клімат трапічны вільготны, значна меней спякотны, чым на ўзбярэжжы. Сярэднегадавая тэмпература 23,6 °C — 26 °C. У красавіку — ліпені вылучаецца сезон мусонаў. Сярэднегадавыя ападкі — 1953 мм.

У гарах і ля возера захавалася частка мясцовай фаўны, у тым ліку малпы, яшчаркі, чаплі, качкі і інш.

Гісторыя Канды быў заснаваны ў XIV ст. як сталіца аўтаномнага сінгальскага княства. З 1592 г., калі партугальцы захапілі ўзбярэжжа, заставаўся цэнтрам апошняй незалежнай дзяржавы на востраве. У XVII ст. валадары Канды падтрымалі саюз з Нідэрландамі супраць Партугаліі. Аднак у выніку не здолелі далучыць узбярэжныя тэрыторыі, якія былі ўключаны ў склад галандскай калоніі.

У 1739 г. у Канды кіравала дынастыя Наякаў. Яны спавядалі будызм, але паходзілі з Індыі і былі таміламі. У 1761—1763 гг. валадар Кірці Шрыраджасінха вёў наступальную вайну супраць Нідэрландаў, але не меў поспеху. У 1796 г. галандская калонія была захоплена Вялікабрытаніяй.

Апошні манарх Канды, Шры Вікрама Раджасінха (1798—1815 гг.), прыйшоў да ўлады ў выніку інтрыг. Яго жорсткае кіраванне выклікала незадаволенасць падданых і суправаджалася змовамі і выступленнямі арыстакратыі. Брытанцы скарысталіся гэтай сітуацыяй. Іх умяшанне ў справы сінгальскай дзяржавы прывяло да войн 1803—1805 і 1815 гг. У 1815 г. была заключана дамова з прадстаўнікамі прыдворных Канды, якая ўключала пункты аб перадачы ўлады ад Шры Вікрамы Раджасінхі да брытанскага губернатара і захаванні будызму ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. У выніку манарх быў вымушаны зрачыся, быў адпраўлены ў Індыю, дзе і памёр у 1832 г.

У 1817—1818 і 1848 гг. на тэрыторыі дзяржавы Канды ўспыхвалі антыкаланіяльныя паўстанні. Паўстанне 1848 г. суправаджалася абвяшчэннем новага манарха Канды. Але паўстанцы пацярпелі паражэнне. У 1865 г. горад згубіў асаблівы статус. Замест старой сістэмы кіравання ўводзілася муніцыпальная. Арганізацыя брытанцамі каля горада чайных плантацый у канцы XIX ст. прывяла да павелічэння колькасці наёмных рабочых-тамілаў, якія ахвотней супрацоўнічалі з каланіяльнай адміністрацыяй. Але ў той жа час Канды з’яўляўся адным з галоўных цэнтраў сінгальскага адраджэння.

У 1944—1945 гг. у Канды размяшчаўся штаб саюзнага камандавання Усходне-Азіяцкага фронту (супраць Японіі).

Эканоміка Асноўныя галіны эканомікі: турызм, перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі (у тым ліку вытворчасць чаю), швейная прамысловасць, ювелірная прамысловасць, рамесная вытворчасць і г. д.

Насельніцтва

Гарады-пабрацімы

Славутыя мясціны Дзякуючы сваім славутым мясцінам Канды з’яўляецца важным турыстычным цэнтрам.

Найбольш выбітныя мясціны Канды:

Святы горад або старая частка Канды складаецца з храма Шры Малігава Даладала, у якім захоўваецца Зуб Буды — галоўная будысцкая рэліквія Канды і ўсёй Шры-Ланкі (сам Зуб схаваны пад дагобай і наведвальнікам не паказваецца), некалькі храмаў мясцовых багоў і палац уладароў Канды. У 1988 г. Святы горад трапіў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Штучнае возера Канды, якое займае цэнтральную частку сучаснага горада і прымыкае да старой часткі Канды. Яно было створана ў 1807 г. па загаду Шры Вікрамы Раджасінхі. Пратэст некалькіх кандыйскіх арыстакратаў супраць прыцягнення вялікай колькасці працоўных быў спынены забойствам незадаволеных, а іх целы кінулі на дно. На возеры размяшчаецца востраў, на якім быў пабудаваны гарэм апошняга ўладара. Пад час брытанскага панавання востраў выкарыстоўваўся для захоўвання боепрыпасаў. Запаведны лес Удаватакеле знаходзіцца каля гарадскога цэнтра на пагорках, адкуль добра бачны Святы горад. У ім шмат старых дрэў, птушак, малпаў, насякомых і г. д. Батанічныя сады Перадэнія ў маляўнічай мясцовасці ў прыгарадзе Канды Індуісцкія храмы дэвалі Будысцкія кляштары віхара Брытанскія ваенныя могілкі

Музеі Канды: Нацыянальны музей размяшчаецца каля Святога горада ў доме канкубіны Шры Вікрамы Раджасінхі. Экспазіцыя прадстаўляе рэгаліі валадароў Канды, гістарычныя рэліквіі, у тым ліку копію дагавора 1815 г. паміж брытанцамі і арыстакратамі Канды. Музей чаю ў будынку чайнай фабрыкі (1925 г.). Тут можна ўбачыць старое начынне чайных фабрык XIX — пачатку XX стст., а таксама экспазіцыю, прысвечаную Томасу Ліптану. Музей каштоўных камянёў

Традыцыі Адна з найбольш яркіх гарадскіх традыцый Канды — свята Эсала Перахера, прысвечанае Зубу Буды, якое праводзіцца ў месяц Эсала напярэдадні поўні (канец ліпеня — пачатак жніўня) на працягу 10 дзён. Упершыню яно было апісана ў 1681 г., хаця будысцкая традыцыя адносіць яго да III ст. да н.э. Свята складаецца з маляўнічых працэсій перахера, што суправаджаюцца выступленнямі танцораў, акрабатаў, сланоў і г. д. Паколькі пад час Эсала Перахера шануецца не толькі Буда, але і шматлікія багі, аднолькавыя для будыстаў і індуістаў Шры-Ланкі, то ў свяце прымаюць удзел прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій.

Крыніцы

Спасылкі

Горад Канды Канды на сайце ЮНЕСКА Канды Перахера Elephant on street in Kandy

Катэгорыя:Гарады Шры-Ланкі Катэгорыя:Былыя сталіцы Катэгорыя:Сусветная спадчына на Шры-Ланцы Катэгорыя:Гісторыя Шры-Ланкі