Калі́нкавічы () — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Калінкавіцкага раёна. Размешчаны за 122 км ад Гомеля, за 275 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч (Украіна) і аўтамабільных дарог на Гомель, Парычы, Жыткавічы, Оўруч.
Гісторыя
Старажытнасць Выяўленыя археолагамі гарадзішчы бронзавага і ранняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра засяленне мясцовасці ў далёкай старажытнасці.
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісанні Мазырскага замка 1552 года. Прычым Каленікавічы ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з-за малалюднасці, названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі Мазырскай воласціАрхив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 635—636. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і КаленкавічыАрхив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 477, 481—482. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Каленкавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 30 чэрвеня і 22 жніўня 1582 года вёска згаданая ў справе размежавання ўгоддзяў Мазырскага староства і добраў Гарбавічы, падараваных на вечнасць каралём Стэфанам Баторыем пану Стэфану Лавейку, суддзі земскаму мазырскамуПамяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 53. 18 мая 1657 года кароль Ян Казімір, па смерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладзіслаў ШмелінгMetryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 102.
На карце XVIII ст. (ПГМ) мястэчка Каленкавічы пазначанае знаходзячыся на рэчцы Коўна («Ковна», цяпер Няцеч, цячэ ў Ненач).
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае староства, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае старостваНасевіч, Вячаслаў. Мазырскае стараства. // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: К — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. С. 259—260. У 1789 годзе ў складзе яго, прыналежнага панам Аскеркам, названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і БабровічыСьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789. 16 мая 1774 г. складзены акт размежавання вёсак Гулевічы і Каленкавічы. У 1778 г. цэнтр Каленкавіцкага прыхода; у сяле 25 хат.
У складзе Расійскай імперыі З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі, мястэчка Рэчыцкага павета, да 1805 года належала князю Шахоўскаму. У 1795 годзе мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і вёска Новыя Каленкавічы, на паштовым тракце Бабруйск — Мазыр. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 яўрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания»Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. — С. 5, 6.. У 1856 годзе ўзведзены будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1827 года). У 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1866 годзе налічвалася 100 двароў. Памешчык Галалобаў у 1876 годзе меў у наваколлях 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. Са здачай у эксплуатацыю ў 1886 годзе чыгункі Лунінец — Гомель пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Паводле перапісу 1897 года мястэчка ў Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Былі 2 майстэрні па апрацоўцы скураў, завод колавай мазі, 27 лавак, 3 карчмы, 3 пастаялыя двары. У сяле Каленкавічы ў гэты час былі царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1916 годзе, калі закончылася будаўніцтва чыгункі Жлобін — Оўруч, Каленкавічы сталі важным транспартным вузлом.
Найноўшая гісторыя У красавіку 1917 года створаны валасны Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У пачатку 1918 года Калінкавічы заняты польскім корпусам Ю. Доўбар-Мусніцкага. 24 лютага 1918 года ў Калінкавічы ўступілі германскія войскі, яны адышлі ў снежні 1918 года. 1 студзеня 1919 года Калінкавічы ўвайшлі ў склад абвешчанай ССРБ. З красавіка 1919 года ў Рэчыцкім павеце Гомельскай губерні РСФСР. З сакавіка да пачатку ліпеня 1920 года заняты польскімі войскамі, у лістападзе — атрадамі С. Булак-Балаховіча. З мая 1923 года да красавіка 1924 года цэнтр воласці, у склад якой увайшлі тэрыторыі скасаваных Аўцюцевіцкай і Дудзіцкай валасцей.
З ліпеня 1924 года Калінкавічы ў складзе БССР. З 1925 года горад. У 1924—1930 гадах цэнтр раёна. У 1920—1930 гадах дзейнічала рамеснае таварыства, працавалі паравы млын з лесапільняй, бачарня, кузня, электрастанцыя, цагельня, ткацкая, шавецкая, кравецкая майстэрні, тэлефонная станцыя. З лютага 1938 года ў Палескай вобласці. З 1939 года — цэнтр раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад акупаваны нямецка-фашысцкімі войскамі. Найменне «Калінкавіцкіх» прысвоена 21-й часці і злучэнню. Адна з вуліц горада носіць імя генерала-палкоўніка П. А. Бялова, кавалерыйскі корпус якога ўдзельнічаў у вызваленні Калінкавічаў. Усталяваныя помнікі на брацкіх магілах, помнік-танк у гонар вызвалення горада, мемарыяльны знак на могілках ахвяр фашызму. З студзеня 1954 года ў Гомельскай вобласці. У 1961 годзе на тэрыторыі знойдзены Калінкавіцкі скарб. З сакавіка 1963 года горад абласнога падпарадкавання. Працуюць мясакамбінат, хлебазавод, фабрыкі мэблевая і побытавай хіміі, Палескі хімлясгас, камбінат хлебапрадуктаў, іншыя прадпрыемствы і ўстановы. У канцы 1993 года ў горадзе адкрытая царква ў імя Казанскай Багародзіцы. З 1994 года працуе Калінкавіцкі краязнаўчы музей.
1 снежня 1998 года Калінкавіцкі раён і горад Калінкавічы аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Калінкавіцкі раён з адміністрацыйным цэнтрам горад Калінкавічы.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1897 год — 1,3 тыс. чал. XX стагоддзе: 1939 год — 9,8 тыс. чал.; 1959 год — 14,9 тыс. чал.; 1970 год — 23,9 тыс. чал.; 1995 год — 42,2 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2004 год — 37,9 тыс. чал.; 2006 год — 37,7 тыс. чал.; 2008 год — 38,1 тыс. чал.; 2016 год — 39 890 чал.; 2017 год — 40 315 чал.; 2023 год — 37 050 чал.
Рэлігія
Троіцкі касцёл (1997—2001) Сабор у гонар Казанскага абраза Маці Божай (1993) Свята-Успенская царква (1964)
Эканоміка Прадпрыемствы хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Дружба».
Транспарт Адзіны грамадскі транспарт Калінкавіч — калінкавіцкі аўтобус.
Адукацыя і культура
Палескі дзяржаўны аграрны каледж імя У. Ф. Міцкевіча Калінкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музей
Спорт ФК Вертыкаль Калінкавічы
Вядомыя асобы Марыя Софія Ануфровіч-Плоская (1862—1922) — польская рэвалюцыянерка. Віталь Міхайлавіч Воўк — беларускі дзяржаўны дзеяч, міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь у 2014—2018 гг. Андрэй Іванавіч Горват (нар. 1983), беларускі пісьменнік, журналіст, прадпрымальнік у сферы турызму
Леанід Давыдавіч Камінскі (нар. 1931) — савецкі графік. Пётр Альбінавіч Красачка (нар. у 1958) — вучоны ў галіне ветэрынарыі і жывёлагадоўлі.
. Сямён Абрамавіч Ляльчук (1918—1941) — яўрэйскі паэт. Раман Іванавіч Петрушэнка — беларускі спартсмен. Барыс Ісаевіч Пурыс (нар. 1937) — вучоны ў галіне гідрадынамікі. Аркадзь Ліцмінавіч Пярцоўскі — беларускі хімік-аналітык. Вячаслаў Аляксеевіч Савянкоў (нар. 1955) — беларускі архітэктар. Дзмітрый Іванавіч Сергіевіч — беларускі пісьменнік. Уладзімір Ільіч Сямашка — беларускі дзяржаўны дзеяч. Ігар Паўлавіч Таўтын (нар. 1971) — беларускі палітык. Зяма Целесін (1907—1966) — яўрэйскі паэтhttp://vcisch1.narod.ru/TELESIN/Telesin.htm.
Каментарыі
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства