Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка () — беларускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі (1994—2004). Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы (зараз — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна), затым паступіў у 1956 годзе на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым — Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне.
У 1964—1967 гадах вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 года працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 1977 — дацэнт, 1995 — прафесар, 1994 — член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).
З 1991 года М. Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з мая 1994 года па 2004 год — дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. З 2004 года — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута.
Памёр 6 красавіка 2025 года ва ўзросце 88 гадоў.
Навуковая дзейнасць Даследаваў праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя» (1991), сааўтар калектыўных прац «Гістарычнае краязнаўства Беларусі» (1980), «Народная педагогіка беларусаў» (1996), «Беларусы» (1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё» (2001), «Беларусы. Т. 5. Сям’я» (2001), «Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі» (2002).
Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў, сярод якіх найбольш значнымі з’яўляюцца «Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці» (1969), «Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў» (1969), «Сям’я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.» (1970), «З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору» (1970), «Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый» (1990), «Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі» (1995), «Прынцыпы класіфікацыі вясельнай абраднасці беларусаў» і інш.
У працы «Этнаграфія Беларусі» разглядаў фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. У артыкулах, надрукаваных у энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» вывучыў многія міфалагічныя вобразы беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання аб паходжанні беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.
Літаратура
Навагродскі, Т. А. Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (Да 60-годдзя з дня нараджэння) / Т. А. Навагродскі // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманіт. навук. — 1996. № 2. — С. 120—121.
Член-карэспандэнт Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка // Атэстацыя. 2001. — № 2. — С. 118—119. Вучоны шырокага дыяпазону // Памяць. Брагінскі раён. Мн., 2001. — С. 659—660. Лакотка, А. І. Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (Да 70-годдзя з дня нараджэння) / А. І. Лакотка, І. У. Чаквін, Т. А. Навагродскі // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманіт. навук. — 2006. — № 2. — С. 123—124. М. Ф. Піліпенка на сайце НАНБ
Спасылкі Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Этнолагі Беларусі Катэгорыя:Дактары гістарычных навук Катэгорыя:Дырэктары ІМЭФ НАНБ Катэгорыя:Члены-карэспандэнты НАНБ Катэгорыя:Этнографы СССР Катэгорыя:Гісторыкі СССР Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага