Глыбо́кае (, ) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Глыбоцкага раёна.

За 140 км на поўнач ад Мінска, 160 км на захад ад Віцебска, 160 км на паўночны ўсход ад Вільні, 300 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі. На скрыжаванні аўтамабільных дарог Бягомль — Браслаў і Полацк — Вільня. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына — Лынтупы.

У межах горада — возера Кагальнае, з якога выцякае рака Бярозаўка, левы прыток Дзісны. Да межаў горада прылягаюць азёры Бяглец, Вялікае, Мушкацкае, Падлужнае.

Гісторыя

Полацкае Княства Тэрыторыя цэнтральнай часткі сучаснага горада Глыбокага (паўночны, паўночна-заходні і заходні берагі возера Кагальнае) была заселеная ў часы Полацкага княства, пра што сведчаць знаходкі керамікі XI—XIII стагоддзяў. Пазней паселішча перапыніла сваё існаванне — кераміка XIV—XV стагоддзяў на тэрыторыі горада адсутнічаеКлімаў Марат. Археалагічныя назіранні ў г. Глыбокаe//Westki.info , старонка захавана 04.01.2008..

Вялікае Княства Літоўскае Упершыню ўзгадваецца ў Метрыцы ВКЛ у 1514 г. як двор, цэнтр маёнтка Юрыя Іванавіча Зяновіча. Паводле афіцыйнай версіі, першая згадка пра Глыбокае — 1414 год, аднак гэтая дата трапіла ў гістарычныя працы ў выніку памылкі польскага даследчыка Ежы Ахманьскага, якую ён дапусціў пры напісанні анатацыі да аднаго з прывілеяў Вітаўта.

Двор Зяновічаў знаходзіўся на паўночным беразе возера Глыбокае (цяпер — Кагальнае), на тэрыторыі Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, побач з мяжой Полацкай зямлі. Мяжа праходзіла па рацэ Бярэзвіцы (Бярозаўцы), што выцякае з возера Кагальнае.

Назва возера (Глыбокае) дала назву населенаму пунктуHedemann Otton. Głębokie. Szkic dziejów. Wilno, 1935. S. 9.

У 1514 годзе згадваецца «торг» пры двары Юрыя Іванавіча Зяновіча ў Глыбокім, што сведчыць пра тое, што населены пункт быў асяродкам гандлю«Росийская Историческая Библиотека». Т. ХХ, с. 190.. У 1548 годзе Глыбокае ўпершыню згадваецца як мястэчка.

У сярэдзіне XVI стагоддзя Зяновічы перайшлі ў кальвінізм. У 1582 г. Юрый Мікалаевіч Зяновіч валодаў заходняй часткай Глыбокага і завяшчаў яе сваім нашчадкам. У тэстамэнце Кшыштафа Зяновіча ў 1611 годзе згадваюцца кальвінскі збор і школа.

Сын Кшыштафа, Мікалай Багуслаў Зяновіч у 1613 годзе перайшоў у каталіцтва і заснаваў у мястэчку касцёл святога Міхала. У 1622 годзе ў маёнтку Зяновічаў згадваецца «бібліятэка кніг каля трохсот экзэмпляраў». Касцёл святога Міхала быў знішчаны падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў.

У 1628 годзе Ганна Зоф’я Зяновіч выйшла замуж за Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла, у выніку чаго Глыбокае перайшло да Радзівілаў. Уладанні на правым (усходнім) беразе Бярэзвіцы ў канцы XIV ст. полацкі князь Андрэй Альгердавіч надаў роду Корсакаў. Не пазней за 1582 год Корсакі заклалі мястэчка на сваіх землях на правым беразе Бярэзвіцы, насупраць мястэчка Зяновічаў. Мястэчка Корсакаў таксама называлася Глыбокае, але ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У 1639 годзе Іосіф Корсак піша тэстамэнт, у якім распараджаецца перадаць мястэчка Глыбокае і маёнткі Ластавічы, Свіла, Перадолы, Вольберавічы, Гняздзілава рыма-каталіцкаму ордэну кармелітаў босыхWanat J. Zakon karmelitów bosych w Polsce. Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych 1605—1975. ss. 458—459.. Пры жыцці Іосіф Корсак пабудаваў драўляны касцёл.

У 1642 годзе Іосіф Корсак фундаваў у сваёй частцы мястэчка парафіяльны касцёл Святой Тройцы.

16 красавіка 1643 года Корсак памёр. У тым жа годзе ў Глыбокае прыбылі кармеліты босыя. 13 верасня 1644 годзе настаяцель кляштара а. Язафат Тышкевіч прамовіў у глыбоцкім касцёле казанне на пахаванне полацкага земскага суддзі Аляксандра Тышкевіча, якое ў 1645 годзе было выдадзенае ў Вільні кнігай — гэта была першая кніга, напісаная ў Глыбокім.

У 1652 годзе ў кармеліцкай частцы Глыбокага быў збудаваны драўляны парафіяльны касцёл.

У ходзе вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў атрад маскоўскага войска пад кіраўніцтвам двараніна Ждана Кондырава 30 ліпеня 1654 года пад Глыбокім «литовских людзей побил и и знамены и мушкеты поимал». Глыбокае было акупавана маскоўскім войскам. У верасні 1655 годзе ваявода Багдан Бешанцоў з 50 драгунамі прыбыў у Глыбокае і збудаваў ва ўсходняй частцы паселішча замак. У студзені 1659 года атрад ваяводы віцебскага Уладзіслава Валовіча «сжёг острожек в Глубоком», а гарматы, якія там былі, вывез у Даўгінава.

У выніку вайны былі спаленыя мястэчка і двор у радзівілаўскай частцы Глыбокага, касцёлы святога Міхала, Святой Тройцы, кармелітаў босых.

Пасля вайны новы двор Радзівілаў быў заснаваны на пагорку на поўдзень ад возера Кагальнае. Паводле інвентара 1702 г. двор уключаў накрыты драніцай галоўны аднапавярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, свірны, двухпавярховую гаспадарчую пабудову з галерэямі, хлявы, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам і інш.

Да 1694 года адносіцца першая пацверджаная згадка пра грэка-каталіцкую царкву Святой Тройцы ў радзівілаўскай частцы ГлыбокагаArchiwum Główne Akt Dawnych, sygn. 1/354/0/23/t.170 p. 10 — s. 294.

Першыя згадкі пра яўрэяў сустракаюцца ў інвентары радзівілаўскай часткі Глыбокага ў 1694 годзе. Іх колькасць хутка ўзрастала на працягу XVIII стагоддзя. Найстарэйшая вядомая мацэва на могілках датаваная 1708 годам. У 1742 годзе глыбоцкія яўрэі атрымалі ад віленскага біскупа Міхала Зянковіча дазвол на пабудову сінагогі на месцы, дзе была ранейшая.

Паводле інвентароў, у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў былі скамарохі і мядзведнікі (каля дзесяці чалавек). Брацтва св. Тройцы, якое аб’ядноўвала мядзведнікаў, мела свой алтар у царкве ў царкве св. Тройцы. Можна меркаваць, што Глыбокае мела сваю «Мядзведжую акадэмію» або што існавала сувязь з «акадэміяй» у Смаргоні — абодва мястэчкі з канца XV да пачатку ХІХ ст. належалі адным і тым жа ўласнікам.http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki/289-glybotskiya-dudary-myadzvedniki 16 ліпеня 1735 года віленскі суфраган Ежы Анцута асвяціў барочны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кляштара кармелітаў босых. Паводле меркавання польскага даследчыка Войцеха Бабэрскага, касцёл быў зноў перабудаваны каля 1755 года. Аўтарам перабудовы быў віленскі архітэктар Абрагам Вюрцнэр, пад яго кіраўніцтвам былі ўзнесеныя дзве вежы і шчыт галоўнага фасада ў стылі віленскага барока.

11 ліпеня 1783 года віленскі суфраган Пётр Тачыдлоўскі асвяціў мураваны парафіяльны касцёл Святой Тройцы, збудаваны ў 1764—1782 гадах.

У канцы XVIII стагоддзя на могілках Копцеўка была збудаваная мураваная калона, якую, без пацверджання гістарычнымі крыніцамі называюць «Калонай Канстытуцыі 3 Мая».

Глыбокае ў складзе Расійскай імперыі З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка Дзісенскага павета.

Кармеліты пабудавалі ў 1804 годзе капліцу святога Іллі ў стылі класіцызму на могілках «Копцеўка», яе асвяціў 11 мая 1805 года біскуп мінскі Якуб Дадэрка.

Напалеон у Глыбокім

У 1812 годзе шлях імператара Францыі Напалеона Банапарта з Вільні на Маскву праходзіў цераз Глыбокае. Паводле гісторыка Отана Гедэмана, Напалеон прыбыў ў Глыбокае раніцай 18 ліпеня і затрымаўся ў кляштары кармелітаў босых на некалькі дзён. Паводле меркаванняў іншых гісторыкаў Напалеон Банапарт прабыў у Глыбокім ад трох да дзесяці дзён.

У Глыбокім 18 ліпеня Напалеон выдаў загад «Адозвы генеральнай канфедэрацыі да палякаў», прызначаны для палякаў, якія знаходзяцца на расійскай дзяржаўнай службе, а 20 ліпеня — загад супраць марадзёраў і рабаўніцтва. Згодна з распараджэннем Напалеона, у Глыбокім з’явіўся харчовы склад, загад пра гэта быў падпісаны павятовым маршалкам шляхты Алоізам Буйніцкім.

Парафіяльны касцёл быў пашкоджаны, бо быў ператвораны на склад правіянту, салдаты забралі касцельныя рэчы.

Паводле інтэрпрэтацый, якія існавалі ў першай палове ХХ ст., Напалеон займаў пакоі на другім паверсе захаванага крыла кляштара. Прыхільнікі такога меркавання абапіраліся на тэкст Філіпа Поля дэ Сегура: «la Courlande nurria Macdonald, la Samogitie Oudinot; les plaines fertiles de Klubakoje (то бок — Глыбокае) — l‘Impereur». Гэтая версія тлумачыць, што «les plaines fertiles de Klubakoje», то бок урадлівыя раўніны Глыбокага, імператар мог бачыць толькі з акон на другім паверсе існуючага крыла (разбураныя два крылы былі павернутыя ў бок горада) — значыць, ён там жыў. Аднак, як пісаў Отан Гедэман, гэта не вынікае гэта наўпрост з тэксту Сегура, які меў на думцы толькі магчымасці забеспячэння арміі харчамі з урадлівых раўнін Курляндыі, Жамойці і Глыбокага, г. зн. Белай Русі.

Паводле іншай легенды, паміж імператарам і прыёрам кармелітаў босых завязаўся наступны дыялог. Напалеон: «Якой велічыні кляштарная ўласнасць?» Прыёр: «1000 дамоў». Напалеон: «Гэтага замнога! А чым займаецеся?» Прыёр: «Молімся». Напалеон: «Гэтага замала!» Аднак, удзячны за гасціннасць, злажыў прыёру на ад’езд «поўную талерку» напалеондораў. Імператар быццам бы нават выказаў шкадаванне, што не можа забраць у Парыж касцёл кармелітаў, каб яго там паставіць побач з саборам Нотр Дам.

Пасля гібелі ў 1813 годзе Дамініка Гераніма Радзівіла заходняя частка Глыбокага перайшла ва ўласнасць яго дачкі Стэфаніі, якая ў 1828 годзе выйшла замуж за Льва Вітгенштэйна. Наступнай уласніцай маёнтка стала іх дачка Марыя, пазней жонка нямецкага палітыка Хлодвіга Гогенлоэ-Шылінгсфюрста. У канцы ХІХ стагоддзя маёнтак быў прададзены Восіпу Путырскаму.

Кармеліты падтрымалі паўстанцаў у 1830-31 гадах. Для следства супраць паўстанцаў у Глыбокае прыязджаў Міхал Мураўёў і стварыў камісію вайсковага суда. У 1842 годзе ўлады канфіскавалі большасць зямельных уладанняў кляштара. У 1862 годзе кляштар быў скасаваны, а касцёл кармелітаў стаў філіяй парафіяльнага.

У 1864 годзе, у рамках рэпрэсій пасля студзеньскага паўстання, улады адабралі ў каталікоў і перадалі праваслаўным былы кармеліцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і капліцу святога Іллі.

У 1848—1856 гадах рабінам у Глыбокім быў Шмуэль Магілевер, адзін з піянераў рэлігійнага сіянізму. У 50-я — 60-я гады ХІХ ст. на месцы папярэдняй была збудаваная драўляная Вялікая сінагога. У 1870-х гадах у Глыбокім вучыўся Эліэзэр Бен-Егуда, пазнейшы габрэйскі мовазнаўца, адзін з адраджальнікаў іўрыту.

У 1870-я гады ў Глыбокім былі паштовая станцыя, паліцэйская канцылярыя, валасная ўправа, народнае вучылішча, некалькі млыноў, вінакурня, некалькі бровараў і фабрык пітнога мёду, некалькі сінагог, дзве праваслаўныя царквы, касцёл. Насельніцтва па стане на 1879 год — 4084 чалавекі.

Кожны тыдзень праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі прадуктамі харчавання, мануфактурнымі вырабамі, а таксама смалой, дзёгцем, паташом, што прыходзілі з памешчыцкіх маёнткаў. Сяляне гандлявалі прадуктамі харчавання, набывалі соль, крупы, гарбату, цукар, гарэлку.

26 верасня (8 кастрычніка н. ст.) 1880 згарэла драўляная царква Святой Тройцы (не была адбудаваная).

У 1895 годзе ў прыёмным пакоі працаваў фельчар, дзейнічалі вольнапрактыкуючыя ўрачы, існавалі 4 аптэкарскія крамы.

Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку 5654 жыхары. Меліся народнае і яўрэйскае прыватнае вучылішчы.

У 1897 годзе пачаўся рух цягнікоў па вузкакалейнай чыгунцы да Новых Свянцянаў. У 1916 годзе чыгунка была падоўжана да станцыі Сеславіна (Крулеўшчына).

У 1904 годзе заснаваны Глыбоцкі аддзел Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, у 1906 — Глыбоцкае дабрачыннае таварыства, у 1907 — таварыства «Oświata», якое адчыніла ў Глыбокім польскую школу, зачыненую ўладамі праз чатыры месяцы. Актыўнай дзяячкай Дабрачыннага таварыства і «Oświaty» была Станіслава Мастовіч, маці польскага пісьменніка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча.

Падчас рэвалюцыі ў Расійскай імперыі, у лістападзе 1905 года адбылася забастоўка паштовых служачых і палітычныя дэманстрацыі, удзел у якіх прынялі некалькі соцень чалавек.

11 жніўня 1913 года адбылася першая беларуская вечарынка — акторы-аматары адыгралі п’есы «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага і «Міхалка» М. Дальнага.