Германій () Ge — хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 32, атамная маса 72,59. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў, найбольшая колькасць ​74Ge (36,54 %). У зямной кары 1,5∙10​−4 % па масе. Належыць да рассеяных элементаў. Адкрыты ў 1886 годзе Клеменсам Вінклерам, названы ім у гонар яго радзімы (Германія).

Цвёрдае крохкае рэчыва серабрыстага колеру з металічным бляскам, tпл 938,25 °C, шчыльнасць 5323 кг/м³ (25 °C), шчыльнасць вадкага 5557 кг/м³ (1000 °C). Паўправаднік, шырыня забароненай зоны 0,66 эВ. Пры звычайных умовах устойлівы да ўздзеяння вады, кіслароду, разбаўленых кислот. Узаемадзейнічае з азотнай кіслатой, царскай гарэлкай, растворамі шчолачаў у прысутнасці акісляльніку (утварае солі германаты, пры награванні — з большасцю неметалаў. У паветры пры 700 °C акісляецца да германію дыаксіду. Пры сплаўленні з металамі ўтварае германіды — крохкія цвёрдыя рэчывы з металічным бляскам (напрыклад, германід цырконію Zi5Ge3, tпл 2330 °C). Атрымліваюць з пабочных прадуктаў пры перапрацоўцы руд каляровых металаў, з попелу некаторых відаў вугалю, адходаў коксахімічнай вытворчасці. Выкарыстоўваюць у паўправадніковай тэхніцы для вырабу дыёдаў, транзістараў, тэрма- і фотарэзістараў; як кампанент сплаваў, матэрыял для лінзаў у прыладах інфрачырвонай тэхнікі і дэтэктараў іанізавальнага выпрамянення.

Літаратура

Катэгорыя:Хімічныя элементы Катэгорыя:Паўметалы Катэгорыя:Германій