Уладзімір Васільевіч Анічэ́нка (, Янаўка, Хоцімскі раён, Магілёўская вобласць — ) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1970), прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1976).

Біяграфія Нарадзіўся года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна. Летам 1941 г., напярэдадні вайны, ён закончыў Хоцімскую сярэднюю школу. У пачатку вайны ўдзельнічаў у эвакуацыі калгасных коней на ўсход, у Расію. Калі вярнуўся дамоў, вёску ўжо занялі немцы. Уладзімір быў арыштаваны і адпраўлены ў Магілёўскі канцлагер, адкуль ён уцёк разам з сябрам Міколам. Па дарозе дамоў іх зноў арыштавалі і вывезлі на прымусовыя работы ў судэцкі горад Мост (Чэхія), дзе іх чакала катаржная праца на шахце, падчас якой яго не пакідала думка пра пабег. І Уладзімір з Міколам і чэхам Юрыем, схаваўшыся ў ваганетцы з вуглём, уцяклі з шахты. Пасля доўгага блукання з дапамогай мясцовых жыхароў яны трапілі ў Арліцкія горы, дзе разам з іншымі вязнямі стварылі партызанскі атрад «Эда», у якім і змагаліся з фашыстамі да канца вайны.

Пасля вайны працягваў службу ў Савецкай Арміі, ён працаваў супрацоўнікам дывізійнай газеты «Гвардзеец». Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. па рэкамендацыі Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Лынькова працаваў літаратурным супрацоўнікам у Ваўкавыскай гарадской газеце «Зара».

У 1947 годзе быў залічаны на філалагічны факультэт БДУ. У час вучобы быў выдатнікам, старастам курса і ўзначальваў студэнцкі дыялекталагічны гурток, які пад кіраўніцтвам Марыі Жыдовіч займаўся вывучэннем беларускіх народных гаворак. У 1952 г. з адзнакай закончыў універсітэт і адразу ж паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Навучанне ў аспірантуры завяршылася датэрміновай паспяховай абаронай у 1955 г. кандыдацкай дысертацыі «Дзеяслоўныя формы прошлага часу ў беларускай мове па матэрыялах Літоўскай метрыкі XV—XVI ст.ст.» (навуковы кіраўнік — дацэнт А. Я. Бірыла).

Працаваў навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. У 1970 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі».

З 1970 г. працаваў загадчыкам кафедры спачатку рускай і беларускай моў, а затым — беларускай мовы. З 1991 г. па 2001 г. быў прафесарам кафедры беларускай мовы і загадчыкам лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары Гомельскага ўніверсітэта.

У навуцы Даследаваў гісторыю беларускай мовы. Вывучаў (1960-я гг.) беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі старажытнай пары. Стваральнік гомельскай школы беларусістыкі, ініцыятар вывучэння мовы Усходняга Палесся і стварэння анамастычных слоўнікаў Гомельшчыны. Даследаваў спадчыну Скарыны і Янкі Купалы. Адзін з аўтараў «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970).

У апошнія гады свайго жыцця займаўся падрыхтоўкай да выдання рукапісу «Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка», які, на жаль, не быў апублікаваны.

Выхаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў навук мовазнаўства.

Працы

Асабіста «Лінгвістычная Скарыніяна», цыкл прац. «Слоўнік мовы Скарыны». У 3 т. «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі». — Мн., 1969, доктарская дысертацыя. «Александрыя», выданне рукапісаў твору прыгожага пісьменства 17 ст. «Марфалогія ўсходнеславянскіх моў». — Мн., 1973 «Беларускі казачны эпас». — Мн., 1976 «Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў». — Гомель, 1978

Супольна «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы». У 2 т. (у сааўтарстве). «Слоўнік мовы Янкі Купалы». У 8 т., як кіраўнік калектыву лексіколагаў. Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач (1997, разам з А. А. Станкевіч).

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны II ступені, «Чэхаславацкі партызан» і інш. Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне навукі (за цыкл прац «Лінгвістычная Скарыніяна»), медаль імя Скарыны.

За вялікі ўклад у развіццё Скарыніяны, за падрыхтоўку Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка і ў сувязі з 75-годдзем У. Анічэнка быў удастоены ганаровай царкоўнай узнагароды — «Крыж Сергія Раданежскага».

Літаратура

Спасылкі

Анічэнка Уладзімір Васільевіч (1924)

Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР