Склад — частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення.

Склад з’яўляецца фаналагічнай арганізацыяй, якая займае прамежкавы ўзровень паміж сегментарнай і несегментарнай фаналогіяй, паміж фанемай і словам. Склады часцяком лічацца фаналагічнымі «будаўнічымі блокамі» слоў. Яны могуць уплываць на рытм мовы, яе прасодыю і паэтычны метр.

Структура У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы склада. У беларускай мове складаўтваральныя галосныя [а], [э], [о], [у], [і], [ы] з адным (гэ, ра), двума (збы, цаў), трыма (стра, сква, клас), чатырма (гвалт, пстры) і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя ы): у-бок, а-сабліва, і-мя.

Колькасць складоў у слове У слове бывае ад аднаго да шасці і болей складоў. Слова, якое складаецца з аднаго склада, называецца аднаскладовым, з двух — двухскладовым, з трох — трохскладовым, а калі складоў больш за тры — шматскладовым, нягледзячы на тое, што гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца, каб апісаць слова з двух складоў і больш. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці складоў. У беларускай мове больш слоў адна- і двухскладовых.

Класіфікацыя Склады бываюць: націскныя — вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацнейшая і даўжэйшая за ненаціскны; ненаціскныя: пераднаціскныя: па-ляў-нічымі, паслянаціскныя: паляўні-чы-мі.

У слове з пяццю і болей складамі з націскам на першым складзе ўзнікае пабочны націск на перадапошнім складзе (вы́-ра-та-ва-ны̋-мі).

Ад месца склада ў слове залежыць іх падзел на: пачатковыя і непачатковыя: ка-ва-лак, канцавыя і неканцавыя: кло-па-ты.

Для пачатковага склада характэрны большыя гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных, для канцавога — меншая выразнасць вымаўлення.

У залежнасці ад месца галоснага склады бываюць: адкрытыя (на канцы галосны: два) і закрытыя (на канцы зычны: дах), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: эх) і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: вугал).

Адкрытыя і закрытыя склады могуць быць прыкрытымі (мы, дах) і непрыкрытымі (а, іл). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі склады, утвораныя адным галосным. Найбольшая колькасць тыпаў складоў — прыкрытыя.

Тэмп маўлення Колькасцю складоў, вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на беларускай мове — 3 склады ў секунду.

Складовая пісьменнасць Складовая пісьменнасць пачалася на некалькі сотняў гадоў раней за з’яўленне першых літар. Раннія запісы складоў на дошчачках, напісаныя каля 2800 года да н.э., былі знойдзены ля старажытнага шумерскага горада Ур. Гэты пераход ад піктаграм да складоў быў названы «самым важным дасягненнем у гісторыі пісьменства»Geoffrey Blainey, «A Short History of the World», с. 87..

Катэгорыя:Фанетыка Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы